Адчулі клопат нават на дарозе

Фінішнай рысай месячніка ”Чалавек з белай палкай”, які праводзіцца штогод з 15 кастрычніка па 15 лістапада і напамінае ўсім нам, што побач жывуць людзі са слабым зрокам, якім патрэбны ўвага, падтрымка, дапамога, стаў Міжнародны дзень сляпых.
Па традыцыі ў гэты дзень у раёне праводзіцца сустрэча членаў таварыства інвалідаў па зроку. Сёлета людзей невідушчых арганізатары сустрэчы запрасілі прыняць удзел у размове за “круглым сталом”. Пачалася гутарка з вандроўкі ў гісторыю. Кароткія звесткі аб тым, адкуль у людзей сляпых з’явілася традыцыя выкарыстоўваць у якасці “памочніка” на дарозе палку менавіта белага колеру, распавяла загадчыца аддзялення адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таісія Хатынюк. Плаўна размова перайшла да надзённых праблем людзей невідушчых. Спраўляцца з імі тым, хто пазбаўлены магчымасці добра бачыць, дапамагае раённая арганізацыя таварыства інвалідаў па зроку. Старшыня яе Вера Косік пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з работай арганізацыі, распавяла пра людзей, якія, нягледзячы на свае праблемы, стараюцца быць актыўнымі, падзялілася ўражаннямі, што засталіся ў яе як удзельніцы абласнога конкурсу “Я самы рэабілітаваны”. Бадзёрасць духу надаў удзельнікам сустрэчы прагляд фільма “Невідушчы”. У ім расказвалася пра вялікія магчымасці людзей, якія страцілі зрок, але навучыліся спраўляцца са штодзённымі цяжкасцямі, прыстасаваліся да сучаснага бурлівага рытму жыцця, знайшлі сябе і сваё месца сярод здаровых людзей.
Каб сустрэча для яе ўдзельнікаў была не толькі цікавай, але і карыснай, арганізатары запрасілі на яе і спецыяліста раённай бальніцы Вольгу Кавалеўскую. Урач-валеолаг дала нямала парад наконт таго, як у асеннія халады не захварэць, падтрымаць свой арганізм і ўмацаваць імунітэт. Удзельнікі сустрэчы задавалі свае пытанні, цікавіліся “рэцэптамі здароўя”.
Завяршылася сустрэча акцыяй “Невідушчы пешаход”, у якой запрасіў усіх прыняць удзел супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі Вадзім Грэчны. Вадзіцелі, якія рухаліся па цэнтральнай вуліцы горада, спыняліся, убачыўшы пешаходаў з белай палкай у руцэ. Удзельнікі акцыі раздавалі вадзіцелям лістоўкі, напамінаючы, што невідушчы чалавек – таксама пешаход, да якога патрэбна павышаная ўвага.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час акцыі «Невідушчы пешаход».
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 26.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий