Вяршыня дасканаласці

Сяргей Луцык у Маларыцкім лясгасе працуе з 2011 г. вадзіцелем на вывазцы, аператарам гідраманіпулятара. Сёлета яму прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў раённым этапе прафесійнага конкурсу. Выступленне аказалася вельмі ўдалым.
– Гэта быў мой першы ўдзел у такіх спа­борніцтвах, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – Хоць за больш чым трохгадовы тэрмін працы набыў неабходныя ўменні і навыкі, аднак перад выступленнем усё роўна хваляваўся. Я вырашыў паспрабаваць свае сілы ў конкурсе, а заадно праверыць веды і прафесійнае майстэрства. Як кажуць, самакрытычна ацаніць, на што здатны.
На раённых спабор­ніцтвах Сяргей Луцык стаў лепшым. Затым ён прадстаўляў Маларытчыну на абласных спаборніцтвах, дзе таксама заняў ганаровае першае месца.
На ХХ чэм­піянат Беларусі сярод вальшчыкаў лесу “Ле­саруб-2014”, які пра­ходзіў у Асіповічах, ехаў і павучыцца, і пераняць вопыт.
– Ні пра якую перамогу на ім думак не ўзнікала, – прызнаецца Сяргей Луцык. – Хацелася ў першую чаргу паглядзець на сапраўдных асаў, майстроў сваёй справы. Аднак Фартуна ўсміхнулася, і Сяргей Луцык здолеў набраць найбольшую колькасць балаў. Ён заваяваў два першыя месцы за дакладнасць і акуратнасць выканання заданняў у практыкаваннях “Зборка і разборка зруба” і “Умелы будаўнік”. Улічваліся дакладнасць і час выканання.
Цяпер павучыцца і пераняць вопыт трэба ехаць да Сяргея Луцыка, у Маларыцкі лясгас!
– Сяргей Мікалаевіч, у чым сакрэт такога поспеху?
– Вынікаў не было б, каб не падтрымка жонкі Вольгі, дачушак Настассі і Марыны, – смяецца мой субяседнік і змаўкае, а пасля дадае: – Цяжка сказаць, што асабліва паўплывала на перамогу. Многія, напэўна, фактары. Сілы надае і сам лес. Прызнаюся, што самы лепшы для мяне адпачынак – гэта работа. Акрамя таго не патрэбна, напэўна, ленавацца, варта заўсёды ставіцца да сябе крытычна, адэкватна ўспрымаць пахвалу і крытыку ў свой адрас.
Кіраўніцтва Маларыцкага лясгаса адзначыла, што сакрэт поспеху Сяргея Луцыка заключаецца ў карпатлівай працы, штодзённым імкненні зрабіць даручаную справу як мага лепш. Па жыцці ён прытрымліваецца прынцыпу: «Не трэба быць лепшым за ўсіх – трэба быць хоць бы на крок наперадзе за астатніх».
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сяргей Луцык, вадзіцель на вывазцы, аператар гідраманіпулятара Маларыцкага лясгаса.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 20.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий