ВЫБІРАЕМ НА СТРАХ І РЫЗЫКУ

Усе мы з нецярплівасцю чакаем цёплыя летнія дзянькі, каб паляжаць на беразе, палашчыцца пад пяшчотным сонейкам, накупацца на цэлы год. Нехта адпраўляецца на мора, а іншыя ў сілу розных аб’ектыўных прычын   вымушаны адмовіцца ад прыемнага падарожжа. І тады ўзнікае пытанне: дзе ж адпачываць? Так ужо атрымалася, што прырода абдзяліла наш невялікі гарадок прыроднымі азёрамі. Вось і даводзіцца шукаць той вадаём, што бліжэй. Сіноптыкі прагназуюць, і ў гэтым мы ўжо пераканаліся, што лета-2010 будзе радаваць нас надзвычай цёплымі дзянькамі. А таму пляжам не давядзецца пуставаць.  Такіх афіцыйна зацверджаных месцаў адпачынку ў нашым раёне ўсяго пяць.
— Гэта Олтушскае і Лукаўскае азёры, вадасховішча ў парку г. Маларыты, вадаём на былым торфаўчастку “Арэхаўскі-1” і Арэхаўскае возера. Яны заўсёды знаходзяцца пад наглядам санітарнай службы. Кожны тыдзень мы бярэм  пробы на чысціню вады і наяўнасць у ёй розных інфекцый. На сённяшні дзень ніякіх забруджанняў у названых вадаёмах няма, — растлумачыла  галоўны сані­тарны ўрач РЦГіЭ Святлана Міхайлаўна Асташэвіч.
На вуліцы спякота… Міжволі ў галаве раз-пораз з’яўляецца думка аб азёрнай прахалодзе. Адправіцца ў парк? Але ж там вялікая будоўля. А  можа адправіцца на Олтушскае возера: чакаць маршрутку, акунуцца ў возеры і бягом назад на прыпынак? Не вельмі зручна,  і так, думаю, лічаць многія. Таму даводзіцца выбіраць: ахалоджвацца пад душам ці ісці купацца на свой страх і рызыку, напрыклад, на “ваеннае” возера. А там, дарэчы, дзяцей рознага ўзросту больш, чым у афіцыйна зацверджанай зоне адпачынку ў парку.Дык, можа, варта прадпрыняць усё неабходнае, каб і гэтае возера стала зонай адпачынку? Маларытчане, а асабліва дзеці, былі б толькі рады і ўдзячны.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: яны купаюцца і не ведаюць, што “ваеннае” возера —  не зона адпачынку.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!