КВЕТКI НА АСФАЛЬЦЕ

 

Міма двара Івана і Надзеі Навумчыкаў з вёскі Дрочава нельга прайсці, не азірнуўшыся. У вочы кідаецца сам дом, і плот вакол участка, які з вуліцы абплецены просценькімі, але вельмі прыгожымі кветкамі. А за ім адкрываецца кветкавае асарці: цыніі, флёксы, лаватэры, гладыёлусы, вяргіні, аксаміткі, калыхаючы на ветры сваімі рознакаляровымі га­лоўкамі,  нібы танцуюць ў няспынным танцы. За парадкам назірае, размясціўшыся на зялёным газоне, яркі гном. Вакол яго хаатычна, але з густам размешчаны кветкі ў гаршках. Нават у глыбіні двара – ля гаспадарчых пабудоў і цяплічак таксама растуць кветкі.
— Яны ў нас усюды,  нават на асфальце растуць… Не верыце? – усміхаюцца гаспадары.

І сапраўды на тратуарнай плітцы цвіце белая прыгажуня лаватэра. Насенне яе вясной між  плітак патрапіла і прыжылося, з’явілася слабая раслінка. Гаспадары яе заўважылі, пачалі паліваць, а яна парадавала прыгожымі кветкамі.
Усё ў двары Навумчыкаў зроблена з густам. Ад спякоты хавае іх ў сваім цяньку вялікая вінаградная арка. Вечарам, нібы таямнічыя светлячкі, двор асвятляюць прыгожыя ліхтарыкі — рамантычны настрой забяспечаны.
Сёлета сям’я стала пераможцай ў конкурсе “Лепшы двор-2010”, вынікі якога падводзіліся ў сельскім Савеце да свята вёскі Арэхава. Іван і Надзея прызнаюцца, што такі прыгожы двор атрымаўся дзякуючы старанню ўсёй сям’і. Хоць захапленні ў кожнага з членаў сям’і розныя, але звязаны яны з зямлёй. Надзея Дзмітрыеўна, якая па прафесіі культработнік, душы не чуе ў кветках.
— Маленькія ці вялікія, яркія ці пяшчотнага колеру кветкі — гэта не важна. Я іх усе люблю, бо ў кожнай з іх свая прыгажосць. — дзялілася ў размове гаспадыня.
Глава сямейства – Іван Сцяпанавіч ужо дзесяць гадоў працуе на зямлі. Капусту, памідоры, цыбулю і іншыя культуры вырошчвае ён на 9 гектарах, якія арандуе. Нават уявіць цяжка: 35 тысяч кустоў памідораў, што займаюць 1,5 гектара,  пасадзіла сям’я Навумчыкаў вясною. Цяпер вось ураджай збіраць пачынаюць.
У малодшага сына Івана і Надзеі, Андрэя (усяго ў сям’і трое дзяцей), таксама ёсць сваё хобі, якое звязана з раслінамі. Ён вельмі любіць кактусы і вырошчвае іх з 12 гадоў.
— Усяго ў мяне 8 відаў кактусаў, і ў кожным з іх свая разыначка. Адзін вось-вось парадуе кветкай, незвычайнай і вельмі прыгожай, праўда назіраць за ёй можна зусім мала часу, але ўсё ж прыемна, тым больш, што кактусы цвітуць не так часта, — тлумачыў, дэманструючы свае зялёныя шэдэўры аматар экзатычных раслін Андрэй.
Вось так і жывуць душа ў душу Надзея і Іван Навумчыкі ўжо 30 гадоў, працуюць, новыя планы будуюць. На наступны год плануюць фантан у двары змайстраваць і дэкаратыўныя драбіны прыкупіць.
— Гэта зробім, а там паглядзім, галоўнае, каб здароўе было,  — амаль што ў адзін голас заўважалі гаспадары і з пяшчотнай усмешкай паглядалі адзін на другога.
Вось дзе яно – шчасце: у гэтых узаемных позірках, якія гавораць без слоў…
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: Надзя і Іван Навумчыкі ў сваім двары; Андрэй Навумчык можа расказаць пра кактусы шмат цікавага.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!