Бежанцы ад вайны

Ратуючыся ад вайны, украінцы едуць да нас у пошуках мірнага жыцця.
У іх ліку – сям’я Вольгі і Віталія Зеленюкоў.

— Мы жылі ў гарадскім пасёлку Давыдоўка, які знаходзіцца за 4 кіламетры ад Шахцёрска, — кажа Віталь Генадзьевіч. — Не ад’язджалі да апошняга. Усё чакалі, спадзяваліся, думалі і верылі, што вайна абыдзе бокам. А потым, калі снарады сталі разрывацца побач, сабралі самае неабходнае, пакінулі ўсё нажытае (чатырохпакаёвы дом, аўтамабіль, скутар… ) і паехалі. Цяжка было на душы, сумна, невыносна горка. Аднак іншага выйсця, напэўна, не было. Вось так і сталі вымушанымі бежанцамі. Бежанцамі ад вайны.
— У першую чаргу мы думалі пра дзяцей, — гаворыць Вольга Ігараўна. — Пра Юлю, якая закончыла 6 класаў, пра Данілку, якому толькі 1 год і 2 месяцы. Не ведаю, як склаўся б лёс кожнага з нас, калі б мы засталіся ў Данецкай вобласці. Цяжка было прыняць рашэнне пакінуць родны край, дзе я нарадзілася, вырасла і пражыла 34 гады… Яно давалася пакутліва і нялёгка. Перажыць назойлівую думку ад усведамлення, што нечакана страціў усё, – неймаверна жахліва, псіхалагічна цяжка.
Віталь і Вольга разам з дзецьмі вырашылі ехаць на Маларытчыну – на радзіму Марыі Церашчук, роднай маці Вольгі. Тут пражываюць родзічы. Марыя Аляк­сандраўна сама была родам з в. Хаціслаў. Разам з дзвюма сёстрамі пасля заканчэння вайны яна выхоўвалася ў Маларыцкім дзіцячым доме. Калі ёй споўнілася 14 гадоў, па­ехала ў заробкі ў г. Шахцёрск, уладкавалася на швейную фабрыку швачкай. Выйшла замуж ды так і засталася там жыць.
* * *
У бежанцы сям’я Зеленюкоў «пайшла» 1 жніўня. З Давыдоўкі на машыне вывез бацька Вольгі. Ваколіцамі ўдала аб’ехалі ўсе блок-пасты. Затым да чыгуначнага вакзала г. Данецка дабіраліся на таксі.
— Без перашкод узялі білеты да Кіева, — расказвае Вольга Ігараўна. — Перажывалі, каб не высадзілі з цягніка мужа. Затым пераселі на цягнік «Кіеў-Гомель». Аднак да месца прызначэння не даехалі. У Чарнігаве ўсю нашу сям’ю па пэўнай прычыне высадзілі. На таксі вакольнымі шляхамі ўсё ж такі змаглі дабрацца да Гомеля. Толькі тут з палёгкаю ўздыхнулі. Хоць усю ноч і прасядзелі на вакзале, чакаючы «свайго» цягніка, але былі рады, што здолелі вырвацца з пекла вайны.
— Мы не бандыты, не тэрарысты, не сепаратысты, — кажа Віталій Зелянюк. — Мы – самыя звычайныя, простыя мірныя людзі. Мы хочам працаваць, гадаваць дзяцей, радавацца кожнаму імгненню жыцця і быць упэўненымі ў сваім будучым. На вялікі жаль, усяго гэтага на сваёй Радзіме мы за некалькі месяцаў былі пазбаўлены.
Вольга Зелянюк да выхаду ў водпуск па догляду за дзіцяці працавала прадаўцом у індывідуаль­нага прадпры­мальніка. Віталь Генадзьевіч 15 гадоў быў інспектарам нагляду і бяспекі ў калоніі строгага рэжыму ў Шахцёрску. Апошнія 4 гады ён працаваў шахцёрам.
— Мы ўжо звярнуліся ў аддзяленне па грамадзянству і міграцыі Маларыцкага РАУС, каб атрымаць дазвол на часовае пражыванне, — гаворыць Вольга Зелянюк. — Назад, на Украіну, для нас, напэўна, шляху ўжо няма. Мы прынялі рашэнне, што пастаянна пражываць і працаваць будзем у Беларусі, каб атрымаць грамадзянства. У Данецкай вобласці, на жаль, засталіся нашы бацькі. Мы хвалюемся, перажываем, бо не заўсёды аператыўна атрымліваем ад іх навіны. Пра тое, што адбываецца ў Шахцёрску, даведваемся са СМІ.
— Цяпер я шукаю работу, — кажа Віталь Зелянюк. — Мне трэба ўтрымліваць сям’ю. Спадзяюся, што хутка атрымаю сваю першую зарплату ў беларускіх рублях.

* * *
— Юля, твае першыя ўражанні ад Маларыты? — цікаўлюся.
— Мне тут падабаецца. Праўда, за некалькі дзён яшчэ не паспела пазнаёміцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, сваімі адна­годкамі. Пакуль канікулы, і я вывучаю Маларыту.
Юля Зелянюк, як і яе бацькі, трошкі перажывае за тое, у якім класе будзе вучыцца з 1 верасня. Ва ўкраінскай 11-гадовай школе, у якой існуе 12-бальная сістэма адзнак, дзяўчынка закончыла 6 класаў. За свае веды атрымлівала ў асноўным 8, 9 і 10. Аднак розніца ў тым, што ў нашых школах фізіка і біялогія, як асобныя прадметы, пачынаюць вывучацца па праграме з 6 класа, а ва Украіне – толькі з 7 класа. Неабходна да пачатку новага навучальнага года таксама высветліць супадзенне-несупадзенне праграм і па іншых школьных прадметах. А вось беларускую мову і літаратуру, гісторыю Беларусі давядзецца засвойваць з нуля. Ды і замежная мова будзе вывучацца на рускай мове. Але дзяўчынку гэта не пужае.
— Самае галоўнае, што цяпер мы з сям’ёй жывем там, дзе не свісцяць кулі, не разрываюцца снарады, не чуваць іх выбухаў, не пралятаюць над галавою самалёты. Якое гэта шчасце, калі вакол цябе мір!
— Сапраўды, — гаворыць Вольга Ігараўна, — вайна — гэта антычалавечна і антыгуманна. Жудасна ўспамінаць, што дзякаваў Богу за кожны пражыты дзень, які для кожнага з нас мог стаць апошнім на гэтым свеце… Між іншым, мы на свае вочы бачылі, як падаў збіты 17 ліпеня «Боінг-777» Малазійскіх авіяліній. Мы падумалі, што ляціць нейкая бомба ці ракета, і вельмі спалохаліся. Але пазней са сродкаў масавай інфармацыі даведаліся пра збіты самалёт.

* * *
Сям’я Вольгі і Віталія Зеленюкоў выказвае шчырую падзяку ўсім, хто ім ужо аказаў магчымую дапамогу: грашыма, прадуктамі харчавання, адзеннем, абуткам…
Аднак у нашай дапамозе маюць патрэбу і іншыя бежанцы з паўднёвага ўсходу Украіны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: сям’я Вольгі і Віталія Зеленюкоў з украінскага г.Шахцёрск знайшла прытулак у Маларыце.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 20.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!