Два ў адным

На мінулым тыдні СВК “Ляхаўцы” і “Макраны” перасталі быць суседзямі: цяпер гэта адна гаспадарка. Прайшлі агульныя сходы членаў гэтых сельгаскааператываў, на якіх вырашана пытанне рэарганізацыі іх шляхам узбуйнення.

Само жыццё паставіла такі ўльтыматум. А штуршок быў дадзены немагчымасцю ў апошнія месяцы выплачваць зарплату ў дзвюх гаспадарках. Хаця, як адзначыў на сходзе ў СВК “Макраны” першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук, неабходнасць аб’яднання наспявала даўно, бо нават некалькі гадоў назад у перспектыве гэта была ўжо адна гаспадарка. Паколькі СВК “Макраны” эканамічна мацнейшы, вырашана рэарганізацыю правесці шляхам далучэння да яго слабейшага – СВК “Ляхаўцы”. Такім чынам, ляхавецкая гаспадарка знікае з аграрнай карты раёна.
Працаўнікоў СВК “Макраны” на сходзе найбольш цікавіла, што дасць аб’яднанне дзвюх гаспадарак. Рэарганізацыя, як вядома, праводзіцца ў мэтах аздараўлення эканомікі, буйныя гаспадаркі больш канкурэнтаздольныя, чым дробныя. Старшыня Леанід Селех расказаў пра бонусы, якія чакаюць пасля аб’яднання ўжо адну вытворчую адзінку. Па-першае, згодна з адпаведнымі ўказамі кіраўніка дзяржавы, гэта адтэрміноўка на 5 гадоў пагашэння плацяжоў па доўгатэрміновых крэдытах. У СВК “Макраны” ўжо завершана будаўніцтва новай фермы, на якую затрачана 64 мільярды рублёў. Атрымліваецца, што, па сутнасці, ферма на 5 гадоў гаспадарцы падорана дзяржавай. Па-другое, нямала тэхнікі набыта па лізінгу. Сума лізінгавых плацяжоў у 15 мільярдаў рублёў таксама будзе адтэрмінавана на 5 гадоў. Некалькі дзясяткаў мільярдаў рублёў застанецца ў гаспадарцы, імі можна будзе плаціць зарплату, пагашаць даўгі. Ёсць і нямала іншых станоўчых момантаў. Напрыклад, з’явіцца цяпер магчымасць частку плошчаў пад бульбу, вырошчваннем якой займаўся СВК “Ляхаўцы”, перабазіраваць на макранскія, больш урадлівыя землі. Аб’яднаная гаспадарка з чатырма тысячамі галоў жывёлы, з якіх 1700 – дойны статак, а ў перспектыве з сямю тысячамі і з пагалоўем кароў у 2,5 тысячы галоў павін­на ў разы павялічыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Будзе больш арганічных угнаенняў – а значыць, палепшацца вынікі ў раслінаводстве. Такія рэсурсы павінны даць магчымасць развівацца гаспадарцы так, як, напрыклад, цяпер развіваецца СВК “Рыта”, які таксама быў рэарганізаваны ў свой час шляхам далучэння да яго эканамічна слабай гаспадаркі. Цяпер гэты сельгаскааператыў аднесены ў раёне да разраду валаўтваральных.
Людзям заўжды нялёгка страчваць нажытае і ствараемае гадамі. Не выпадкова, што такія працэсы не ўсе ўспрымаюць адна­значна – 125 чалавек працуе ў СВК “Макраны”, 30 з якіх – апарат кіравання. Прыкладна такі склад – у СВК “Ляхаўцы”. На сходзе было сказана, што даяркі, механізатары ў асноўным будуць працаваць на сваіх рабочых месцах. І на ляхавецкай тэрыторыі жыццё ні ў якім разе не закончыцца. Тут будуць працягваць рэканструкцыю чатырох жывёлагадоўчых будынкаў, дзе будзе ўтрымлівацца ў перспектыве 1000 галоў жывёлы. Што датычыцца апарата кіравання, яго, вядома ж, аптымізуюць: нехта будзе пераведзены, пасада кагосьці будзе скарочана, камусьці давядзецца самому працаўладкоўвацца. Расходы на ўтрыманне яго зменшацца і пойдуць на гаспадарчыя мэты.
Галасаваннем на сходах працаўнікі дзвюх суседніх гаспадарак выказаліся за тое, каб быць у складзе СВК “Макраны”.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу ў СВК “Макраны”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.12.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!