ПА ПРАГРАМЕ “МАКСІМУМ”

У райцэнтры пад кіраўніцтвам былога дэсантніка Максіма Фадзеева пачаў дзейнічаць патрыятычны клуб, дзе займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ад 6 да 17 гадоў. Тут распрацавана праграма па комплекснай падрыхтоўцы будучых абаронцаў Айчыны, у якой упор робіцца на агульнафізічную падрыхтоўку, выпрацоўку самастойнасці, маральнае і прававое выхаванне і інш. Трэніроўкі ў спартыўнай зале, спаборніцтвы, паходы выхаднога дня ў межах раёна, паездкі на стральбу ў воінскія часці, розныя экскурсіі – усё гэта чакае дзяцей і дарослых.

Нядаўна была арганізавана экскурсія на тэрыторыю былой ракетнай часці. На яе запрасілі школьнікаў Збуражскай сярэдняй школы, з якой супрацоўнічае Максім Фадзееў, а таксама Мельніцкай базавай і гарадской сярэдняй школы № 1, дзе па ініцыятыве супрацоўнікаў аддзела пагранічнай службы “Маларыта” створаны і дзейнічаюць атрады “Юныя сябры пагранічнікаў”.
Трэба сказаць, што звычайная экскурсія, якую спачатку планаваў Максім, вылілася ў вялікае, відовішчнае і сур’ёзнае мерапрыемства, дзякуючы таму, што ініцыятыву Максіма ахвотна падтрымалі і ў райваенкамаце, і ў аддзеле пагранічнай службы “Маларыта”, і ў райаддзеле адукацыі, і брэсцкія страйкбалісты. І ўсе разам пастараліся, каб дзеці, а таксама іх бацькі, якія прыехалі на экскурсію, атрымалі максімум станоўчых эмоцый, шмат добрых уражанняў, словам, з карысцю правялі свой вольны час.
Настаўніца Збуражскай сярэдняй школы Галіна Андрэеўна Алесік, якая таксама разам з вучнямі прымала ўдзел у экскурсіі, даслала ў рэдакцыю матэрыял, дзе дзеці дзеляцца сваімі ўражаннямі, расказваюць, якім цікавым быў той дзень.
Аксана Хоміч: “Мне вельмі спадабалася эскурсія. Я даведалася шмат новага пра жыццё ваеннаслужачых, аб іх уменнях і здольнасцях, якія яны праявілі ў час “захопу” будынка. Усё было так рэалістычна: выбухі, клубы дыму… Нам здавалася, быццам бы мы апынуліся на самай сапраўднай вайне і зразумелі, як гэта страшна і што значыць жыць пад мірным небам”.
Арцём Хінец: “Усё, што я бачыў у той дзень, мне запомніцца надоўга. Нам паказалі, як пагранічнікі затрымліваюць парушальнікаў граніцы, як адбываецца захоп машыны, будынкаў, а таксама расказалі аб амуніцыі пагранічнікаў і ваенна­служачых розных краін. Я вельмі шмат фатаграфаваў, каб усё паказаць сваім родным дома. Вельмі ўдзячны арганізатарам гэтага мерапрыемства і ўдзельнікам”.
Алена Тыцык: “Праграма нашай паездкі была вельмі насычанай і цікавай. Прыемна не толькі тое, што нам паказалі ўсяго вельмі шмат, але і што камандзіры і байцы надзвычай ветлівыя і чулыя. Яны адказвалі на ўсе нашы пытанні, разам з намі фатаграфаваліся, усім дазволілі ўволю пастраляць з розных відаў страйкбольнай зброі. Таму дзякуй за цудоўнае мерапрыемства”.
Алена Назарук: “Я проста ў захапленні ад гэтай паездкі, таму хочацца выказаць словы шчырай падзякі яе арганізатарам. У той дзень было не вельмі добрае надвор’е, але гэта не сапсавала нам настрой. Мне цікава было ўсё, што паказвалі страйкбалісты і пагранічнікі, а таксама супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. У канцы сустрэчы нас пачаставалі вельмі смачнай салдацкай кашай, напаілі гарачым чаем, кампотам з сухафруктаў”.
Алеся Міхальчук: “Экскурсія ў былую воінскую часць удалася на славу. Мы з цікавасцю аглядалі будынкі, якія тут яшчэ ёсць, колькі хацелі, столькі стралялі з розных відаў страйкбольнай зброі, паспрабавалі на смак салдацкую кашу. Мне хочацца падзякаваць Максіму Фадзееву, а таксама ўсім астатнім арганізатарам за тое, што запрасілі нас прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Мне здаецца, цікава было ўсім: і дарослым (на экскурсіі былі цэлыя сем’і), і дзецям, і хлопчыкам, і дзяўчынкам.

Опубликовано в «ГЧ» 21.01.2015 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!