Вялікая радасць для маленькіх пацыентаў

Навагоднія і Калядныя святы кожны з нас чакаў са сваімі мроямі і спадзяваннямі. Марылі аб навагодніх цудах і зусім па-іншаму думалі правесці святочныя дні і тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія нечакана трапілі на бальнічны ложак. Але святочныя сюрпрызы не абмінулі і іх.
Для 13 маленькіх пацыентаў дзіцячага аддзялення і 7 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праходзілі лячэнне ў інфекцыйным аддзяленні раённай бальніцы, навагоднюю казку арганізавалі юнакі і дзяўчаты з валанцёрскага атрада таварыства Чырвонага Крыжа “Клопат”, які дзейнічае пры аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Маленькія пацыенты з задавальненнем паўдзельнічалі ў святочнай праграме, вершамі і песнямі дапамаглі Айбаліту “вылечыць” усіх людзей і выратаваць Дзеда Мароза, які аддзякаваў дзецям ласункамі. Салісты агіттэатра “Дзеці сонца” падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам прыгожыя песні, а Снягурачка запрасіла ўсіх у навагодні карагод. Радасцю свяціліся вочы маленькіх пацыентаў, калі яны атрымлівалі падарункі, што перадаў арганізатарам акцыі калектыў прыватнага прадпрыемства “Маларытчанка”.
Дарэчы, гэтая акцыя з назвай “Падары радасць” дала старт новаму праекту “Моладзь выбірае здароўе”, які на працягу года будзе рэалізоўвацца ў тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час дабрачыннай акцыі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 17.01.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий