Багатыя магчымасці ліцэя

Напэўна, і вы задумваліся над такім пытаннем: каму ў жыцці даводзіцца лягчэй – “выдатніку” ці “троечніку”? Вядома ж, “выдатнік” сваёй стараннасцю можа дабіцца многага. Але рэальнасць пераконвае ў тым, што вучань з далёка не самымі лепшымі ведамі прабіваецца ў жыцці хутчэй, бо, у адрозненне ад “выдатніка”, які заўсёды адказна і правільна выконваў указанні настаўніка, умее прыстасавацца, выбраць нестандартнае рашэнне, рызыкнуць. Гэта не значыць, што добра вучыцца – дрэнна. Наадварот, веды – гэта заўжды моцная зброя. Але нельга недаацэньваць і тых вучняў, хто не можа пахваліцца высокімі адзнакамі. Не выключана, што калі-небудзь, адчыніўшы дзверы новага начальніка, вы ўбачыце там знаёмага па школе ціхоню-шасцёрачніка…
У Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці паступаюць розныя навучэнцы. Але, як правіла, сярэдні бал у іх 6-7, а то і значна ніжэй. Людзі часта скептычна ўспрымаюць перспектыву вучобы ў прафліцэі. Але не трэба рабіць паспешныя вывады. Згадзіцеся, вадзіцельскае пасведчанне ніколі не будзе лішнім, тым больш, што многія прафесіі патрабуюць наяўнасці гэтага дакумента. А ў ліцэі навучэнцы могуць атрымаць адразу дзве прафесіі: трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці і вадзіцель. І кваліфікаваныя слесары і зваршчыкі заўсёды патрэбны. Між іншым, набыўшы гэтыя прафесіі, можна адкрыць і сваю справу. А калі ўсё ж нехта жадае атрымаць вышэйшую адукацыю, дык, закончыўшы прафесійны ліцэй, можа ісці вучыцца далей. Дарэчы, гэта вельмі важна, калі ў дзіцяці ёсць магчымасць выбару. А ліцэй якраз дае такую магчымасць.
Нягледзячы на параўнальна невысокі сярэдні бал, навучэнцы ліцэя займаюць годныя месцы на раённых алімпіядах. Толькі летась па гісторыі, фізіцы, краязнаўству юнакі ўвайшлі ў пяцёрку лепшых. А колькі розных грамат і дыпломаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню атрымалі дзеці і педагогі ліцэя за ўдзел у розных конкурсах! Крэатыўныя, смелыя, разумныя, вынаходлівыя – такія яны, навучэнцы ДзПЛ СП.
Толькі палова навучэнцаў ліцэя – гэта дзеці з Маларыцкага раёна. Сюды набываць прафесійныя веды прыязджаюць юнакі з Брэста, Камянца, Жабінкі, Кобрына. Каб пазнаёміць моладзь з навучальнай установай і прафесіямі, якія тут можна атрымаць, прафесійны ліцэй часта праводзіць праф­арыентацыйныя акцыі. Нядаўна, да прыкладу, тут прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй для вучняў Арэхаўскай сярэдняй школы. Юнакі і дзяўчаты, наведаўшыся ў ліцэй, змаглі пазнаёміцца з яго рэальным жыццём, пабачыць абсталяваныя кабінеты, майстэрні, пачуць шмат цікавай інфармацыі аб важных для ўсіх і запатрабаваных прафесіях. У гэты ж дзень у ліцэі праводзіўся традыцыйны конкурс «Вясёлка талентаў». Ліцэісты сапраўды “зіхацелі” усімі колерамі вясёлкі: спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах, дэманстравалі акцёрскае майстэрства. І ўсё гэта так заўзята, весела, а галоўнае – таленавіта!
Можа з’явіцца думка, што ліцэй жыве зусім без праблем. Не, і ў нас яны ёсць, але вырашальныя. У ліцэі амаль дзве з паловай сотні вучняў, і ўсё гэта – хлопцы. Але ёсць магчымасць адкрыць групы, дзе дзяўчынкі з базавай адукацыяй змогуць атрымаць такія патрэбныя прафесіі, як повар і швачка. Галоўнае толькі, каб знайшліся жадаючыя. Таму, дзяўчаты, думайце! Час да лета яшчэ ёсць.
Надзея ДЗЕМ’ЯНЮК, выкладчыца ДзПЛ СП.
НА ЗДЫМКУ: у час праграмы “Вясёлка талентаў”.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 13.12.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий