Паштарка

Для нармальнай жыццядзейнасці любой краіны важнымі з’яўляюцца не толькі транспартныя артэрыі, але і інфармацыйныя. На гэты конт кажуць, што той, хто валодае інфармацыяй, валодае і светам. Важнае месца ў яе распаўсюджванні належыць паштальёнам, якія з дня ў дзень, у любое надвор’е спяшаюцца да падпісчыкаў. Прыносіць навіны – іх прафесія.
Для зручнасці Маларыта падзелена на пяць паштовых участкаў, за кожным з якіх замацаваны для абслугоўвання адзін чалавек. Ніна Корань працуе на першым з іх, які ўключае вуліцы Піянерская, Вакзальная, а таксама мікрараёны ў межах гарадской плошчы і Лазкі.
-А гэта прыблізна 16 км шляху што­дзень,- тлумачыць Ніна Іванаўна.- Каб іх прайсці хутка, трэба прадумаць дакладна маршрут руху, бо неабходна дайсці да кожнага па адрасу і як мага хутчэй разнесці карэспандэнцыю. Для своечасовага выканання сваіх службовых абавязкаў раённы вузел паштовай сувязі выдзеліў ёй веласіпед. Гэта, вядома, незаменны і надзейны памочнік. Тым больш, што сумка атрымліваецца цяжкай. Як-ніяк, а 660 экземпляраў перыядычных выданняў – вага не надта лёгкая. А плюс да гэтага яшчэ паштоўкі, пісьмы, заказная карэспандэнцыя, пераводы з дастаўкаю, пенсіі, газеты і часопісы на продаж, білеты “Ваша лато”…
Ніна Корань на сваім ўчастку для многіх, асабліва для людзей шаноўнага ўзросту,-чалавек важны. Калі не сказаць большага: яна незаменная і доўгачаканая.  Адначасова і кур’ер, і сябар, і дарадчык, і інфармацыйнае агенцтва, і магазін на колах. Прыйдзе, прыся­дзе, раскажа апошнія навіны, аформіць падпіску, дапаможа напісаць пісьмо, заадрасаваць канверт, зняць паказанні з лічыльніка, аплаціць камунальныя паслугі, нават, калі трэба,прынясе прадукты харчавання і медыкаменты. Падба­дзёрыць, паспачувае, добрае слова скажа. Таму любяць і паважаюць паштарку, заўсёды рады бачыць яе на парозе дома. Нікому і ні ў чым не адмовіць. Натура такая.
-Работа ў мяне не цукар, — кажа Ніна Іванаўна,- але нездарма кажуць у народзе: які ты сам, такі і рай. У кожнага ён розны нават пры аднолькавых умовах. Адна і тая ж праца можа быць любімай і не для розных людзей. Усё, мне здаецца, залежыць ад таго, як ты сам настроены да яе. А праца ў мяне – самая лепшая на свеце. Дарыць лю­дзям надзею і добрыя весткі – хіба ёсць на свеце нешта лепшае?
Ніна Корань пасля заканчэння Радзежскай СШ спачатку некаторы час працавала ў Брэсце, затым — у Кобрыне. У 1984г. лёс закінуў ў Маларыту, дзе ўладкавалася аператарам страхавога ўчастка вузла сувязі. Потым па вытворчых прычынах перавялі на пасаду  паштальёна. Працаваць ім – патаемная мара дзяцінства. Пачынаючы недзе з 5 класа, дзяўчынка летам дапамагала разносіць у вёсцы газеты і часопісы мясцоваму паштальёну.
-Вельмі ж падабалася дастаўляць карэспандэнцыю вяскоўцам, — успамінае мая субяседніца.- Гэта было пачэсна і ганарова ў вачах аднакласнікаў. Мне даручылі, мне даверылі, а ім – не. “На пасылках” я недзе з 5 класа, а, можа, і раней. Дапамагала не проста так. Паштальён за маю працу ў канцы кожнай “ходкі” даваў ганарар – некалькі чыстых паштовак. Імкнулася кожны дзень зарабіць іх для таго, каб назбіраць як мага больш. У маіх аднагодкаў віселі на ўваходных дзвярах у дом шторы, зробленыя з парэзаных і сагнутых палосак паштовак.  Зрабіць такое хацелася і мне. Акрамя таго, з іх атрымліваліся прыгожыя і арыгінальныя шкатулкі.
Ніна Іванаўна – спецыяліст сваёй справы, апантаны ёю, перадавік вытворчасці, чалавек адказны і прынцыповы. Яна пастаянна выконвае даведзеныя планы па падпісцы на перыядычныя выданні. Пра высокае майстэрства жанчыны сведчыць, напрыклад, і такі факт, што ўжо тры разы (у 2004, 2007 і 2009 гадах) як пераможца раённага этапу прадстаўляла Маларытчыну на абласным  конкурсе прафесійнага майстэрства.
Па словах паштальёна Ніны Корань, ёй ёсць да чаго імкнуцца ў прафесійным плане, многае хочацца зрабіць, перайначыць для таго, каб свае абавязкі выконваць яшчэ лепш. Ніна Іванаўна здолела шэрыя будні пашталь­ёна зрабіць яркімі і запамінальнымі, напоўніла іх высакародным сэнсам быцця – служэнню бліжняму. Ці ж не такая місія кожнага з нас на зямным шляху?
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ніна Корань, паштальён участка №1 райцэнтра.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!