Старт новых ідэй

Больш за тры тысячы маладых людзей з розных рэгіёнаў Беларусі сабраў у Мінску 42-гі з’езд грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Сярод удзельнікаў яго былі і прадстаўнікі Маларытчыны. У іх ліку першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі. Аб тым, чым запомніўся маладзёжны форум, якія падказаў ідэі і накірункі ў рабоце, распавёў ён карэспандэнту “Голасу часу”.
— Аляксей, не магу не пацікавіцца, якія ўражанні пакінуў з’езд БРСМ?
— Самыя лепшыя. Гэта быў сапраўды грандыёзны форум. Уразіла і арганізацыя яго, і атмасфера, якая панавала. Праходзіў з’езд у фармаце адкрытага дыялогу, была цікавай сама інтэрактыўная форма яго правядзення з відэатрансляцыяй з розных абласцей Беларусі. У выступленнях знайшлі адлюстраванне ўсе асноўныя накірункі работы з моладдзю: і праект “100 ідэй для Беларусі”, і студэнцкі рух, і валанцёрства, і патрыятычнае выхаванне. Было відавочным, што ў важнай справе выхавання моладзі задзейнічаны не адзін асобны раён ці вобласць, а што працуе ў рэспубліцы агульная каманда тых, хто нераўнадушны да будучыні сваёй краіны. Адчувалася зацікаўленасць справамі моладзі Прэ­зідэнта Аляк­сандра Рыгоравіча Лу­кашэнкі, які прыняў у­дзел у маладзёжным форуме, даў сваю станоўчую ацэнку таму, што ўжо зроблена, падтрымаў многія прапановы і даў наказ, не збаўляю­чы тэмпы ў распрацаваных праектах, адшукаць новыя накірункі. Вельмі ўразіла ўсіх удзельнікаў з’езда выступленне ўдзельнікаў патрыятычнага клуба “Гарнізон” Брэсцкага абласнога камітэта “БРСМ”. Зала апладзіравала стоячы і ў душы ганарыўся за нашу Брэстчыну. Незабыўнымі былі фотаэкспазіцыі, якія размясціліся ў фае Палаца Рэспублікі, дзе праходзіў з’езд БРСМ. Дэлегаты форуму ўсе разам усклалі кветкі да помніка на плошчы Перамогі. Была вельмі цікавай сустрэча з рэжысёрамі і акцёрамі кінастужкі “Дзяржаўная граніца”, якая стала працягам ідэі адкрытага дыялогу “Моладзь. Традыцыі. Будучыня”.
— Напэўна, рэспуб­ліканскі маладзёжны форум падказаў новыя ідэі? Што ў Год моладзі чакае маладых людзей раёна?
— З’езд задаў яшчэ больш патрыятычны настрой. На жаль, за мяжой у апошні час нярэдка няправільна трактуюцца многія важныя падзеі гісторыі. А таму на з’ездзе быў зроблены акцэнт на тое, каб работа з моладдзю закранала вывучэнне мінулага, захаванне памяці. А таму галоўным накірункам работы будзе ў раёне патрыятычнае выхаванне. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш, мы ставім задачай дайсці да кожнага ўдзельніка вайны, прычым не дзеля справаздачнасці, а для таго, каб з іх вуснаў школьнікі маглі яшчэ раз пачуць праўду аб вайне, а самі ветэраны не адчувалі сябе адзінокімі і забытымі. Ёсць задумка зрабіць “Палатно Перамогі”, якое будзе складацца з кавалачкаў тканіны, на якіх вучні школ раёна вышыюць імёны і прозвішчы ветэранаў сваёй мясцовасці. З’явілася яшчэ нямала цікавых ідэй. Мы сустрэліся з калегамі з іншых рэгіёнаў і цяпер думаем супрацоўнічаць, у першую чаргу ў спартыўных мерапрыемствах. Сёння раённая арганізацыя БРСМ аб’ядноўвае амаль 1200 чалавек. Рады нашы папаўняюцца. Мы актыўна працуем з моладдзю раёна ў сацыяльных сетках, стараемся данесці цікавую інфармацыю, дапамагчы маладым людзям разабрацца ў інфармацыйным хаосе, які цяпер пануе ў інтэрнэт-асяроддзі. Спадзяемся, што актыўныя маладыя людзі будуць далучацца да нашых цікавых спраў.
Гутарыла
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі.

Опубликовано в «ГЧ» 28.01.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.