На вяку, як на доўгай ніве

І сапраўды, на вяку, як на доўгай ніве: усякае бывае і ўсякага набачышся. Шмат чаго перажыў і Фёдар Дзянісавіч Кіцель. Яму было 3 месяцы, калі не стала бацькі. Апошні прастудзіўся, цяжка захварэў і памёр.
— Маці выйшла замуж другі раз, — расказваў Фёдар Дзянісавіч, — але айчым – то не бацька. Ён не рады быў нам,  а нас у маці засталося чацвёра, — для яго мы былі чужыя, маці ж  супраць яго слова баялася сказаць. Таму мы адчувалі сябе сіротамі.
Зведаў Фёдар Дзянісавіч і жыццё пры панскай Польшчы, і вайну, і пасляваенную разруху, і голад, і холад. Пра тыя гады ён расказваў хоць скупа, але памятае многае. Памятае, як ствараліся ў тутэйшых мясцінах калгасы, якія ў іх тады былі ўмовы для працы, колькі зараблялі. А працаваць даводзілася і конюхам, і пастухом. Зарплата была хоць і малая, але, як гаварыў сам Фёдар Дзянісавіч, працаваў ён з поўнай аддачай, як і жонка яго – яна была даяркай.
— Атрымлівалі мізер, але мы тады ніколі не адлыньвалі ад работы. Пра калгаснае турбаваліся так, як пра сваё.
Між іншым, з калгасам звязалі свае лёсы і дзеці Фёдара Дзянісавіча. Дачка Вольга замяніла на ферме маці, сыны, Васіль і Іван, таксама выбралі сабе вясковыя прафесіі. Праўда, Івана ўжо няма. Ён загінуў у Афганістане.
Фёдар Дзянісавіч успамінае тыя дні, калі Івана забіралі ў армію, і плача:
— Не ведаў ніхто з нас тады, што з Ванем назаўсёды развітваемся… Далей стары не мог гаварыць з-за слёз…
НА ЗДЫМКУ: Фёдар Дзянісавіч КІЦЕЛЬ.
в. Дарапеевічы.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!