Ці абарвецца нітачка надзеі?

Прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. На ім было разгледжана 10 матэрыялаў у адносінах да непаўналетніх і іх бацькоў, якія парушылі грамадскі парадак. Распіццё спіртных напояў, знявага асобы дарослага чалавека,курэнне ў забароненых месцах і знаходжанне непаўналетніх на вуліцы пасля 23.00 без суправаджэння дарослых, невыкананне бацькамі сваіх абавязкаў – вось кола праблемных пытанняў, вынесеных на камісію.
Бывае, што адна выпітая чарка гарэлкі можа прывесці да непапраўных вынікаў. Чалавек не заўважае, як паступова становіцца рабом “зялёнага змія”. У такім выпадку пакутуюць тыя, хто знаходзіцца побач, асабліва — дзеці. Пра гэта сведчаць справы, якія разглядаліся на пасяджэнні КСН.
Сям’я Ірыны. У яе 5 непаўналетніх дзяцей. Жанчына вядзе амаральны лад жыцця, знаходзіцца на ўліку ў наркалагічным кабінеце, працяглы час нідзе не працуе, часта пакідае дзяцей адных, без нагляду. Бацька непаўналетніх прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў. У верасні мінулага года сям’ю ўжо разглядалі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Бацькам было вынесена папярэджанне за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў у дачыненні да дзяцей. Аднак меры ўздзеяння сваіх вынікаў не далі. Камісія тады прыняла рашэнне пры­знаць непаўналетніх дзяцей Ірыны ў стане, калі патрабуецца дзяржаўная абарона.Цяпер жа КСП канстатавала, што дзяўчынцы і 4 хлопчыкам патрабуецца дзяржаўная абарона, і пастанавіла забраць іх у бацькоў, прадаставіць статус дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, тэрмінам на шэсць месяцаў. Менавіта такі час дадзены бацькам на роздум. Іх папярэдзілі аб абавязку ў поўным аб’ёме вяртаць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне непаўналетніх.
Другая сям’я.На ўлік ва ўстанове адукацыі па месцы жыхарства яна пастаўлена ў канцы верасня мінулага года. Маці дзяцей Таццяна пакідае іх без нагляду, не займаецца выхаваннем, злоўжывае спіртнымі напоямі,сістэматычна некуды знікае з дому на 2-7 дзён. Робіць гэта жанчына прыкладна раз на месяц. За чатырма непаўналетнімі тады прыглядае бабуля, бывае, што і бацька дзяцей. Да Таццяны і Аляксандра КСН вырашыла прымяніць меры выхаваўчага ўздзеяння і ўказала на неабходнасць стварэння належных умоў утрымання і выхавання непаўналетніх.
— Дрэнна, калі дзяцей адбіраюць у бацькоў, — кажа Лідзія Пішчык, галоўны спецыяліст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — Гэтага ніхто не жадае. Але што рабіць, калі гора-бацькі не хочуць выхоўваць дзяцей як належыць і не задумваюцца аб выніках сваіх паводзін. Аднак аднавіць свае бацькоўскія абавязкі можна, калі захацець.Для гэтага неабходна наладзіць сваё жыццё, пакінуць злоўжываць алкаголем, працаўладкавацца і мець добрую характарыстыку.
* * *
У рабоце камісіі па справах непаўналетніх прыняў удзел Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх размова ішла пра абарону дзяцей… ад сваіх жа бацькоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 25.02.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!