Толькі асабістая неабыякавасць

…На чарговым пасяджэнні Макранскага сельвыканкама пытанне прафілактычнай работы па папярэджанні пажараў было ў цэнтры ўвагі. Тым больш, што нагода для такой размовы ёсць. 

Толькі за апошнія некалькі месяцаў (канец 2014 года – пачатак 2015 года) на тэрыторыі сельсавета здарылася тры пажары, два чалавекі загінулі ў агні. Безумоўна, самае галоўнае ў пажарнай бяспецы – асабістая асцярожнасць кожнага чалавека. Але вельмі часта ад трагедыі беражэ ўважлівасць і неабыякавасць тых, хто знаходзіцца побач. А таму асноўную ўвагу прысутных на пасяджэнні старшыня Макранскага сельскага Савета Барыс Самасюк звярнуў на актывізацыю работы назіральнай камісіі, якая створана пры сельвыканкаме. Функцыя грамадскай структуры, у якую ўваходзяць прадстаўнікі розных вясковых устаноў, – настаўнікі, работнікі культуры, мясцовай гаспадаркі, старасты вёсак, самая што ні ёсць простая – фіксаваць факты і своечасова паведамляць аб праблемах, звязаных з бяспекай, у адпаведныя інстанцыі. Члены камісіі, наведваючы дамы вяскоўцаў, павінны звяртаць увагу на тое, ці ўсё ў домаўладаннях адпавядае нормам бяспекі.
Кожны з 17 пазаштатных пажарных інспектараў быў азнаёмлены з гэтымі задачамі. Вучобу грамадскіх памочнікаў пажарных інспектараў правёў старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатоль Чырук. Размаўляючы з членамі назіральнай камісіі, ён асобую ўвагу звярнуў на дробязі, якія пры наведанні домаўладанняў павінны абавязкова трапляць у поле зроку.
Ад пазаштатных пажарных інспектараў, як падкрэслівалася, патрэбна толькі асабістая неабыякавасць. Не застацца раўнадушным, калі пры наведванні дома кідаюцца ў вочы яўныя парушэнні пажарнай бяспекі – гэта значыць падумаць пра жыццё свайго аднавяскоўца.
З тым, як павінны праводзіцца рэйды па домаўладаннях, члены назіральнай камісіі пазнаёміліся не толькі на словах, але і на практыцы. Сям’я, у якой ёсць непаўналетнія дзеці, для наведвання была выбрана не выпадкова. У час вясенніх канікулаў школьнікі адпачываюць дома, а значыць важна, каб была гарантавана іх бяспека. Да гаспадара домаўладання і ў пажарных інспектараў, і ў членаў назіральнай камісіі адразу з’явілася шмат пытанняў і прэтэнзій. Па-першае, у доме адчуваўся пах цыгарэтнага дыму, а гэта ўжо схаваная пагроза жыццю дарослых і дзяцей, па-другое, адзіны ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік не працаваў, бо даўно не замяняліся элементы сілкавання. На першы раз гаспадары атрымалі вусныя папярэджанні.
Зборам інфармацыі члены назіральнай камісіі займуцца ў бліжэйшы час. У невялікіх вёсках домаўладанні наведаюць старасты. Службовым жыллём СВК зоймуцца прадстаўнікі мясцовай гаспадаркі. За кожнай з вуліц цэнтральных вёсак замацаваны пазаштатныя пажарныя інспектары, наведвацца ў дамы вяскоўцаў дазваляе ім спецыяльнае пасведчанне. Праз месяц у сельвыканкаме плануюць правесці аналіз сабранай інфармацыі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час рэйду.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!