БУМ РЫШТАВАННЯЎ

Напэўна, у Маларыце цяпер няма ніводнага абыякавага жыхара да таго, якія работы вядуцца па добраўпарадкаванні горада.
Неабходнасць маштабных ператварэнняў раёна і горада наспела даўно. З гэтай задачай можна справіцца толькі з дапамогай дзяржавы, таму для такіх мэт выдзяляюцца доўгатэрміновыя крэдыты пад дапушчальныя працэнтныя стаўкі. Для вырашэння жыллёвых пытанняў і будаўніцтва вытворчых аб’ектаў задзейнічаны магутны будаўнічы комплекс, і ў першую чаргу ПМК-20. Начальнік яе Валерый Масюк упэўнены ў безумоўным выка­нанні праграм будаў­ніцтва і ўводу аб’ектаў у тэрмін. А аб’ёмы сродкаў, якія трэба асвоіць сёлета, значныя – 57 мільярдаў рублёў па генпадраду і 28, 5 мільярда уласнымі сіламі. На сяле ў гэтым го­дзе трэба пабудаваць сіламі ПМК-20 70 індывідуальных жылых дамоў з гаспа­дарчымі пабудо­ва­мі, газам, водазабеспячэннем, каналізацыяй, ацяпленнем, добраўпарадкаваннем і г.д. Такая колькасць дамоў у сельскай мясцовасці пераконвае, што кожны год з’яўляецца новая вёска з новымі ўмовамі пражывання, а значыць, з новымі магчымасцямі развіцця сяла. Акрамя таго, будуюцца новыя фермы ў в. Дарапеевічы, Сушытніца, Лукава. ПМК-20 мае такі патэнцыял магутнасці будаўнічай вытворчасці, што бярэ аб’ёмы будаўніцтва аб’ектаў і ў іншых раёнах.
Асобна хочацца сказаць пра ўзвядзенне заводаў на тэрыторыі паміж Хаціславам і Сушытніцай. Будуюцца яны на ўнікальным месцараджэнні мелу і чысцейшага пяску, а гэта і ёсць асноўная сыравіна для вытворчасці сілікатнай і газасілікатнай цэглы, вапны. Штодзённа на будаўніцтве цэхаў завода працуе каля 220 спецыялістаў рознага профілю. Ужо ў жніўні намячаецца пробны выпуск сілікатнай цэглы і пачнуцца наладачныя работы. Кіруюць мантажом і наладкай свайго абсталявання нямецкія, удзельнічаюць у работах літоўскія і польскія спецыялісты. Гэты аб’ект будаўнічай індустрыі ў нашым раёне пакуль адзіны, з уводам яго ў эксплуатацыю ствараюцца 500 – 600 рабочых месцаў. Вядуцца работы па пракладцы газаправоду і водазабору з бурэннем свідравін. Будаўніцтва завода вядзецца самымі сучаснымі метадамі і з прымяненнем зборных металаканструкцый, жалезабетону, сценавых панэляў і г.д. Маштабы асваення кар’ера “Хаціслаўскі” і будаўніцтва такіх заводаў, зразумела, уражваюць, бо ў перспектыве будзе выпускацца 120 мільёнаў штук сілікатнай цэглы ў год і 420 тысяч кубічных метраў блокаў, 150 тысяч тон вапны. А сыравіны, згодна з даследаваннямі вучоных, хопіць на многія дзесяцігоддзі.
Райцэнтр пераўтвараецца на вачах. Маларыцкая ПМК-20 узводзіць, калі можна так сказаць, цэлы мікрараён з 5-павярховых 60-80-кватэрных жылых дамоў у раёне хлебазавода. У архітэктурным плане гэта прыгожыя і зручныя будынкі з добраўпарадкаваннем тэрыторый, дзіцячымі пляцоўкамі. Тэрміны будаўніцтва ўраж­ваюць – 1 год, і 60- ці 80-кватэрны дом гатовы да здачы. ПМК-20 здае ў эксплуатацыю сёлета 60-кватэрны жылы дом па вул. Чкалава, 80-кватэрны ва ўжо названым мікрараёне і 38-кватэрны па вул. Савецкай. На “васьмідзесятцы” работы вядуць вахтавым метадам брыгады П. Мелешчука і В. Аўдзеюка, дзе майстрам С. Барысюк.
На тэрыторыі гарадскога парка ўзводзіцца ўніверсальны спартыўны цэнтр. Генеральны падрадчык гэтага аб’екта – філіял СУ-116 ААТ “Будтрэст № 8”. У гэтым цэнтры будзе зала для гульнявых відаў спорту, дзе можна праводзіць спаборніцтвы па баскетболу, гандболу, валейболу, а таксама дарослы і дзіцячы басейны. Спартыўны цэнтр уражвае і як інжынернае збудаванне, і як архітэктурнае рашэнне.
Гэтая ж арганізацыя будуе і гасцініцу на 45 месцаў, якая ўяўляе сабой 3-павярховы будынак. Акрамя нумароў, на першым паверсе будуць бар, 2 цырульні, салон прыгажосці. З завяршэннем яе будаўдніцтва будзе завершана афармленне ансамбля цэнтральнай плошчы Маларыты.
Гледзячы на аб’екты, якія ўзводзіць СУ-116, можна пераканацца, які магутны патэнцыял мае гэтая арганізацыя – кваліфікаваныя спецыялісты, разнастайная сучасная тэх­ніка. Уражвае ўкладка бетону аб’ёмам у 400 метраў кубічных да 24 гадзін няспыннага цыкла з прыгатаваннем яго на пляцоўцы.
Па вул. Савецкай Баранавіцкі “Будінвест” узводзіць разлі­кова-касавы цэнтр, дзе можна будзе разлічыцца за ўсе паслугі, прадастаўляемыя насельніцтву. Адказны прараб гэтага аб’екта – А. Якубовіч.
Цяпер у горадзе назіраецца будаўнічы бум. Калі мы яшчэ раней бачылі столькі будаўнічай тэхнікі і будаўнікоў на ўзводзімых аб’ектах з многіх гарадоў вобласці! Адных толькі вежавых кранаў працуе 6, а аўтамабільных – дзесяткі.
Абнаўляюцца адміністрацый­ныя дамы, будынкі райвыканкама, школы мастацтваў, 9-павярховы жылы дом на плошчы. Як папрыгажэлі дзіцячыя сады! Вядзецца капітальны рамонт паліклінікі, дзе працуе СПМК-22 з г. Бярозы. У канчатковым выніку комплекс будынкаў раённай бальніцы павінен стаць прыгожым ансамблем.
Спяшаюцца будаўнікі выканаць у тэрмін работы па капітальнаму рамонту раённай гімназіі, дзе фасад гатовы ўжо, вядуцца ўнутраныя работы, устаноўлена металічная прыгожая агароджа, абноўлена асфальтавае пакрыццё на тэрыторыі, пабудавана новая, на аснове перадавых тэхналогій, спартыўная пляцоўка для гульні ў міні-футбол, якую ўрачыста адкрываў Генадзь Нявыглас. Нямала рамонтных работ вядзецца на будынках СШ № 1, СШ № 2, цэнтры паза­школьнай работы і дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці.
Несумненна, самага пера­борлівага кліента можа прыемна здзівіць будынак “Аграпрамбанка”. Ён сам і тэрыторыя вакол яго ўражваюць прыгажосцю, гамай колераў. Так і хочацца сказаць добрыя словы будаўнікам і кіраўніцтву банка. А на ўездзе ў Маларыту па вул. Кобрынскай велічна выглядае новы будынак аддзела пагранічнай службы «Маларыта». Упрыгожаннем горада стаў цяперашні будынак “Дзіоны”.
Грунтоўна вядуцца работы па ўстройству двухсхільных дахаў на жылых будынках. Старыя дахі патрэбна было рамантаваць, летам перагравалі жылыя верхнія паверхі, зімой – прамярзалі. Выконваюцца цепларэабілітацыйныя работы, аддзелка фасадаў. Напрыклад, па вул. Савецкай, 54/1 работы вядзе “Будкомплекс”, дзе адказны А. Цецярук, гэтая ж арганізацыя рамантуе дом № 66/1 па вул. Савецкай (адказны І. Андрэйчук). Кобрынскі філіял “Спектр” вядзе аналагічныя работы па рамонту панельных дамоў па вуліцах Савецкая і Палеская, а кобрынскі “Буддызайн” – па вул. Паркавай і іншых. Зразумела, што ва ўстройстве двухсхільных дахаў, уцяпленні сцен, замене аконных і дзвярных блокаў маюць патрэбу дзесяткі жылых будынкаў, усіх пералічыць няма магчымасцей, але гэтыя работы будуць выкананы ў патрэбным аб’ёме.
Вялікія аб’ёмы выкананы практычна па ўсёй Маларыце па замене жалезабетонных электраапор, якія адслужылі сваё. Замест алюмініевых правадоў новыя пракладзены кабелі, працягнуты новыя правады радыё.
Вуліцы і двары ў горадзе ў многіх месцах перакапаны, разрэзаны і падняты асфальт для пракладкі інжынерных сетак, шмат цепласетак заменена на новыя, і работы працягваюцца. Мяняюцца ўчасткі водаправоду, уздоўж вуліц пракладваюць ліўневую каналізацыю. Паспяхова вядуць тут работы Маларыцкая ПМК-8, ПМК-52 і ПМК-55 “Брэстводбуда”. На пракладцы цепласетак працуе Бярозаўская ЖКГ.
І пра добраўпарадкаванне. У сувязі з тым, што пакрыццё плошчы, пляцовак і тратуараў было зношаным, давялося поўнасцю мяняць яго. Аб’ёмы работ па добраўпарадкаванні вельмі вялікія. У першую чаргу трэба было ўбраць не адзін дзесятак дрэў, што раслі амаль на трасе, а таксама зняць старое пакрыццё. Самы вялікі аб’ём па добраўпарадкаванні выконвае ТАА “Благаланд”, дзе за якасць і арганізацыю работ адказвае прараб А. Базылюк. Летась спецыялісты “Благаланда” працавалі на добраўпарадкаванні плошчы, цяпер вядуць работы па вул. Савецкай. Цудоўную задумку ператварылі ў рэальнасць на пляцоўцы каля бібліятэкі, іх работу адрознівае якасць і хуткасць. Немалы аб’ём работ на добраўпарадкаванні выканала і ПМК-20. Кветнікі на плошчы і добраўпарадкаванне вул. Паркавай, Лермантава, Маякоўскага – справа рук яе будаўнікоў. Выдатна справілася з работамі па добраўпарадкаванні вул. Несенюка арганізацыя “Ньюмор” з Брэста, дзе адказны прараб А. Апанасенка. Шмат зрабілі па вуліцах Чкалава, Лермантава, Школьнай дарожнікі з Маларыцкага ДРБУ-179 (прараб А. Шабан).
Калі падлічыць пагонныя метры тратуараў і скласці іх у адну лінію, то атрымаецца значная лічба – 9650 пагонных метраў. Мне як спецыялісту будаўнічай галіны вельмі зразумела, якіх намаганняў каштуе ўся гэтая работа, якіх спецыяльных ведаў патрабуе, якіх фізічных затрат. Прыязджаючы ў любы горад, вёску, мы заўжды любуемся вынікамі работы будаўнікоў. Людзі, што ствараюць прыгажосць, утульнасць на многія дзесяцігоддзі, заслугоўваюць павагі і па­хвалы.
Уладзімір АНТОНАЎ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!