Арыенціры вызначыць маладзёжны форум

19-20 студзеня ў Мінску будзе праходзіць 42-гі з’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Каб абмеркаваць надзённыя праблемы, вызначыць арыенціры ў рабоце з моладдзю, разам збяруцца неабыякавыя людзі, хто сам гатовы прыкласці свае сілы, выкарыстаць свае здольнасці для таго, каб зрабіць больш цікавым, яркім, асэнсаваным сваё жыццё і жыццё сваіх равеснікаў. У складзе дэлегацыі ад Маларыцкага раёна ў рэспубліканскім маладзёжным форуме прыме ўдзел і другі сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Аксана Мірчук. З ёй напярэдадні паездкі і пагутарыла карэспандэнт “Голасу часу”.
— Арганізацыя БРСМ прафесійнага ліцэя, можна сказаць, самая шматлікая ў раёне. І ў той жа час адна з найбольш актыўных. Якім накірункам дзейнасці надаецца прыярытэт, чым удаецца зацікавіць моладзь, каб яна праяўляла сябе?
— У пярвічцы БРСМ ліцэя 88 членаў. Асноўнае, на што накіравана дзейнасць, – гэта фарміраванне грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай свядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі, фарміраванне ў навучэнцаў інфармацыйнай культуры, маральных каштоўнасцей, здаровага ладу жыцця, развіццё прадпрымальнасці і ініцыятывы. Кожны год у нас праводзіцца гульня-віктарына “Наша Беларусь”, арганізоўваюцца спартыўныя мерапрыемствы, такія, як турнір памяці Івана Такарчука, дзень здароўя на гарадскім стадыёне, мы праводзім шматлікія акцыі, ўдзельнічаем у абласных конкурсах, на базе пярвічнай арганізацыі БРСМ дзейнічае валанцёрскі атрад Чырвонага Крыжа “Мара”. У кожнага з актывістаў нашай арганізацыі ёсць ідэі, задумкі, творчыя планы. Ухіл робіцца на тое, каб кожны малады чалавек быў пачуты і атрымаў падтрымку.
— 2015 год абвешчаны Годам моладзі. А значыць гэта час для актыўнасці. Якія змяненні хацелася б, каб былі ў маладзёжнай палітыцы, з якімі думкамі едзеце на маладзёжны форум?
— Папярэдні з’езд дакладна вызначыў асноўныя накірункі работы маладзёжнай арганізацыі – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, другасная занятасць, валанцёрскі рух, работа ў інтэрнэт-асяроддзі і сродках масавай інфармацыі, іншае. Як паказала практыка, гэта было цікава моладзі. Думаю, і гэты з’езд абазначыць накірункі, актуальныя для сённяшняй моладзі. Безумоўна, будуць карыснымі і проста размовы, вопыт калег з іншых раёнаў і абласцей. Менавіта тут можна знайсці новыя аптымальныя формы работы. На з’ездзе будзе прэзентавацца новы членскі білет БРСМ. Цяпер ён стане адначасова і асабістай банкаўскай карткай, якая будзе адпавядаць самым сучасным патрабаванням. Думаю, 42-гі з’езд БРСМ дасць магчымасць ацаніць праведзеную ў апошнія гады работу і нацэліць на будучыню. Вельмі важна, што ў форуме прымуць удзел дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны. Гэта падорыць рэальную магчымасць зносін моладзі. Увогуле, з’езд стане яркай падзеяй ў грамадска-палітычным жыцці краіны, бо ў яго рабоце прымуць удзел Прэзідэнт дзяржавы, міністры розных ведамстваў. Маладзёжны форум у сацыяльных сетках паказаў, што маштаб арганізацыі сапраўды шырокі і ахоплівае кожны населены пункт, кожную навучальную ўстанову і прадпрыемства. За апошнія два-тры гады арганізацыя саюза моладзі значна вырасла і ўзмацнілася. Гэта дзякуючы ўсім – актывістам і лідарам. Але пры такой моцнай дзяржаўнай падтрымцы мы можам яшчэ больш.
— Што ж, поспехаў Вам і незабыўных уражанняў, якімі, спадзяемся, дэлегаты з’езда абавязкова падзеляцца з чытачамі.
Гутарыла
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дэлегат 42-га з’езда БРСМ Аксана Мірчук.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.01.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.