Адчыняючы дзверы надзеі

Пазачарговы сход упаўнаважаных СВК “Хаціслаўскі” задаволіў просьбу кіраўніка гаспадаркі Васіля Пішчыка аб вызваленні яго з займаемай пасады па ўласным жаданні.
Трэба прама сказаць: сельгаскааператыў “Хаціслаўскі” ў апошнія гады прыкметна зніжаў свае пазіцыі і з некалі перадавой гаспадаркі трапіў у лік тых, што працуюць неэфектыўна.
Кіраўнік гаспадаркі Васіль Пішчык, відаць, добра разумеў гэта і, па-сапраўднаму ацаніўшы свае сілы і магчымасці, прыняў рашэнне – пакінуць пасаду кіраўніка гаспадаркі.
– 14 гадоў узначальваў хаціслаўскі сельгаскааператыў Васіль Васільевіч, – гаварыў у час выступлення на сходзе старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. – Гэта адна з вялікіх гаспадарак у нашым раёне. І для таго, каб яна эфектыўна працавала і развівалася, патрэбны неймаверныя намаганні, сілы і здароўе. – На першых часах, – канстатаваў Казімір Віктаравіч, – СВК “Хаціслаўскі” ўтрымліваў перадавыя пазіцыі, на якія вывеў гаспадарку яе былы старшыня Леанід Іванавіч Ляонаў. Дзякуючы створанай ім жа трывалай эканамічнай базе, Хаціслаўскі сельгаскааператыў мог не толькі эфектыўна працаваць, але і паспяхова ісці наперад. Той факт, што “Хаціслаўскі” знізіў эфектыўнасць гаспадарання, можна спісваць на далучэнне да яго ў свой час эканамічна слабой гаспадаркі – саўгаса “Маларыцкі”. Але гэта не так, – гаварыў кіраўнік раёна. – Бо сёння толькі буйныя гаспадаркі могуць дабівацца добрых вынікаў. Васіль Васільевіч прыйшоў да правільнага вываду: зрабіць больш, чым зрабіў, ён ужо не можа. Вядома ж, хацелася б большага, але, на жаль. Таму мы не можам не задаволіць просьбу Васіля Васільевіча.
Гэтае рашэнне аднагалосна падтрымалі і ўпаўнаважаныя СВК “Хаціслаўскі”, якія прысутнічалі на сходзе.
Кіраўнік раёна таксама адзначыў, што хоць сітуацыя ў гаспадарцы цяпер няпростая, у тым ліку і ў фінансавым плане, але яе можна паправіць. Тым больш, што ў гаспадарцы ўсё для гэтага ёсць: і ўрадлівая зямля, і новая сучасная магутная тэхніка, і працавітыя людзі.
– Важна толькі, – падкрэсліў кіраўнік раёна, – каб кожны з работнікаў кааператыва зразумеў: дрэнна выконваць сваю работу нельга. Я ўпэўнены, што, выкарыстоўваючы ўвесь патэнцыял, вы зможаце рухацца неперад, – рэзюмаваў Казімір Лапіч.
Абавязкі старшыні сельгаскааператыву часова ўскладзены на галоўнага агранома гаспадаркі Андрэя Курдзюка.
* * *
На наступны дзень у ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” адбыўся сход, на якім начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук прадставіў калектыву новага дырэктара – Васіля Васільевіча Пішчыка.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар райаграпрам­тэхнікі Васіль ПІШЧЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 17.01.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий