“ByFly” і ”Zala” – у глыбінцы

Без малога 5 тысяч жыхароў раёна з’яўляюцца карыстальнікамі паслуг высакахуткаснага інтэрнэта “ByFly”, больш за 4 тысячы абанентаў налічвае ўжо і інтэрактыўнае тэлебачанне ”Zala”.

Сучасныя тэхналогіі дайшлі нават да глыбінкі. Так, сёлета ў лютым была завершана мадэрнізацыя аналагавай тэлефоннай станцыі ў вёсцы Брадзяцін. З устаноўкай новага абсталявання і заменай нумароў на лічбавыя, вяскоўцы атрымалі цэлы спектр дадатковых тэлефонных паслуг і магчымасць падключыць “Байфлай” і ”Залу”. Падвесці да свайго “блакітнага” экрана інтэрактыўнае тэлебачанне пажадала трое жыхароў вёскі, а вось жадаючых падключыцца да высакахуткаснага інтэрнэта знайшлося ўдвая больш. За некалькі тыдняў работнікі райвузла электрасувязі выканалі ўжо 7 заявак на падключэнне. Сярод тых вяскоўцаў, хто, не раздумваючы, адразу выказаў жаданне падключыцца да паслуг “Белтэлекама”, была і Тамара Валяр’янаўна Семянюк. Як толькі электраманцёр райвузла электрасувязі Аляксандр Лямачка зрабіў усе неабходныя падключэнні, жанчына-пенсіянерка ўзялася асвойваць новыя магчымасці. А калі ў яе дом, каб пацікавіцца, ці ўсё задавальняе новага абанента, зайшлі начальнік райвузла электрасувязі Анатоль Клюнчык і спецыяліст па маркетынгу Пётр Кучарук, выказала шчырыя словы падзякі:
– Раней я жыла ў Брэсце. І на рабоце заўжды працавала з інтэрнэтам, і дома любіла пачытаць навіны. А таму, збіраючыся пераехаць у Брадзяцін, дзе купіла дом, каб з шумнага горада перабрацца бліжэй да прыроды, вядома, пацікавілася, ці ёсць магчымасць падключыць “Байфлай”. Прызнацца, вельмі засмуцілася, калі пачула, што да такой невялікай вёскі, дзе жывуць у большасці пенсіянеры, сучасныя тэхналогіі дойдуць наўрад ці. Каб атрымліваць электронную пошту ці патрэбную інфармацыю, час ад часу карысталася 3G-мадэмам, але хуткасць у яго вельмі малая. А таму, калі даведалася пра замену абсталявання на тэлефоннай станцыі і магчымасць падключыць высакахуткасны інтэрнэт, вельмі абрадавалася. Думаю, і для іншых вяскоўцаў такія паслугі будуць дарэчы.
Не праігнаравала Тамара Валяр’янаўна і магчымасць падключыць пакет каналаў тэлебачання ”Zala”.
– Спадарожнікавая антэна, якая была ў мяне, дазваляла гля­дзець сотні каналаў, – расказвала жанчына, – але сярод іх не было беларускіх. А мне хацелася больш чуць пра сваю краіну. Цяпер бу­дзе такая магчымасць. Першае ўражанне – вельмі добрае тэлебачанне, вялікі пакет каналаў, адным словам – ёсць што паглядзець.
Жыхарам далёка не ўсіх малень­кіх вёсачак раёна шанцуе так, як брадзяцінскім. Хутчэй – гэта выключэнне з правілаў, бо ў вёсцы даўно з’явілася тэлефонная станцыя. Да населеных пунктаў, дзе станцыі няма, падводзіць інтэрнэт, хоць сярод вяскоўцаў знаходзяцца тыя, хто б ахвотна карыстаўся гэтай паслугай, вельмі затратна. Затое, жыхары ўсіх аграгарадкоў і цэнтральных вёсак даўно маюць магчымасць карыстацца і высакахуткасным інтэрнэтам “ByFly”, і інтэрактыўным тэлебачаннем. Так, у Гвозніцкім сельсавеце карыстальнікамі паслугі “ByFly” з’яўляюцца 25% абанентаў тэлефоннай станцыі, 37% абанентаў падключаны да тэлебачання ”Zala”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Тамара Семянюк атрымлівае падарункі ад “Белтэлекама”.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 1.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий