“Не стань ахвярай”

Калі мы чуем гісторыі аб тым, што нехта стаў ахвярай гандлю людзьмі, успрымаем гэта як нешта далёкае, што ніколі не здарыцца з намі. Але рэальнасць усё часцей і часцей пераконвае – у пастку няволі можа трапіць кожны, хто не ведае ці проста забывае аб тых важных правілах, якія перастрахоўваюць ад падману і гарантуюць бяспеку. Напомніць гэтыя правілы, сустрэўшыся з калектывам самага буйнога ў раёне прадпрыемства “КварцМелПрам”, вырашылі спецыялісты раённага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прымеркавана была сустрэча да Міжнароднага дня памяці ахвяр гандлю людзьмі і яго ліквідацыі.
У пачатку тэматычнай сустрэчы “Не стань ахвярай” прысутныя паглядзелі кінастужку “Не прадавайся”. Кадры яе распавядалі пра трагічныя лёсы тых, хто, даверыўшы­ся выпадку, трапіў у залежнасць ад бязлітасных людзей, якія жыццё чалавека ацэньваюць грашовымі купюрамі. Уразіла ўсіх і жахлівая лічба – з пачатку года ў Беларусі было ўчынена 340 злачынстваў у сферы гандлю людзьмі. Аб тым, як з юрыдычнага боку разглядаюцца такія паняцці, як рабства, гандаль людзьмі, распавяла юрысконсульт Цэнтра Кацярына Ківачук.
Перш чым прадаць у рабства, чалавека вярбуюць, затым забяспечваюць транспарціроўку, і толькі потым ахвяра трапляе ў саму сітуацыю эксплуатацыі. На што трэба звяртаць увагу, калі табе прапануюць высокааплатную работу, калі нехта настойліва пераконвае паехаць за мяжу ў пошуках лёгкіх грошай, калі на сайце знаёмстваў ці ў аб’яве шлюбнага агенцтва абяцаюць “прынца” і багатае жыццё, калі невядомае агенцтва прапануе паўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці альбо запрашае на курс навучання ў школу манекеншчыц, падрабязна распавяла псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Дар’я Уласюк. Самая галоўная парада – не давяраць, сто разоў праверыць і толькі потым згаджацца на выезд за мяжу. Па дадзеных Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС РБ права займацца дзейнасцю, звязанай з працаўладкаваннем грамадзян Беларусі за мяжой, маюць 33 ліцэнзіяты. Спіс іх можна знайсці ў інтэрнэце, на сайце Дэпартамента. Аб праблемах законнай і незаконнай міграцыі на тэрыторыі раёна распавёў інспектар аддзялення па грамадзянству і міграцыі Аляксандр Шаламай. У апошні час, як адзначыў ён, павялічылася колькасць працоўных эмігрантаў з Украіны. З пачатку года 27 іншаземцам аформлены дазволы на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь. 18 замежных грамадзян былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў працоўнай дзейнасці, з іх двое дэпартаваны пад канвоем. 10 беларускіх грамадзян і 1 грамадзянін Украіны з пасведчаннем на права жыхарства былі прыцягнуты да адказнасці за тое, што, не маючы спецыяльнага дазволу выкарыстоўвалі грамадзян Украіны, як работнікаў.
Беларусь разам з Малдовай, Расійскай Федэрацыяй, Украінай, Балгарыяй, Албаніяй, Кітаем і іншымі краінамі ўваходзіць у лік асноўных крыніц продажу людзей. Сярод краін, якія прымаюць жывы тавар, лідарамі з’яўляюцца Бельгія, Германія, Турцыя, Грэцыя, Ізраіль, Італія, Нідэрланды і ЗША. Гэтую інфармацыю з афіцыйных крыніц трэба ведаць кожнаму і, збіраючыся ў падарожжа, не забываць пра правілы выезду і знаходжання за мяжой, што дапаможа абараніць сябе. Правілы агучыла ў завяршэнні сустрэчы спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Сацюк. Самае галоўнае – нікому ніколі нельга аддаваць свой пашпарт, не лішнім будзе зрабіць некалькі копій яго. Важна мець запас грошай – сродкаў на зваротны білет. Неабходна ведаць адрас і тэлефон пасольства РБ у краіне прызначэння. Абавязкова трэба праверыць ліцэнзію работадаўцы ці турыстычнай фірмы, пераканацца ў тым, што віза (калі мэта паездкі – работа за мяжой) рабочая, а не турыстычная. Каб знайсці выйсце з любой складанай сітуацыі, важна ўмець папрасіць аб дапамозе на мове краіны знаходжання, мець страхоўку ад няшчасных выпадкаў і хвароб, пастаянна падтрымліваць сувязь са сваякамі, а яшчэ мець пры сабе фотаапарат, які дазволіць сфатаграфаваць патрэбныя дакументы і важную інфармацыю.
Прагучала ў час сустрэчы і шмат іншых карысных парад. А яшчэ спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра раздалі ўдзельнікам сустрэчы інфармацыйныя брашуры і памяткі.
Нярэдка можна пачуць, што за грошы сёння можна купіць усё. Нават чалавека. Гучыць гэта страшна, у апошнія гады праблема гандлю людзьмі (асабліва жанчынамі і дзецьмі) набыла сусветны размах. І адзіная зброя супраць такіх злачынстваў – інфармацыя.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.09.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!