Аксана Галавей – класны настаўнік і надзейны сябар
Адукацыя ў асобах
Дзясяты “А” клас СШ №2 – адзін з лепшых ва ўстанове адукацыі. Дзевяць дзяўчат і сем юнакоў не толькі паспяхова вывучаюць на павышаным узроўні матэматыку і фізіку, рускую і англійскую мову, але разам і з задавальненнем прымаюць удзел практычна ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў школе. Гонар установы адукацыі 10 “А” клас не раз абараняў таксама на раённых і абласных мерапрыемствах. У скарбонцы “Дасягненняў класа” толькі за апошнія два гады – удзел і перамогі, напрыклад, у раённым этапе конкурсу “Піянер-лідар” (дыплом І ступені), раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня” (дыплом І ступені), раённым конкурсе выратавальнікаў-пажарных (дыплом ІІ ступені), раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Я – патрыёт сваёй краіны” (два дыпломы ІІ ступені) у рамках беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”, раённым этапе конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Міс Вясна-2024” (дыплом ІІ ступені)… У тым, што 10 “А” клас стаў дружным і згуртаваным, заслуга яго класнага кіраўніка Аксаны Галавей.
Аксама Міхайлаўна – своеасаблівы маяк, які паказвае шлях і асвятляе яго сваім вучням. Настаўніца з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў 5-11 класаў сваёй установы адукацыі, удзельнікам рэалізацыі інавацыйнага праекта па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, актыўным удзельнікам валанцёрскага руху, патрыятычных акцый, займаецца падрыхтоўкай вучняў да розных конкурсаў і мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. Вучні 10 “А” класа, гледзячы на свайго класнага кіраўніка, імкнуцца і самі прымаць удзел у розных мерапрыемствах.
Аксана Галавей цяпер – вопытны класны кіраўнік. Аднак неабходныя ўменні і навыкі вынікова працаваць з класам прыйшлі не адразу. Былі, безумоўна, нават і слёзы роспачы, і пэўныя няўдачы, і расчараванні. Але настаўніца лічыла іх часовымі цяжкасцямі, таму ніколі не апускала рукі.
Аксана Галавей нарадзілася ў Хмяльніцкай вобласці Украіны. Калі дзяўчынцы споўніўся год, бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў в. Чарняны. Там яна закончыла дзясяць класаў. Марыла стаць настаўнікам замежнай мовы. Каб ажыццявіць задуманае, у адзінаццатым класе перавялася ў Олтушскую СШ, дзе на паглыбленым узроўні вывучала нямецкую мову. Без цяжкасцей паступіла вучыцца ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. З дыпломам настаўніка англійскай і нямецкай мовы, беларускай мовы і літаратуры на першае месца працы ў 2003 годзе прыехала ў СШ №2 Маларыты. У 2010 навучальным годзе стала класным кіраўніком у пятым класе. Праца з дзяўчатамі і хлопцамі прыносіла задавальненне. З імі адразу знайшла агульную мову і паразуменне. Аднак у канцы другой чвэрці дзявятага класа са сваімі вучнямі прыйшлося развітацца: Аксана Галавей пайшла ў дэкрэтны водпуск.
Пасля выхаду з яго Аксана Міхайлаўна зноў “узяла” класнае кіраўніцтва ў пятым класе. Нейкі час сумнявалася ў правільнасці прынятага рашэння. Яна адчувала, што адказнасці на гэты раз будзе больш удвая. Не таму, што ў класе было 34 вучні. Аксана Міхайлаўна стала класным кіраўніком у свайго сына Аляксея. Такая акалічнасць абавязвала на сто працэнтаў заўсёды і ў любой сітуацыі быць да ўсіх вучняў справядлівай, патрабавальнай, строгай і прынцыповай, нікога і нідзе не выдзяляючы. Настаўніца разумела, што Аляксей для яе – сын дома, а ў школе – такі ж вучань, як і ўсе.
Своеасаблівым дэвізам педагагічнага жыцця ў Аксаны Галавей сталі словы Льва Талстога “Добры настаўнік любіць тое, што робіць. Настаўнік, які любіць сваіх вучняў бацькоўскай любоўю, лепш за таго, хто прачытаў мноства кніг, але так і не палюбіў ні сваё рамяство, ні сваіх падапечных. І толькі той, хто любіць сваіх вучняў і сваё рамяство, можа называцца дасканалым настаўнікам”. Аксана Міхайлаўна заўсёды імкнецца да таго, каб быць адначасова і добрым настаўнікам, і выдатным класным кіраўніком. Па словах калег, гэта ёй удаецца.
– Настаўнік павінен шчыра любіць дзяцей, адносіцца да іх як да роўных. Трэба, каб вучні паверылі настаўніку, каб дзяліліся з ім сваімі поспехамі, праблемамі, радасцю. Класны кіраўнік павінен быць добрым і надзейным сябрам, дарадцам, павінен умець захоўваць сакрэты класнага калектыву, далучаць вучняў да ўдзелу ў арганізацыі агульнай прасторы, стварэння свайго, непаўторнага “дызайну” класа.
Пісьменнік жыве ў творах, кампазітар – у музыцы, мастак – у карцінах, а настаўнік – у думках і ўчынках сваіх вучняў. Думаецца, што кожны з вучняў Аксаны Галавей знойдзе ў сваім сэрцы месца для любімага класнага кіраўніка, у думках будзе зноў і зноў вяртацца ў пару шчаслівага школьнага дзяцінства, каб браць адтуль прыклады паважлівых узаемаадносін паміж людзьмі, урокі справядлівасці, шчырасці, спагады.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

