Рабочыя з-за мяжы

У апошні час у нашу краіну прыязджае ўсё больш іншаземцаў. Для беларускіх наймальнікаў прыём іх на працу бывае выгадным, а то і неабходным: існуе дэфіцыт рабочых спецыяльнасцей. Па гэтай прычыне прадпрыемствы і арганізацыі прымаюць на работу грамадзян з іншых краін. Аднак трэба памятаць, што працэдура найму замежных работнікаў мае сваю спецыфіку. 
– У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб знешняй працоўнай міграцыі» і іншымі актамі заканадаўства, замежныя работнікі дапускаюцца да ажыццяўлення працоўнай дзейнасці ў нашай краіне, – гаворыць Таццяна Хатынюк, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама. – Для працаўладкавання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не маюць пастаяннага дазволу на пражыванне ў колькасці, якая перавышае 10 чалавек, наймальнік абавязаны атрымаць дазвол на прыцягненне замежнай працоўнай сілы, а таксама – спецыяльны дазвол на кожнага іншаземца.
– Таццяна Васільеўна, іншаземца на працу можна ўзяць заўсёды і ў любы момант?
– Згодна з артыкулам 23 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб знешняй працоўнай міграцыі» ажыццяўленне мігрантамі працоўнай дзей­насці дазваляецца, калі вольныя рабочыя месцы (вакансіі) не могуць быць забяспечаны грамадзянамі і іншаземцамі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны.
– А якая сітуацыя на Маларытчыне з працоўнымі мігрантамі?
– Пачынаючы з 2013 г., у нас назіраецца іх паве­лічэнне. У мінулым го­дзе ўпраўленнем па грамадзянству і міграцыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама па ўзгадненні з камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама для 14 наймальнікаў Маларытчыны выдадзена 111 заключэнняў аб мэтазгоднасці прыцягнення замежных работнікаў, а менавіта – грамадзян з Украіны.
Характар выдадзеных заключэнняў (станоўчых ці адмоўных) залежыць ад сітуацыі на рынку працы, прапановы і попыту на работнікаў канкрэтных прафесій і спецыяльнасцей, а таксама мер, якія пры­маюцца наймальнікам і ўпраўленнем па працы па падборы кадраў, якія неабходны.
У 2014 г. таксама актыўна праца­ўлад­коўваліся грамадзяне Украіны на вольныя месцы, якія ёсць на прадпрыемствах і ў гаспадарках раёна.
– Таццяна Васільеўна, калі ласка, канкрэтызуйце сказанае.
– На цяперашні момант праца іншаземцаў запатрабавана ў сельскай гаспадарцы, дзе неабходны паляводы, жывёлаводы, трактарысты-машыністы, аператары машыннага даення. Напрыклад, толькі СУП «Савушкіна» выдадзена 48 дазволаў замежным грамадзянам на права займацца працоўнай дзейнасцю, а СЗАТ «КварцМелПрам» – 100. Прадпрыемства ўзя­ло замежных грамадзян на працу слесарамі-рамонт­нікамі, прасоўшчыкамі вы­рабаў, стропальшчыкамі, арматуршчыкамі.
У сувязі з апошнімі падзеямі на паўднёвым усходзе Украіны ў Мала­рыц­кі раён пераехала 7 сямей (27 чалавек, з іх 11 – непаўналетнія дзеці) з Луганскай, Данецкай і Кіраваградскай абласцей.
– Таццяна Васільеў­на, якую працу вы пра­паноўваеце іншаземцам?
– З мэтай аказання са­дзейнічання ў працаўлад­каванні і прадастаўленні жылля сфарміраваны звесткі аб гатоўнасці прад­прыемстваў прыняць на працу грамадзян Украіны. Пра гэта паведаміла 9 прад­прыемстваў і аргані­зацый Маларытчыны. Та­кія звесткі знаходзяцца ў адкрытым доступе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама размешчаны на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (адрас у Інтэрнэце: www // mintrud.gov.by) у рубрыцы «Работа для замежных грамадзян». Па стане на 13.08.2014г. працу іншаземцам прапаноўваюць СВК «Ланская», «Арэхава», «Рыта», «Чарняны», ДзП «Ра­дзежскае», СУП «Савуш­кіна»… Сельгаспрадпрыемствам на працу патрабуецца ў агульнай колькасці 25 чалавек. Ва ўсіх выпадках прадастаўляецца жыллё.
Аднак замежныя грамадзяне ў Беларусі не могуць быць прынятыя на дзяржаўную службу ў дзяржаўныя органы, у органы ўнутраных спраў, органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях, органы фінансавых расследаванняў, не могуць таксама быць работнікамі ваенізаванай аховы.
Усю неабходную інфар­мацыю, якая заціка­віла, можна атрымаць, патэлефана­ваўшы на нумар: 2-30-42.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Таццяна Хатынюк, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 27.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий