Справа за аддачай

На мінулым тыдні справаздачу аб укараненні новых тэхналогій вытворчасці малака, пачынаючы ад нараджэння цяляці, трымалі спецыялісты СВК “Гвозніца”
А дакладней, загадчыца малочнатаварнай фермы “Гвозніца” Алена Лапко. Яна, як і галоўны ветурач гаспадаркі Алена Малечка, хвалявалася. Гэта адчувалася не толькі падчас семінара-вучобы, але і перад яго пачаткам, калі падрыхтоўка ішла яшчэ поўным ходам.
Так здарылася, што на ферме я аказалася крыху раней за ўдзельнікаў мерапрыемства раённага маштабу, таму многае з таго, што ўбачыла там, для іх засталося, як гавораць, за кадрам. Але я не буду распавядаць пра гэта. Няхай некаторыя падрабязнасці так і застануцца за кадрам. Бо, у рэшце рэшт, справа не ў нейкіх там паперах і стэндах – хоць і яны павінны быць у парадку, а ў выніках работы жывёлаводаў. Але іх, на жаль, пакуль няма. Больш таго, як зазначыў падчас семінара старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, яны працуюць горш, чым летась. Хоць па ідэі ўсё павінна быць наадварот. Асабліва пасля таго, што зроблена на гэтай ферме апошнім часам у плане стварэння ўмоў як для ўтрымання жывёлы, так і для працы даярак, цялятніц і даглядчыкаў маладняку. Але сёння гэтага, на жаль, недастаткова для атрымання належнай аддачы. Значыць, праблема ў тэхналогіі вытворчасці малака…
Адкрываючы семінар-вучобу з удзелам кіраўнікоў, ветурачоў і загадчыкаў ферм сельгаспрадпрыемстваў, старшыня райвыканкама яшчэ раз напомніў прысутным пра тое, што без тэхналогій далейшае развіццё жывёлагадоўлі немагчыма. А калі ў гаспадарцы не будзе гэтай галіны, то і сама гаспадарка разбурыцца, бо пры ўсёй падтрымцы сельгасвытворцаў, толькі малако дазваляе ім зводзіць канцы з канцамі. І добра, што ў большасці гаспадарак работнікі жывёлагадоўчай галіны пачалі разумець перавагі вытворчасці малака па тэхналогіі і тое, як гэта робіцца.
Разумеюць гэта, калі меркаваць па справаздачы загадчыцы фермы “Гвозніца” Алены Лапко, і ў СВК “Гвозніца”. На ўсе пытанні кіраўніка раёна дзяўчына адказала. І пра першую порцыю малодзіва, якое цяля павінна атрымаць ў першую гадзіну пасля нараджэння, і пра рацыён кармлення кароў у розныя перыяды пасля расцёлу, і пра многае іншае. Ды толькі работу гэтую выконваць даводзіцца не ёй, а цялятніцам і даяркам. Таму так важна, каб усе гэтыя нюансы былі даведзены да непасрэдных удзельнікаў вытворчага працэсу. Лю­дзям неабходна растлумачыць, для чаго ўсё гэта неабходна.
Як станоўчае, удзельнікі семінара-вучобы адзначылі чысціню і парадак на тэрыторыі фермы і ў жывё­лагадоўчых памяшканнях. Магчыма таму, што тут не шкадуюць саломы для подсцілу, каровы, цялушкі і цяляты ў СВК “Гвозніца” такія чыстыя і дагледжаныя. Вось толькі жывёла на ферме не абязрожаная. А гэта ў сваю чаргу небяспечна для кароў, якія абязрожаны.
Падводзячы вынікі ўбачанаму і пачутаму, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч канстатаваў,што зроблена за апошнія два гады ў СВК “Гвозніца” многа, у тым ліку гаспадарчым спосабам, і ён хацеў бы падзякаваць за гэта кіраўніцтву гаспадаркі, але… справа за аддачай. Падзяка будзе, калі, нарэшце, павялічацца вытворчасць малака і яго якасць.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: у час семінара ў СВК “Гвозніца”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!