Сонца, вада і добры настрой

Лета, пабіўшы ўсе шматгадовыя тэмпературныя рэкорды, здзівіла сёлета нас сваім спякотным надвор’ем, а хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў чэрвені-ліпені адпачывалі ў лагеры на станцыі турызму і краязнаўства ў вёсцы Олтуш, яшчэ і цудоўна арганізаваным адпачынкам. У трох профільных зменах – дзвюх турыстычных і адной патрыятычнай — былі задзейнічаны больш за 160 школьнікаў.
Арганізаваць, прадугледзеўшы кожную дробязь, цікавы, каларытны, запамінальны адпачынак для дзяцей розных узростаў, было няпроста. Але ў ініцыятыўнага дырэктара  лагера Валянціны Уладзіміраўны Жалнерык, вопытных і адказных кіраўнікоў Олтушскай СШ і станцыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Наталлі Пятроўны Зезюковай і  Мікалая Пятровіча Ялова ўсё атрымалася. Падрыхтаваўшы базу для размяшчэння дзяцей, яны прадумалі кожную дробязь, бо разумелі, што добраму настрою ў многім спрыяе камфорт.

Зрабіць адпачынак школьнікаў актыўным, насычаным падзеямі вельмі стараліся выхавальнікі-педагогі з СШ № 1 горада Маларыты, Арэхаўскай, Пажэжынскай, Велікарыцкай, Хаціслаўскай і Олтушскай сярэдніх школ раёна, а што датычыцца турыстычных мерапрыемстваў, тут ужо многае залежыла ад метадыста станцыі дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Алены Сцяпанаўны Сіжук. Дзеці з задавальненнем адпраўляліся ў паходы, пераадольвалі паласу перашкод, спаборнічалі ў арыентаванні.
— У лагеры,  — дзялілася Валянціна Жалнерык, — адпачывалі дзеці ад сямі да семнаццаці гадоў. Узрост вельмі розны і ўсё ж  трэба было пастарацца зрабіць так, каб ніхто не сумаваў. Радуе, што з дапамогай ініцыятыўных людзей – дарослых і дзяцей,  усё атрымалася.
Дзень Нептуна, “Хвіліна славы”, конкурс акцёрскага майстэрства, “Міс наадварот”, “Рыцарскі турнір”, “Казка на новы лад” – мерапрыемствы, якія зацікавілі ўсіх  школьнікаў – ад маленькіх да вялікіх.
Цёплае сонейка дазволіла хлопчыкам і дзяўчынкам адпачываць на беразе возера. Пад пільным кантролем інструктараў па плаванні дзеці атрымлівалі задавальненне ад воднай прахалоды. А калі крыху стомленыя актыўным адпачынкам вярталіся на турбазу, іх чакалі смачныя абеды, полудні і вячэры. Увогуле ў лагерных зменах было арганізавана пяціразовае харчаванне, а вопытныя повары Олтушскай школы пастараліся, каб кожная страва была смачнай і каларыйнай.
— Вельмі прыемна, што ў арганізацыі летняга аздараўленчага адпачынку дзяцей не было раўнадушных. Нам ахвотна, разумеючы ўсю важнасць справы, дапамагалі многія. Нягледзячы на тое, што ў кожнай змене працаваў медыцынскі работнік, вялікую кансультацыйную дапамогу аказвалі работнікі Олтушскай ўчастковай бальніцы, — расказвала дырэктар лагера Валянціна Жалнерык.
Не заставаўся ў баку ад аздараўленчай работы і Олтушскі сельвыканкам. Старшыня яго, Адам Іванавіч Бідзюра, знайшоў час, каб сустрэцца з дзецьмі, пагутарыць, даведацца пра тое, як ім адпачываецца. Запомнілі школьнікі і сустрэчу са старшынёй мясцовай гаспадаркі Пятром Пракопавічам Яцурам у час экскурсіі па новым комплексе ў в. Дворышча. Хлопчыкі і дзяўчынкі, многія з якіх жывуць у горадзе, паглядзелі, як працуе ферма, пазнаёміліся з новымі тэхналогіямі, пачаставаліся свежанькім малаком.
З паходамі па месцах баявой славы дзеці пабывалі ў вёсках Ланская і Арэхава, наведалі помнікі ў вёсцы Олтуш. Шмат новага пра Вялікую Айчынную вайну даведаліся яны з вуснаў ветэрана Дзмітрыя Яўстафавіча Катла, з якім сустракаліся.
Разам з дзецьмі з нашага раёна ў час патрыятычнай змены ў лагеры адпачывалі выхаванцы спартыўнай школы з Брэста. Між іншым, у Олтушскім лагеры брэсцкія школьнікі адпачываюць ужо не першы год. Іх прываблівае і возера, і добрае харчаванне, і адносна танныя пуцёўкі. Група спартсменаў хутка пасябравала з іншымі адпачываючымі і актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах. Асабліва зацікавіла дзяцей супрацоўніцтва з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Вельмі цікава было кожнаму  непасрэдна пазнаёміцца з работай пажарных з аварыйна-выратавальнага паста вёскі Ланская.
Дні адпачынку заўжды пралятаюць вельмі хутка, але калі яны зараджалі настроем, яшчэ доўга ўспамінаецца кожны момант. А калі нешта і забудзецца, дык напомняць фотаздымкі, якія засталіся на памяць у кожнага.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: так у лагеры святкавалі Дзень Нeптуна.  
Фота з архіва лагера.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!