Жывы ўрок гісторыі

Вучні другой гарадской школы, прадстаўнікі ўлады, раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”, работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пажылыя маларытчане з клуба “Незгасальны агеньчык” прынялі ўдзел у своеасаблівым уроку гісторыі і адначасова ў акцыі добраўпарадкавання помніка мірным жыхарам, якія загінулі ад рук карнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сабраўшыся на тым месцы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляны 2 тысячы 800 маларытчан, удзельнікі акцыі, якая аб’яднала разам людзей розных пакаленняў, проста не маглі абысціся без экскурсу ў гісторыю. Пагартаць старонкі мінулага дапамагла арганізатарам сустрэчы былая настаўніца гісторыі Соф’я Лаўрэнцьеўна Якубчык. Яна напомніла пра план фашысцкай Германіі знішчыць яўрэяў і славян, распавяла пра стварэнне на тэрыторыі раёна гета, куды былі сагнаны больш за 2 тысячы яўрэяў. Слухаючы расказ, школьнікі маглі ўявіць, якімі жорсткімі былі карнікі, яны не шкадавалі ні старых, ні жанчын, ні дзяцей. Аб тым, як важна памятаць мінулае, берагчы гісторыю, клапаціцца пра тых людзей, якія перажылі вайну, адстаялі Перамогу, не пакідаць без увагі святыя мясціны – помнікі, абеліскі, магілы загінуўшых воінаў, што служаць нам напамінам аб тым, якой бядой для ўсіх з’яўляецца вайна, гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны.
Усе разам: і школьнікі, і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, і пенсіянеры навялі парадак на месцы пахавання ахвяр Халакоста, ля помніка. Працавалі дружна, бо кожны зноў і зноў “пракручваў” у памяці пачутае і разумеў, што заняты вельмі важнай справай. І карысць ад такога “жывога” ўрока гісторыі, без сумнення, будзе вялікая.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 22.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий