На шляху да «экстра»

У канцы мінулага года ў СВК “Рыта” здадзены ў эксплуатацыю ІІ пускавы комплекс І чаргі “МТФ на 765 кароў у в. Велікарыта”. У полі за вёскай вырасла сучасная фабрыка малака, дзе ўсё зроблена для таго, каб быў наладжаны ўвесь тэхналагічны працэс утрымання статка.

Ферма запрацавала яшчэ ў кастрычніку 2013 года. Тады і быў узяты курс на тэхналогію. Кіраўніцтва гаспадаркі, спецыялісты адразу адчулі перавагі новых умоў утрымання, кармлення, даення статка, зарыентавалі чалавечы фактар на тое, што сёння зніжаць паказчыкі няма ніякіх падстаў. І вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць – цяпер сярэднясутачныя надоі на новай ферме складаюць 17 кілаграмаў, а па валавому прыросту вытворчасці малака СВК “Рыта” – лідар у раёне. Прадукцыя з новай фермы прадаецца вышэйшым гатункам. Тут узяты курс на “экстра”. Як расказаў старшыня гаспадаркі Іван Пастушак, цяпер ліквідуюцца ўсе заўвагі, выяўленыя камісіямі ў час маніторынгаў, з тым, каб прадаваць малако гатункам “экстра”. А гэта, як вядома, дадатковыя грошы “з паветра” ў касу гаспадаркі.
Работы на новай ферме працягнуцца і сёлета, бо аб’ект пераходны на 2015 год. Яшчэ будуць пабудаваны склады для збожжа, сена, 5 сховішчаў для сенажу і сіласу, павець для цялятак на 120 індывідуальных домікаў. Запланавана зрабіць асфальта-бетоннае пакрыццё пад’ездаў да фермы. У сувязі з адпаведнай Пастановай Савета Міністраў на гэты год гаспадарцы выдзелена 14,9 мільярда рублёў, каб завяршыць поўны цыкл работ.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: на новай ферме ў СВК “Рыта”: старшыня райвыканкама Казімір Лапіч і начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук у час здачы ІІ пускавога комплексу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 17.01.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий