Аляксандр ЛЯПЕШКА: “КАМАНДА, БЕЗ ЯКОЙ МНЕ НЕ ЖЫЦЬ”

ПАД КРЫЛОМ ПРАДПРЫЕМСТВА
Свіст і крыкі, узлёты і падзенні, эмоцыі і напружаныя моманты, выпрабаванні надвор’я і радаснае “гол” – калі вы ніколі не бачылі, як гуляе ў футбол каманда “ПМК-20-Маларыта”, вы многае страцілі. Мне давялося бачыць – і я ў захапленні. Вочы футбалістаў гараць, ногі не бягуць, а ўзлятаюць, і ты сам мімаволі адчуваеш гэтую энергетыку. І тады разумееш, што гэта не проста гульня – гэта іх жыццё. Каманда мае сваё сэрца, якое няспынна б’ецца і задае рытм гульні. Каманда мае сваю душу – гэта ігракі, і, зразумела, іх трэнер, які падтрымлівае, настройвае і заўжды верыць. Дзякуючы гэтай веры і з’явілася каманда. 9 гадоў таму назад Аляксандр Ляпешка вырашыў даць новае жыццё былой футбольнай камандзе Маларыты “Заходні Буг”. Са сваёй ініцыятывай звярнуўся ў райвыканкам у аддзел фізкультуры, спорту і турызму да Мікалая Фёдаравіча Германюка. Той ініцыятыву падтрымаў. Але ўзнікла праблема са спонсарам. Куды ні звяртаўся Аляксандр Барысавіч, ніхто не хацеў дапамагаць. І толькі кіраўніцтва ПМК-20, неабыякавае да футбола, пайшло насустрач і па сённяшні дзень дапамагае камандзе.
— Найперш нам патрэбен быў аўтобус, каб ездзіць на спаборніцтвы, — дзяліўся Аляксандр Ляпешка, — ды нават і цэлых два, бо куды ж мы без балельшчыкаў.
Так былая каманда атрымала новае жыццё і новую назву “ПМК-20-Маларыта”. На той час у складзе яе былі школьнікі – 6- і 7-класнікі. Цяпер яны складаюць касцяк каманды.
Прайшло некалькі гадоў, і новая каманда пачала заяўляць пра сябе. Цяпер яна 6-разовы чэмпіён раёна. Нядрэнна выступалі маларыцкія футбалісты і на спаборніцтвах ва Украіне. А цяпер яны мараць трапіць у тройку прызёраў на абласных спаборніцтвах. І хуткімі крокамі набліжаюцца да сваёй мэты. У 5 гульнях з 11 яны былі пераможцамі. Згадзіцеся – нядрэнна. Вядома, бываюць і няўдачы, але яны толькі стымулююць больш працаваць і ісці да сваёй мэты нягледзячы ні на што.

ПЫТАННІ З НАГОДЫ
Зусім нядаўна аматары футбола маглі назіраць інтрыгуючую гульню маларыцкіх футбалістаў з футбалістамі з Пружан. Удалася яна ці не, хто найбольш парадаваў – гэтым і іншым падзяліўся трэнер каманды Аляксандр Ляпешка:
— Аляксандр Барысавіч, як наогул прайшоў матч? Каго з ігракоў вы хацелі б выдзеліць?
— Не зусім усё атрымалася, як таго хацелася, але ж каманда адпрацавала на ўсе сто. Аляксандр Мацюш – варатар каманды, адбіваў вельмі складаныя ўдары, а ў тым, што прапусціў галы, — не яго віна.
— Ці змяніўся склад каманды?
— Так, да нас прыйшоў прафесійны ігрок Аляксандр Галоўчык.
— Як вы лічыце, ці ёсць у футболе раёна нейкія праблемы?
— На мой погляд, сур’ёзных праблем няма. Вось толькі не хапае маладой змены. Сённяшнія дзеці, на жаль, не вельмі актыўна гуляюць у футбол.

ГОРАД НАД РЫТАЙ – МАЛАРЫТА
Аляксандр Барысавіч Ляпешка нездарма вялікую ролю адводзіць балельшчыкам. Такіх, хто ўсім сэрцам падтрымлівае і хварэе за каманду “ПМК-20-Маларыта”, нямала. Шмат іх было ў той дзень і на гарадскім стадыёне. Прыхільнікі так падтрымлівалі сваю любімую каманду, што яшчэ далёка ад стадыёна было чуваць дружнае: “Горад над Рытай – Маларыта”. Здавалася, кожны з іх быў гатовы выйсці на поле і паказаць, на што здольны наш горад. Нават лівень, які пачаўся незадоўга да заканчэння матчу, не спалохаў ні саміх футбалістаў, якія, гуляючы некалькі хвілін пад праліўным дажджом, стараліся змяніць лік матчу, ні балельшчыкаў. З такой падтрымкай, можна, як гаворыцца, і ў агонь, і ў ваду. І каманда імкнецца не падводзіць сваіх прыхільнікаў. А калі ўсё ж  не атрымліваецца,  яшчэ больш напружана працуе, каб узяць рэванш.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: каманда “ПМК-20-Маларыта” разам з трэнерам Аляксандрам ЛЯПЕШКАМ.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Аляксандр ЛЯПЕШКА: “КАМАНДА, БЕЗ ЯКОЙ МНЕ НЕ ЖЫЦЬ”: 1 комментарий

  • 01.11.2010 в 11:49 пп
    Permalink

    как это не грусно, но нашим »футбалистам» ничего не паможет…

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!