Лічбы, якія радуюць

У мінулы чацвер у рэспубліцы, у тым ліку і ў нашым раёне, прайшоў чарговы адзіны Дзень інфармавання. Інфармацыйная група на чале са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам сустрэлася з калектывам аддзела пагранічнай службы “Маларыта”.
Размова ў час сустрэчы ішла аб эканамічным развіцці краіны і нашага Маларыцкага рэгіёна. Выступаючы перад пагранічнікамі, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч падрабязна прааналізаваў вынікі выканання раёнам асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.
Ва ўмацаванні эканомікі, падкрэсліў, пачынаючы размову, Казімір Віктаравіч, зацікаўлены ўсе, бо ў канчатковым выніку яе развіццё адбіваецца на даходах людзей, а па ўзроўню сваёй заработнай платы чалавек дае ацэнку дзяржаве. Таму эканоміка павінна працаваць на павышэнне ўзроўню жыцця людзей. Аб тым, як яна працуе ў тым ці іншым рэгіёне, сведчаць асноўныя паказчыкі эканамічнага развіцця. У нашым раёне ў першым паўгоддзі 12 з 16 паказчыкаў выкананы. На тым, чаго ўдалося дасягнуць, кіраўнік раёна засяродзіў увагу ў сваім выступленні.
У першую чаргу Казімір Віктаравіч адзначыў такі паказчык, як аб’ём вытворчасці прадукцыі. Замест даведзеных 105 працэнтаў ён склаў 138,9 %. Высокія тэмпы нарошчвання аб’ёмаў прамысловай прадукцыі, як адзначалася ў выступленні, забяспечваюцца дзякуючы своечасова праведзенай мадэрнізацыі асноўных прамысловых прадпрыемстваў. У свой час была праведзена замена ўсіх ліній на маларыцкім кансервавагароднінасушыльным камбінаце, што дало магчымасць прадпрыемству штогод прыбаўляць у аб’ёмах вытворчасці. Цяпер магутнасці камбіната задзейнічаны на сто працэнтаў, а таму неабходна зноў пашыраць тэхнічныя магчымасці. Разлічвае раён і на перспектыўнае прадпрыемства “КварцМелПрам”, дзе ідуць работы па будаўніцтву асноўнага завода па вырабу вапны з лініяй па вытворчасці дробнадысперснага мелу. Да 2016 года, як мяркуецца, прадпрыемства выйдзе на рэнтабельную вытворчасць. Развіваецца ў раёне і сярэдні бізнес. За паўгоддзе з запланаваных 8 малых прадпрыемстваў былі адкрыты 4.
Выкананы ў раёне і паказчык тэмпу росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ён склаў 103,7%. Важны ён, як адзначалася ў выступленні, бо сельская гаспадарка – вядучая галіна. І ад развіцця вёскі, умелага гаспадарання на зямлі залежыць аўтарытэт раёна. А вось мадэрнізацыя прадпрыемстваў, набыццё новага сучаснага абсталявання, а значыць і выраб якаснай, запатрабаванай на рынку прадукцыі, напрамую залежыць ад тэмпаў росту экспарту. Гэты паказчык выкананы ў раёне на 171,3%.
Забяспечыў раён станоўчае сальда знешняга гандлю, выкананы паказчыкі па энергазберажэнні, уводу жылля. Ніжэйшымі за даведзеныя засталіся паказчыкі па тэмпу росту падрадных работ, павелічэнню прамых замежных інвестыцый, рознічнаму тавараабароту.
У час сустрэчы з інфармацыйнай групай пагранічнікі не толькі атрымалі з першых вуснаў інфармацыю аб тым, што ўяўляе эканоміка раёна, але і мелі магчымасць задаць яго кіраўніку набалелыя пытанні. Датычыліся апошнія добраўпарадкавання дарог, жыллёвага будаўніцтва, атрымання крэдытаў на індывідуальную забудову.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час Дня інфармаван­ня.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 27.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий