5 красавіка творчыя калектывы Маларытчыны пацвярджалі званні “Узорны” і “Народны”
Восем калектываў на Маларытчыне цяпер маюць званні “Народны” і “Узорны”, а ўзорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” (Хаціслаўскі СДК, кіраўнік Галіна Хомік) яшчэ з’яўляецца і заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь. Гэтыя ганаровыя званні з’яўляюцца не толькі сведчаннем высокага майстэрства і таленту выканаўцаў, але і вынікам іх карпатлівай працы, пастаянных рэпетыцый, нястомнага адточвання тэхнікі выканання. Музычныя калектывы, якія дасягнулі высокай планкі, не сядзяць склаўшы рукі, не спачываюць на лаўрах, бо ганаровыя званні “Народны” і “Узорны” неабходна раз у тры гады пацвярджаць. Гэта – важны стымул для павышэння мастацкага ўзроўню ўдзельнікаў і іх выканаўчага майстэрства.
У суботу, 5 красавіка, у Маларыце адбылася чарговая культурная падзея. Музычныя і вакальныя здольнасці дэманстравалі індывідуальныя выканаўцы і мастацкія калектывы раёна. Сваю канцэртную праграму прадставіў народны вакальны ансамбль “Акалада” (кіраўнік Аляксандр Барысюк). Калектыву званне “Народны” ўпершыню было нададзена ў 2019 годзе, пацверджана – у 2022 годзе. Селёта ансамбль прадэманстраваў шыкоўную праграму з 14 песенных нумароў.
Прайшло на “біс” і выступленне ўзорнага дзіцячага агіттэатра “Гадзіна Пік” (Маларыцкі раённы цэнтр культуры, кіраўнік Аліна Дворак). Нікога з прысутных у зале не пакінула абыякавым агітацыйна-мастацкае прадстаўленне “Помнім! Шануем! Ганарымся!”, прымеркаванае да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
На сцэне Маларыцкага раённага цэнтра культуры таксама адбыліся адборачныя туры песеннага форуму “З любоўю да песні” і фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”. На першым творчым выпрабаванні сваё выканальніцкае майстэрства дэманстравалі народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” (Маларыцкі раённы цэнтр культуры, кіраўнік Алёна Свішчова) і народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне” (Хаціслаўскі СДК, кіраўнік Вячаслаў Краўчук). На суд гледачоў і абласной камісіі гэтыя калектывы прадставілі па тры разнажанравыя песні.
Удзельніцамі адборачнага этапу фестывалю нацыянальных культур сталі Лілія Чуль (прадстаўляла рускую культуру, выканала дзве песні), Аляксандра Вашчынчук і Крысціна Булатава (прадстаўлялі малдаўскую культуру, выканалі танец “У ракі”). Майстры народнай творчасці прадставілі свае рукатворныя шэдэўры. Валянціна Рэзнікава з в. Сушытніца дэманстравала вышываныя работы (украінская культура), Наталля Кавальчук з аг. Хаціслаў – вырабы з саломы (украінская культура).
Члены абласной камісіі адзначылі, што ўзровень выканання маларыцкіх артыстаў быў традыцыйна высокім. Адчувалася, што індывідуальныя выканаўцы і калектывы рыхтаваліся адказна, грунтоўна і старанна, дасканала адшліфоўваючы кожны нумар. З чарговым творчым выпрабаваннем, усе, хто выходзіў на сцэну, справіўся на выдатна!
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.











