Экзамен для загадчыкаў ферм

У аўторак пад старшынствам Казіміра Лапіча на базе сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў “Макраны” і “Рыта” прайшоў семінар-вучоба па тэме “Сучасныя тэхналогіі вырошчвання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы, вытворчасць малака на малочных фермах прамысловага тыпу”
Стартавала мерапрыемства раённага маштабу, у якім удзельнічалі кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі, ветурачы і загадчыкі малочнатаварных ферм сельгаспрадпрыемстваў, а таксама спецыялісты райсельгасхарчу, райветстанцыі і райплемстанцыі, на малочнатаварнай ферме Макраны-765 аднайменнага СВК. Адкрываючы семінар-вучобу, старшыня райвыканкама (у каторы раз) напомніў прысутным аб тым, што размова зноў пойдзе пра малако і яго складаемыя. І ў першую чаргу пра вырошчванне рамонтнага маладняку, ад якога напрамую залежыць развіццё малочнай жывёлагадоўлі, а яшчэ аб ролі ў гэтым вытворчым працэсе загадчыкаў ферм, якіх, адзначыў кіраўнік раёна, апошнім часам чамусьці адсунулі ўбок. А яны, між іншым, – твар фермы. Таму менавіта загадчыкі павінны паўсюдна і ва ўсім быць першымі. У асваенні новых тэхналогій, без якіх сёння ні туды і ні сюды, таксама. Асабліва гэта важна на новых жывёлагадоўчых фермах, якія аснашчаны сучасным абсталяваннем.
Ферма Макраны-765 – адна з іх. Тут справаздачу перад вялікай аўдыторыяй трымалі загадчыца Ірына Грабар і заатэхнік-селекцыянер Наталля Алесяюк. Хоць і хваляваліся, падрабязна і даходліва яны распавялі ўдзельнікам семінара-вучобы, як арганізаваны работа ў радзільным аддзяленні, родадапамога і прыём цялят, як праводзіцца іх першае кармленне малодзівам пры дапамозе зонда, а яшчэ – пра вырошчванне цялят-малочнікаў да двухмесячнага ўзросту і далей, пра ўтрыманне і кармленне цялушак і запускных кароў, дыферэнцыраванае кармленне і ўтрыманне дойнага статка. Усё, як і павінна быць, згодна з тэхналогіяй. І парадак на новай ферме, якую ўвялі ў дзеянне напрыканцы мінулага года, належны. Варта адзначыць, што вытворчасць малака да ўзроўню мінулага года павялічылася і склала 102,3%. Праўда, надой на карову зменшыўся ў параўнанні з 2013 годам на 540 кілаграмаў. На думку старшыні СВК Леаніда Селеха, на зніжэнне прадуктыўнасці кароў магло паўплываць тое, што летась кароў упершыню не выганялі на пашу.
Ды гэта, можа, і не так страшна, бо як зазначыў намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ “Савушкін прадукт” Якаў Бухавецкі, які ўдзельнічаў у семінары, малако не тое, што надоена ад каровы, а тое, што рэалізавана. Прычым не абы-якім, а высокімі гатункамі. Менавіта з гэтым у СВК “Макраны” не ўсё добра. У мінулым годзе гаспадарка толькі 56% атрыманага малака рэалізавала вышэйшым гатункам і ніводнай тоны экстра-класам. Колькі недаатрымала грошай на розніцы, падлічыць няцяжка. Ды гэта ўжо ў мінулым, калі яшчэ не было новай фермы. Хоць, па ўсім відаць, няпроста будзе з якасцю і тут. Бо, як высветлілася, значная частка кароў, якія былі пераведзены на ферму Макраны-765 з іншых, аказаліся з рознымі захворваннямі і інфекцыямі, што ўжо не гарантуе малака высокай якасці, пакуль іх не пралячыць ці не замяніць цялушкамі. Але іх неабходна яшчэ выгадаваць, каб “начыніць форму адпаведным зместам” і атрымаць аддачу.
Падобныя праблемы і на новай малочнатаварнай ферме Велікарыта-765 СВК “Рыта”. Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе ў гаспадарцы павялічыліся валавая вытворчасць малака і надой на карову, на 146 галоў больш атрымана цялят, а пагалоўе буйной рагатай жывёлы вырасла на 230 галоў (пра гэта ўдзельнікам семінара расказаў кіраўнік СВК), якасць малака тут яшчэ не адпавядае той, якая павінна быць. Толькі тут летась сельгаспрадпрыемства страціла каля паўмільярда рублёў.
Старшыня сельгаскааператыва Іван Пастушак растлумачыў гэта тым, што ў сельгаспрадпрыемстве толькі адна кропка забору малака: вось і атрымліваецца, што высокагатунковае з новай фермы і рэканструяванай Дубічанскай змешваецца з не зусім добрым са старых ферм. А ў выніку церпіць агульная якасць. На думку кіраўніка, пакуль забор малака ў гаспадарцы не будзе раздзелены, з экстра-класам праблемы будуць і далей.
Што тычыцца экзамена для загадчыцы фермы Ніны Літвінюк і тэхніка-асемя­на­тара Кацярыны Дубля­нін, то яго яны таксама вытрымалі. Як і чым карміць дойны статак, як утрымліваць запускных кароў, аказаць карове дапамогу падчас расцёлу, прыняць цяля (а гэтым павінны займацца канкрэтныя людзі і ні ў якім разе вартаўнік), а яшчэ выявіць жывёлу, якая патрабуе пакрыцця, пры дапамозе камп’ютара і не толькі, яны ведаюць і ўмеюць. Праўда, узніклі пытанні па ўтрыманні кароў пасля расцёлу, якія, на думку спецыялістаў, тут не зусім адпавядаюць патрабаванням.
Падводзячы вынікі семі­нара-вучобы, кіраўнік раёна адзначыў, што падобная “экзаменацыя” загадчыкаў ферм будзе прадоўжана. Бо менавіта ад іх адукаванасці і ўмення арганізаваць вытворчы працэс на ферме згодна з сучаснымі тэхналогіямі залежыць не толькі павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, але і будучае са­мой галіны ў цэлым. А яшчэ ім трэба працаваць са сваімі падначаленымі: людзі павінны разумець, што працаваць са стратамі сёння нельга, ды ніхто і не дазволіць.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: экзамен трымаюць спецыялісты СВК “Макраны”.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 31.01.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий