“І мы яшчэ спяем…”

Вользе не было тады і сямі гадоў, але добра памятае яна, як гарэла яе вёска Лука, што на Кобрыншчыне, як разам з бацькамі хаваліся дзеці ў лесе, як знайшла прытулак сям’я на хутары. Але ярчэй за ўсё адлюстраваліся ў памяці тыя моманты, калі яна, маленькая галасістая дзяўчынка, спявала для партызанаў, якія пастаянна прыходзілі на хутар. “У чыстым полі, полі пад ракітай…” – заводзіла тоненькім галаском дзяўчынка любімую песню байцоў, і яны ўважліва, думаючы аб нечым сваім, слухалі яе.

Вайну Вольга Каленікаўна Брухавецкая, як, між іншым, і ўсе дзеці вайны, памятае добра. Яна, маленькая, спрытная дзяўчынка, добра ведала ўсе партызанскія сцежкі, не раз хадзіла ў атрад. Здаралася нават, што на дарозе сустракалі яе немцы. Той страх, які адчувала, і сёння халодзіць кроў. Ды і як забыць перажытае ў далёкім ваенным дзяцінстве, калі і ў балоце даводзілася з бацькамі хавацца ад немцаў, і без даху над галавою жыць. Калі прыйшло вызваленне, сям’я, у якой было пяцёра дзяцей (апошняе нарадзілася, калі сям’я ўжо жыла на хутары), вярнулася ў вёску. Усёй грамадой тады вяскоўцы, якія засталіся ў жывых, будавалі новыя дамы. Бацька Вольгі быў настаўнікам. Пад адкрытым небам ён пачаў даваць першыя ўрокі ў школе. Жыццё паступова наладжвалася, але вайна засталася ва ўспамінах. А яшчэ ў песнях пра ваенны час, якія любіла і любіць Вольга Каленікаўна.
Між іншым, з песнямі было звязана ўсё яе жыццё. Працоўныя будні для дзяўчыны пачаліся рана. Падлеткам пайшла яна працаваць на швейную фабрыку ў Кобрын. І адразу запісалася ў мастацкую самадзейнасць. Разам з хорам і танцавальным калектывам, у якіх актыўна ўдзельнічала, яна пабывала на розных сцэнах. Захапленне песняй дабаўляла ў жыццё яркія колеры. І нават калі з’явілася свая сям’я, нарадзіліся дзве дачушкі, яна па-ранейшаму ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Спалучаць работу, сямейны быт і захапленне дапамагала Вользе Каленікаўне пастаянная падтрымка мужа – Анатоля Нічыпаравіча.
Са сваім Анатолем, памяр­коўным, паважлівым чалавекам, дбалым гаспадаром, клапатлівым мужам і бацькам, дзедам і прадзедам Вольга Каленікаўна жыве дружна, душа ў душу ўжо 57 гадоў. Знаёмства ў клубе са статным хлопцам перарасло ў каханне. А праз год яны ўжо сталі сям’ёй. Не было ў Брухавецкіх пышнага вяселля. У абедзенны перапынак пайшлі і падалі заяву ў ЗАГС. А праз некаторы час зарэгістравалі шлюб. І хоць такую важную ў жыцці падзею адзначылі проста, без пампезнасці, для якой не было ў іх бацькоўскіх сем’ях сродкаў, гэта няважна. Галоўнае, што іх сямейнае жыццё складвалася ўдала: жылі дружна, ва ўзаемаразуменні, у ла­дзе і згодзе. Жонка была для мужа самай лепшай, ён заўжды спяшаўся на канцэрт, каб палюбавацца сваёй пявунняй, а яна, адчуваючы падтрымку, выходзіла на сцэну з яшчэ большым натхненнем.
У 1966 годзе сям’я пера­ехала ў Маларыту, куды Анатоля Нічыпаравіча, які быў ваенным, накіравалі служыць. Вользе Каленікаўне давялося шукаць новае месца работы. Яно знайшлося ў гандлі. Якраз у той час былі папулярнымі агляды мастацкай самадзейнасці, і ў кожным працоўным калектыве стараліся адшукаць свае таленты, каб з гонарам выступіць на сцэне. А таму Вольгу Каленікаўну ахвотна прынялі ў творчы калектыў райспажыўтаварыства. Пра прыгожы голас жанчыны хутка даведаліся і ў вайсковай часці, куды з часам перайшла працаваць яна. Настолькі прывыкла Вольга Каленікаўна па жыцці ісці з песняй, выступаць, адчуваць лёгкае хваляванне перад пачаткам выступлення, аддавацца цалкам песні, чуць апладысменты, што, калі расфарміравалі вайсковую часць, а разам з ёй і хор, адразу прыйшла ў гарадскі Дом культуры, дзе ў той час ужо быў хор ветэранаў.
– Вольга Каленікаўна – наш салавей, – заўважае кіраўнік народнага хору ветэранаў Галіна Бягеза. – У яе вельмі цікавы тэмбр голасу, які, нягледзячы на ўзрост, не змяняецца. На сцэне яна свеціцца, як сонейка. Раней нярэдка саліравала, цяпер спявае і ў дуэце, і ў трыа, і ў квартэце.
Яшчэ ў калектыве хору добра ведаюць яе адказнасць. Было так, што вось-вось выступленне, а Вольга Каленікаўна ў баль­ніцу трапіла. Не, яна не можа іншых падвесці. Вольгу Каленікаўну з бальніцы дастаўлялі на канцэрт. У прыгожым убранні, з абавязковай загадкавай усмешкай на твары яна выходзіла на сцэну, спявала, а пасля канцэрта зноў вярталася на бальнічны ложак. І ўсё таму, што падвесці людзей, якія, як і яна, душою звязаны з хорам, для Вольгі Каленікаўны быццам бы здрадзіць. А такое не ў яе характары. Да людзей, як гаворыць Вольга Каленікаўна, заўжды трэба ставіцца з дабрынёй, чуласцю, спагадай, тады і сам будзеш адчуваць сябе шчаслівым.
Сям’я яе, успамінае жанчына, заўжды была музычная. Дзед іграў на скрыпцы, ва ўсіх былі добрыя галасы і прыроджаны слых. Голас і слых дасталіся ў спадчыну і ёй. Не кожнаму дадзена трапіць на вялікую сцэну. Аб такім Вольга Каленікаўна ніколі і не марыла. Ёй дастаткова было і звычайнай. Галоўнае – каб можна было спяваць для іншых.
Калі Вольга Каленікаўна на сцэне, у зале абавязкова яе муж, які ўважліва слухае, стараючыся з многіх вылучыць менавіта яе тонкі, чароўны галасок. Яго маральная падтрымка, прызнаецца Вольга Каленікаўна, ёй вельмі патрэбна. Сапраўды, калі ў доме гармонія, усё ладзіцца, калі ты, нягле­дзячы на пражытыя гады, адчуваеш цяпло, клопат чалавека, як і твая надзейная палавінка, дык і спяваць хочацца. І песня тады ідзе з самай душы.
У памяці Вольгі Калені­каўны сотні песень. Як гэта ні дзіўна, але і ў свае без малога восемдзесят гадоў радкі песень яна ловіць проста на ляту. Дастаткова ёй раз-другі праспяваць новую песню, і словы ўжо застаюцца ў памяці. Быў у жыцці Вольгі Каленікаўны цяжкі момант, калі хвароба ледзь не паралізавала яе. Каб зноў вярнуцца да нармальнага жыцця, жанчына, як толькі дазволілі ўстаць з ложка, прымушала сябе больш рухацца і, разам з тым, трэніравала памяць, чытаючы малітвы, паўтараючы вершы, песні. Увогуле актыў­насць, упэўнена Вольга Каленікаўна, патрэбна ў любым узросце, а ў пажылым – тым больш. А таму кожны дзень яна, прызнаецца, па меры магчымасці займаецца гімнастыкай. І дзякуючы таму, што не сядзіць на месцы, душою не старэе.
У вялікім песенным рэпертуары ў Вольгі Каленікаўны ёсць свае любімыя творы. Асабліва ёй падабаюцца песні, якія вяртаюць у маладосць. Спадзяецца Вольга Каленікаўна, што сёлета зможа разам з хорам прыняць удзел у святочным канцэрце, прысвечаным 70-годдзю Перамогі. На такіх канцэртах, адзначае Вольга Каленікаўна, пануе асаблівая атмасфера, з’яўляецца гонар за тое, што людзі змаглі многае перажыць, пераадолець немагчымае, каб вярнуць мір і спакой на сваю зямлю.
– Мне вельмі прыемна, калі знаёмыя, сустрэўшы на вуліцы, пытаюцца, ці хутка хор ветэранаў зноў будзе выступаць. Значыць, нашы песні любяць слухаць, – разважае Вольга Каленікаўна. І з усмешкай дадае:
– І мы яшчэ спяем…
Святлана Максімук.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Брухавецкая.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 15.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий