Лепшыя годы – высакароднаму служэнню Айчыне

У гарадскім Доме культуры прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл РБ. У зале сабраліся кіраўнікі ўлады, ваеннаслужачыя, ветэраны, моладзь, грамадскасць горада. Да іх звярнуўся раённы ваенны камісар Алег Шышацкі.
— Няма вышэйшага гонару, чым абараняць сваю Радзіму ад ворага, стаяць на варце яе інтарэсаў, — падкрэсліў ён. – Прыемна, калі ў ваенкамат прыхо­дзяць з воінскіх часцей па­хвальныя водзывы на салдат – нашых землякоў.
Два такія Алег Уладзі­міравіч зачытаў – на малодшага сяржанта Вадзіма Сымоніка і гвардыі радавога Сяргея Васілеўскага. Сённяшнія воіны Узброеных Сіл працягваюць эстафету тых, хто змагаўся за перамогу, абараняюць мірную працу грамадзян. А ветэранам вайны Васілю Маркаву, Мікалаю Наўросю, Фёдару Сацюку, Марыі Струк і Івану Шыцікаву былі ўручаны юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
— Жывіце шчасліва, заставайцеся ў страі як мага даўжэй, — гаварыў убеленым сівізной лю­дзям са шматлікімі баявымі ўзнагародамі на грудзях старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, калі ўручаў ім памятныя медалі.
Работнікі ГДК падрых­тавалі з нагоды свята канцэрт.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня райвыканкама Казімір Лапіч уручае юбілейны медаль ветэрану Фёдару Сацюку.

Вечны прыклад
Справядліва ў праграму канцэрта было ўключана выступленне народнага хору ветэранаў вайны і працы . Які цудоўны ў гэтых самадзейных артыстаў рэпертуар! Як цудоўна ўсе яны спяваюць! Якія яны ўсе жыццярадасныя і прывабныя! Як зараджаюць яны сваімі пяшчотнымі ўсмешкамі! Якія ўсе ўдзельнікі хору маладыя! І як ім да твару прыгожыя блакітныя касцюмы – сімвал чыстага мірнага неба і вечнай радасці зямной. А кіраўнік хору Галіна Бягеза і акампаніятар Мікалай Лапцеў! Яны — адно цэлае з калектывам. І сваім гарэннем на сцэне запальваюць і ўдзельнікаў хору, і слухачоў.
А як захапляе залу і настройвае на ўрачысты лад вядучая Вольга Табачкоўская! Кожнае яе слова ідзе ад душы, пранізана высокім і шчырым пачуццём любові да сваіх землякоў, пра якіх яна так хораша расказвае.
Заўсёды шчыра захапляюся таленавітымі спевакамі братамі Барысюкамі. Прырода надзяліла кожнага з іх цудоўнымі галасамі. Але голас – гэта адно. Іншая справа – перадаць сэнс песні, якую выконваеш, данесці яе да гледача, закрануць яго душу. І Анатолю, і Аляксандру гэта заўсёды ўдаецца, таму не дзіўна, што калі слухаеш іх песні, вельмі часта плачаш, як было і на гэты раз.
Мне здаецца, што ўсе ўдзельнікі канцэрта ў той дзень заслугоўвалі таксама медалёў – за адданасць творчасці.
Як добра, што да ўдзелу ў такіх урачыстасцях, дзе ўсё пранізана духам патрыятызму, высокай маралі, далучаюць дзяцей. Акунуўшыся ў такую атмасферу, хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова нешта вынесуць для сябе, сваёй душы.
Яніна ЮРАЛАЙЦ,  г.Маларыта

Опубликовано в «ГЧ» 28.02.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.