Кнігу трэба берагчы

Кнігу, якая тэрмінова трэба была па рабоце, удалося знайсці ў фондах бібліятэкі па каталогу. Значыць, матэрыял будзе падрыхтаваны ў тэрмін. Так думалася мне. Але рана радаваўся, бо чакала расчараванне. Якраз патрэбныя старонкі адсутнічалі. Яны неахайна былі кімсьці вырваны. За каментарыямі я звярнуўся да дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Маларыцкага раёна Надзеі Курдзюк.
— На жаль, гэта не адзінкавы выпадак,- удакладніла Надзея Мікалаеўна.- Такое мы назіраем не так і рэдка. Здзекваюцца з іх і ў чытальнай зале. У многіх кніг, што знаходзяцца на абанеменце, таксама незайздросны лёс. У іх загінаюць старонкі,  мажуць, падкрэсліваюць алоўкам, шарыкавымі ручкамі і, што больш страшна, гелевымі. Сустракаецца, што некаторыя старонкі прамочаны алеем, тлушчам. Кнігі губляюць выгляд. Асабліва гэта тычыцца тых выданняў, якія сёння карыстаюцца папулярнасцю. Сюды ж можна аднесці даведачную, спецыяльную, энцыклапедычную літаратуру… Вырываюць старонкі і дарослыя, і дзеці. Мы стараемся сачыць за кнігамі, па магчымасці імкнемся правяраць літаратуру, якую вяртаюць чытачы. Але праглядзець кожную старонку не ўяўляецца магчымым, асабліва тады, калі час пік. У людзей павінен быць унутраны кантралёр – уласнае сумленне. Ды наогул, да любой кнігі трэба адносіцца ахайна і беражліва, бо гэта наш агульнанацыяналь­ны набытак. Тым больш, што многія з іх перавыдаюцца рэдка, а некаторыя і зусім не.
— Што робяць бібліятэкары з пашкоджанымі кнігамі?
— Мы як медыцынскія работнікі: імкнемся вярнуць па магчымасці іх да жыцця, надаем “працаздольны”, прыстойны выгляд. А для гэтага падклейваем, мяняем пераплёт. Іншы раз уклейваем старонкі на месцы вырваных, зрабіўшы для гэтага ксеракопіі. Але адных намаганняў бібліятэкараў зусім недастаткова. Трэба, каб кожны з нас да дзяржаўнай кнігі ставіўся, як да сваёй уласнай.
— А якую адказнасць нясуць  кніжныя варвары?
— Чытач, які парушыў Правілы карыстання ці прычыніў бібліятэцы шкоду, нясе адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам, Законам РБ «Аб  бібліятэчнай справе». Чытач, які  страціў ці ненаўмысна папсаваў выданне, абавязаны замяніць такім жа, прызнаным бібліятэкай раўнацэнным ці яго копіяй, а пры немагчымасці замены — пакрыць рэальны рынкавы кошт выдання.  Аднак за неаднаразовае парушэнне Правілаў карыстання чытач можа быць выключаны з ліку наведвальнікаў бібліятэкі на тэрмін да 6 месяцаў.  За наўмыснае псаванне выданняў чытач пазбаўляецца права карыстання бібліятэкай. Чытачы нясуць іншую адказнасць, прадугледжаную дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Лічу, што за псаванне кніг з дзяржаўных бібліятэк павінна быць сур’ёзная адказнасць. Толькі тады мы навучымся цаніць тое, што ёсць у нас.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Надзея Курдзюк, галоўны бібліятэкар раёна .
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!