Усе дарогі вядуць у Олтуш

Раённыя турыстычныя спабор­ніцтвы, прысвечаныя памяці Сашы Ведзіянцава, праводзяцца традыцыйна ў Олтушы з мэтай папулярызацыі і развіцця турызму, фарміравання здаровага ладу жыцця, павышэння турысцкага і спартыўнага майстэрства вучняў школ раёна.
13 каманд школьнікаў, якія на працягу года займаліся ў гуртках турысцка-краязнаўчага профілю, размясціліся на беразе Олтушскага возера ў палатачным лагеры. Пасля ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў пачалася напружаная 2-дзённая барацьба.

На кароткай дыстанцыі па тэхніцы горна-пешаходнага турызму, якая праходзіла на Арэхаўскім кар’еры, высокія вынікі паказалі вучні Збуражскай школы-сада, Ляхавецкай школы-сада і Макранскай СШ. З веданнем справы за максімальна кароткі час яны ўстанаўлівалі палатку, пераносілі “пацярпелых”, без страху праходзілі этапы “маятнік”, “грэбля”. Вечарам таго ж дня школьнікі спаборнічалі ў такіх конкурсах, як прыгатаванне ежы на кастры, прадстаўленне каманды, патрыятычнай і турысцкай песень.
Званая турысцкая вячэра здзівіла суддзяў сваім багаццем, эстэтычным выглядам і смакавымі якасцямі. “Збуражскі турыст”, “Пунсовыя ветразі” ляхавецкай каманды, “Мельніцкі кіс-кіс”, “Цвіценне сакуры па-олтушску” Чарнянскай каманды, “Шашлычкі з аліўкамі” велікарыцкіх вучняў, “Заход сонца ўручную” з Лукава, “Прывітанне з мясцовага кар’ера” ад Олтушскай школы – назвы самі за сябе гавораць пра кулінарныя тонкасці і захапленні турыстаў злёту.
Потым спаборніцтвы перанесліся на імправізаваную сцэну, дзе дзеці прадстаўлялі свае каманды, выкарыстоўваючы розныя мастацкія жанры, расказваючы пра сваю каманду, вёску.
Пажэжынскія рабін­зоны расказалі пра тое, як пешшу паў­жыцця хо­дзяць, як клічуць зноў паходы… Каманда са Збуражскай школы прыпаднесла на суд гледачам гісторыю збораў на турысцкі злёт і іх турысцкае станаўленне. Олтушскія вучні заявілі пра тое, што іх сіла, калі яны разам, і ім не страшныя любыя перашкоды на шляху. Гвозніцкія “Праметэі” ў арыгінальнай форме з касцюміраваным пераа­прананнем, танцамі, выкарыстоўваючы гумарыстычны жанр, паведалі пра сваю каманду.
Які турзлёт абыходзіцца без песні ля кастра? І ў адно імгненне вечар напоўніўся цішынёй, падобнай на казку, на маленькі цуд, які здольны быць менавіта тады, калі гарыць касцёр, гучыць гітара і саграваецца цяплом чыясьці душа, што недзе згубілася… Дзеці спявалі пра дружбу, каханне, пра рамантыку дарог, любоў да сваёй роднай зямлі. Лепшыя вынікі ў конкурсе турысцкай і патрыятычнай песні паказалі вучні з Пажэжынскай, Макранскай і Лукаўскай школ.
Ранак наступнага дня пачаўся з арыентавання на мясцовасці. Нават невялічкі дождж і халаднаваты  вецярок не перашкодзілі юным турыстым знайсці пікеты і не заблукацца ў олтушскім лесе. Лепшымі арыенціроўшчыкамі сталі мельніцкія, макранскія і чарнянскія вучні.
У канцы спаборніцтваў былі падведзены вынікі конкурсаў “Бівак” і газет “Будні нашага злёту”.
Чысціня, парадак, захаванне гігіенічных, супрацьпажарных, прыродаахоўных нормаў і тэхнікі бяспекі – адметная асаблівасць міні-лагераў, разбітых велікарыцкімі, лукаўскімі, ляхавецкімі, пажэжынскімі камандамі. Іх “стол дружбы” збіраў гасцей на працягу ўсяго злёту. Інфармацыйнымі, змястоўнымі,  па-мастацку аформленымі аказаліся газеты Гвозніцкай школы-сада і Мельніцкай базавай школы.
Потым адбылося ўзнагаро­джанне пераможцаў. Дыплом І ступені аддзела адукацыі райвыканкама ўручаны камандзе Макранскай СШ, ІІ ступені – Збуражскай школы-сада, ІІІ ступені – Мельніцкай БШ.
Ззаду засталіся напружаныя моманты барацьбы, нялёгкія выпрабаванні. Складзены крылы палатак, не чуваць песень ля кастра… Але ў дзіцячых душах яшчэ надоўга застануцца прыемныя ўспаміны пра 2 дні, праведзеныя разам, што будуць саграваць іх да наступнага турзлёту і зноў паклічуць сюды, на бераг Олтушскага возера.
Алена СІЖУК, метадыст станцыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства.
НА ЗДЫМКАХ: у час злёту.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!