…А ў вачах дабрыня

Калі сустракаешся і зносішся з людзьмі старэйшымі, кожны раз робіш адзін і той жа вывад: мацнейшыя яны былі за цяперашняе пакаленне, і найперш – высокай мараллю. Яна тады фарміравалася ў сям’і, якая была галоўнай школай выхавання. З пакалення ў пакаленне перадаваліся тут абавязковасць паважлівых адносін маладых да старых, дзяцей да бацькоў, культ працы. Бацькоўскае “я сказаў” не патрабавала ніякіх каментарыяў, а падахвочвала да безадмоўнага выканання любога загаду, любой просьбы. Відаць, таму ў многіх сем’ях і прынята было называць бацькоў у ветлівай форме “вы”. Правільна гэта па этыкету ці не, толькі асабіста я лічу, што велічнае “вы” куды больш падыходзіла нашым бацькам, чым сяброўскае “ты”.
Дзеці герояў маёй сённяшняй публікацыі таксама называюць іх на “вы”. Як прызналася адна з дачок Кацярыны Рыгораўны і Аляксея Фёдаравіча Ківачукоў, сказаць “ты” на сваіх бацькоў язык не паварочваецца. Так было заведзена ў іх сям’і, так яны прывучаны.
…Да дома Кацярыны Рыгораўны і Аляксея Фёдаравіча Ківачукоў пад’ехала наша рэдакцыйная машына, і ў той жа час тут спынілася яшчэ адна. Як стала вядома затым, праведаць бацькоў прыехала адна з дачок Ківачукоў, Надзея, разам з сынам сваім, нявесткай і ўнукам. Цётка Каця, ветліва сустрэўшы гасцей на ганку, шчыра запрашае ў хату. Надзея на хаду тлумачыць, што прывезла нагатаваныя бацькам стравы, ну і проста праведаць.
Праходзім у хату. Нельга не заўважыць не толькі таго, што дом вялікі, з мноствам пакояў, але і што ў ім чыста і ўтульна. Цётка Каця, быццам бы здагадаўшыся, што я найперш бяру да ўвагі, удакладняе, маўляў, не абыходзіцца без дапамогі дзяцей, якія часта прыязджаюць і дапамагаюць падтрымліваць парадак у хаце. Найперш называе Надзею, якая жыве ў Маларыце і праведвае рэгулярна, кожны дзень тэлефануе, страў нагатуе і прывязе, як сёння, бялізну памые.
Міжволі размова заходзіць пра юбілей, які Кацярына Рыгораўна і Аляксей Фёдаравіч адзначалі сёлета: ізумруднае вяселле, ці 55-годдзе сумеснага жыцця.
– Мы, можа, пра той юбілей і не ўспомнілі б, – гаворыць цётка Каця, – калі б не дзеці. Такое свята нам наладзілі! У адзенне святочнае нас апранулі, бы маладых, і стол накрылі. Якіх толькі страў на ім не было! А сабраліся ўсе: і дзеці, і ўнукі, і праўнукі.
Дарэчы, Кацярына Рыгораўна і Аляксей Фёдаравіч выгадавалі семярых дзяцей. Старэйшы сын, Іван, праўда, год таму назад памёр ужо. Усе астатнія: трое сыноў і трое дачок, а таксама 10 унукаў і 2 праўнукі на юбілеі былі. Фотаздымкаў тады шмат зрабілі на памяць. І, вядома ж, весяліліся, бо нагода для гэтага была добрая.
Цётка Каця пачынае расказваць пра кожнага з дзяцей, як уладкаваліся ў жыцці, дзе жывуць. І адзначае, што цяпер многім сем’ям дапамагае дзяржава. Асабліва шматдзетным. У прыватнасці, крэдыты на будаўніцтва жылля выдзяляе, частку затрат на будаўніцтва бярэ на сябе. Ды і жанчыны-маці ў водпуску па догляду за дзіцяці 3 гады дома з малымі сядзяць, а затым у садок могуць іх уладкаваць.
– Нам жа такіх выгод не было, – гаворыць цётка Каця. – Старэйшыя ў сям’і дзеці гадавалі малодшых, бо работу ж не пакінеш. А іншы раз, калі ў старэйшых не атрымлівалася, і на работу з сабой малых браць даводзілася, бо не было з кім пакінуць.
Кацярына Рыгораўна ўспамінае, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца, калі пачалі будаваць уласны дом. А мець жа свой хацелася, бо сям’я была вялікая.
– Тады вельмі нам дапамог былы старшыня гаспадаркі Леанід Іванавіч Ляонаў. Асабліва з транспартам, – успамінае цётка Каця. – Бо лес на хату везлі здалёк, з Пружаншчыны. Дзякуй Леаніду Іванавічу, чулым ён быў да просьбаў людзей, усяляк стараўся падтрымаць сваіх работнікаў. А мы ж з мужам увесь час у калгасе працавалі. Ды не абы-як, а стараліся. Бывала, я прачынаюся ў 4 гадзіны раніцы, і ён таксама. Як пойдзем з ранку на цялятнік, а Аляксей працаваў слесарам, так цэлы дзень там і прападаем. Мы ведалі, калі будуць прыбаўленні ў вазе цялят, будзе і зарплата большая, не – нічога не атрымаеш. А грошы патрэбны былі, бо на хату іх збіралі. З маленства мы з мужам прывучаны былі працаваць, бо раслі ў вялікіх сем’ях. Я, напрыклад, 4 класы закончыла і восенню пайшла на свінаферму працаваць, а мне ж яшчэ і 12 год не было. Усе, праўда, думалі, што я дарослая, бо высокая была, фізічна моцная. Ніколі не забуду, як уручную выкідалі і тачкамі на вуліцу гной ад свіней вазілі. Нагрузіш поўную, а як яе давезці да патрэбнага месца, не ведаеш. У памяшканні – куды яшчэ не ішло, а на двары – буксуеш. Старэйшыя свінаркі ўбачаць, на дапамогу бягуць. Дзякуй ім, выручалі.
Слухаю маю гераіню і стараюся ўявіць сённяшніх 12-гадовых дзяўчат і тое, як бы яны спраўляліся з такой цяжкай работай. Не ўяўляецца. Хаця б па той прычыне, што цяперашнія маладыя фізічна не такія здаровыя. А ці захацелі б яны ў такім узросце ісці працаваць?
Некалькі хвілін цётка Каця маўчыць, а Надзея мне расказвае пра некаторыя з прынцыпаў іх сямейнага выхавання.
– Мы ніколі не чулі ад бацькоў брыдкіх слоў, яны ніколі нас не білі, хаця каралі. Нешта не так зрабіў, будзеш стаяць у кутку на каленях. Такі ўрок ішоў на карысць, і не слухацца тату ці маму, ці не зрабіць тое, што яны табе сказалі, больш не асмельваўся. Нашы аднакласнікі і сябры не баяліся ісці да нас у хату, каб разам урокі вучыць ці ў нейкія гульні пагуляць.
Кожны з нас ведаў і свае абавязкі па гаспадарцы, калі бацькі доўга затрымліваліся на рабоце. А такое бывала пастаянна. Адданыя яны былі калгасу.
Так, адданыя. І перажывалі за калгасную работу гэтак жа, як за сваю.
– 22 гады адпрацавала я на цялятніку, – успамінае цётка Каця. – І тут не лягчэй было, чым на свінарніку, бо механізацыі ж ніякай. Усё рукамі рабілі. А даглядаць трэба было 80 цялятак. Захварэе нейкае, хвалюешся, перажываеш, ноччу спаць не можаш, думаеш, як і чым яго вылечыць. З дому нешта нясеш, каб нечым смачнейшым накарміць ці напаіць. Кожнае цялятка шкадаваў, як сваё.
Слухаю ўважліва жанчыну і ўспамінаю сваіх бацькоў. Уся гаспадарка, якая была дома, тады таксама на нас трымалася. Калі мама затрымлівалася дапазна, нехта бег даіць карову, нехта заганяў хатнюю птушку, нехта карміў трусоў, а нехта – гатаваў вячэру. Мы добра ведалі, што бацькі за дзень напрацаваліся, і нам хацелася, каб яны, прыйшоўшы дамоў, ні аб чым не турбаваліся, а хутчэй адпачывалі.
Цётка Каця частуецца грушамі, што прывезла Надзя, частуе мяне, зноў расказвае:
– А нядаўна сяброўку сваю пахавала. Памерла раптоўна. Жыла адна. Мужа і сына пахавала. Дык вось за некалькі дзён да смерці тэлефануе мне і кажа: “Прыйдзі, Каця, да мяне, пагаварыць хочацца, сумна адной”. Пайшла я. Доўга сядзелі. Пра жыццё гаварылі, пра балячкі свае і разважалі: “Калі нам давядзецца да ста год жыць, як некаторыя жывуць, як мы дажывем. А мне ж усяго толькі 78, а табе – 77”. Пасмяяліся. А праз дзень-другі яе дачка мне тэлефануе і кажа: “Цётка Каця, прыходзьце вечарам да нас, мама памерла”. Я не паверыла, перапытваю: “Як памерла? Мы ж пазаўчора з ёй сядзелі, гутарылі…” Так, адзін Бог ведае, які лёс нам наканаваны. Сястру сваю мне давялося да смерці даглядаць. Сястру мужа – таксама. І адна, і другая прыкаваныя да ложка былі. Намучыліся самі, а разам з імі і я. Але Бог нездарма пасылае нам выпрабаванні. Тым самым ён правярае нашу веру.
…Цётка Каця праводзіць Надзю, унукаў і праўнука, цалуе ўсіх на развітанне, жадае шчаслівай дарогі і напамінае, што будзе чакаць ад іх званка, калі дадому заедуць.
Трэба развітвацца і нам. Просім цётку Кацю і дзядзьку Аляксея сфатаграфавацца для здымка ў газеце. Яны не адмаўляюцца. Ідуць пераапранацца. Углядваюся ў маіх герояў і думаю: узрост і цяжкая штодзённая праца зрабілі свой адбітак на іх тварах. Вось толькі вочы дабрынёю свецяцца па-ранейшаму.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Мельнікі.
НА ЗДЫМКУ: Кацярына Рыгораўна і Аляксей Фёдаравіч КІВАЧУКІ; «Наша сям’я – наша багацце».
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 5.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий