Дакументальная гісторыя

Тыя, каму са зброяй у руках выпала абараняць сваю зямлю ад ворага, а потым цяжкай працай аднаўляць разбураныя вёскі і гарады, самі па сабе з’яўляюцца дакументальнай гісторыяй краіны. Па крупінках сабраць гэтую гісторыю, аб’яднаўшы ў адно цэлае біяграфічныя звесткі аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, якія былі выхаванцамі добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту, вырашыў цэнтральны савет ДТСААФ. Ініцыіраваная ім патрыятычная акцыя “70 старонак Вялікай Перамогі перагартаем разам!” стартавала сёлета і будзе фінішаваць у маі 2015 года.
Матэрыялы аб подзвігу нашых землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны сабрала і Кобрынска-Маларыцкая міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ. Сярод гэтых матэрыялаў старонкі біяграфій былых работнікаў добраахвотнага таварыства Сцяпана Аляксеевіча Пракапука і Аляксандра Карнеевіча Самойлава. З лёсам гэтых людзей змаглі пазнаёміцца старшакласнікі СШ №1. На сустрэчу да школьнікаў, каб ажывіць мінулае, успомніць розныя моманты ваеннай і пасляваеннай гісторыі, прыйшло шмат гасцей. Сярод іх – дзеці ветэранаў, калегі, якія шмат гадоў працавалі разам.
Сцяпан Аляксеевіч Пракапук нарадзіўся ў вёсцы Збураж. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 17 гадоў. Да таго, як трапіць на фронт, юнак працаваў на заводзе, які выпускаў прадукцыю для фронта. Быў у спісе стаханаўцаў, бо вельмі хацеў сваёй працай дапамагчы Радзіме. У 1942 годзе Сцяпан быў залічаны ў дыверсійную брыгаду, разам з іншымі партызанамі мініраваў чыгунку, масты. Брыгада трапіла ў акружэнне, але моцныя духам байцы змаглі вырвацца і ўз’яднацца з войскамі арміі. У 1944 годзе Сцяпан Аляксеевіч быў прызваны ў армію, ваяваў на першым беларускім фронце, падвозіў у месцы баёў паліва. У пасляваенныя гады ўзначальваў калгас. А з 1986 года быў начальнікам спартыўна-тэхнічнага клуба ДТСААФ. Гэтую кароткую біяграфію пра земляка-ветэрана сабралі і агучылі самі школьнікі. А дапоўніў іх расказ эмацыйнымі ўспамінамі пра тое, якім быў Сцяпан Пракапук у акружэнні блізкіх, сваёй сям’і, яго сын Сяргей Сцяпанавіч Пракапук. У бацькі ён вучыўся вытрымцы і з малых гадоў вырашыў, што будзе прафесійным абаронцам сваёй радзімы. І стаў ваенным лётчыкам, 22 гады адслужыў у знішчальнай авіяцыі. З расказа сына школьнікі пазнаёміліся з усёй сям’ёй ветэрана, упэўніліся ў тым, што дзеці заўжды ганарыліся сваім бацькам і стараліся самі стаць годнымі людзьмі.
Добрыя словы пра Сцяпана Пракапука, працавітага чалавека, які ўмеў арганізаваць людзей і сам працэс работы падначаленай яму гаспадаркі, сказаў маларытчанін Іван Юльянавіч Строк. Сваімі ўспамінамі аб цесным супрацоўніцтве дзіцячага дома, які быў у Маларыце, і мясцовага калгаса, падзялілася з вучнямі Людміла Адамаўна Гумінская.
Другую старонку вуснага часопіса, якая прысвячалася лёсу Аляксандра Карнеевіча Самойлава, распачала яго дачка Валянціна Скрыпчанка. Да таго, як прыйсці на сустрэчу да школьнікаў, прызналася Валянціна Аляксандраўна, яна перагарнула шмат дакументаў, бо далёка не ўсё ведала пра свайго бацьку. Яна параіла вучням абавязкова цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, старацца больш ведаць пра самых блізкіх людзей, бо ўпушчанае потым навярстаць вельмі няпроста.
Лёс Аляксандра Самойлава, расказвала яго дачка, быў звязаны з трыма краінамі – Расіяй, Беларуссю і Украінай. У Расіі, у Растоўскай вобласці, ён нарадзіўся, 17-гадовым юнаком ў 1943 годзе быў прызваны ў армію, служыў радавым у стралковым палку, потым быў накіраваны вызваляць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Беларусь. Пасля вайны юнак працягваў сваю армейскую службу ў Навагрудку, затым быў накіраваны ў Маларыту, дзе працаваў у ДТСААФ. Лёс Аляксандра Карнеевіча звязаны і з Луганскай вобласцю, дзе ў шахцёрскім гарадку працаваў ён настаўнікам фізкультуры. Яго любоў да спорту перадалася ўнуку Вадзіму, які стаў майстрам спорту.
У час сустрэчы размова не раз ішла пра вайну. Але расказаць пра тыя выпрабаванні, якія перанёс народ, пра гераізм, з якім змагаліся воіны за вызваленне сваёй зямлі, можа толькі той, хто быў непасрэдным удзельнікам ваенных падзей. Расказ ветэрана вайны, франтавіка Фёдара Фёдаравіча Сацюка, якога запрасілі арганізатары прыняць удзел у размове, школьнікі слухалі з цікавасцю, задавалі свае пытанні.
Усе матэрыялы, падрыхтаваныя да сустрэчы, увойдуць у “Летапіс гераічных подзвігаў выхаванцаў ДТСААФ у гады Вялікай Айчыннай вайны”, які будзе выда­дзены за кошт сродкаў спецыяльнага фонду ДТСААФ і перададзены ў Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.10.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!