“Важна трымаць тую планку, што была дасягнута”
3 3 красавіка ДзУ “Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” узначаліла Людміла Алесік.
Анкета “ГЧ”
Прафесійны багаж
Нарадзілася ў в. Свеклічы Драгічынскага раёна. Закончыла Антопальскую сярэднюю школу. У 1986 годзе стала студэнткай Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна. Працоўную дзейнасць пачала ў СШ №23 г. Брэста настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Выйшла замуж. Пераехала жыць на Маларытчыну. З 1990 года працавала настаўніцай ў Замшанскай базавай школе, з 1993 года – у СШ № 3 г. Маларыта. З кастрычніка 2007 года новым месцам работы стаў тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе Людміла Фёдараўна ўзначаліла аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома. На гэтай пасадзе і працавала яна да назначэння дырэктарам.
Галоўныя якасці любога кіраўніка:
– Кіраўнік павінен валодаць многімі якасцямі. Сярод іх прафесійны вопыт і веды, мэтанакіраванасць, прынцыповасць, дысцыплінаванасць, зацікаўленасць, адказнасць за прынятыя рашэнні, патрабавальнасць, цярплівасць і вытрымка. Найбольш важнай якасцю кіраўніка лічу пастаяннае самаразвіццё, развіццё калектыву. Час не стаіць на месцы, а гэта значыць, што арганізацыя павінна развівацца ў адпаведнасці з апошнімі тэндэнцыямі. Думаю, што галоўны паказчык паспяховай работы любога кіраўніка – гэта стабільнасць у развіцці арганізацыі і павага з боку калектыву.
Думкі пасля двух тыдняў работы:
– Я ўдзячна лёсу, што трапіла ў сацыяльную службу. Вельмі люблю сваю прафесію, усёй душой хварэю за вынік працы ў калектыве. Наша работа – людзям дапамагаць. Гэта вельмі адказная і важная місія. Мне пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам мудрага адукаванага кіраўніка Мікалая Мікалаевіча Мішчанкі, у якога шмат чаму добраму можна было навучыцца, у тым ліку пераняць вопыт кіраўніка. Аддзяленне, якое я ўзначальвала, самае вялікае, можна сказаць, ядро Цэнтра. У падначаленні было 60 чалавек, якія абслугоўваюць у раёне каля 300 пенсіянераў. Цяпер з новай пасадай поле дзейнасці пашырылася. Ведаючы знутры работу Цэнтра, з першых дзён актыўна ўключылася ў работу. Я адчуваю падтрымку калектыву і разумею, што важна трымаць тую планку, якая была дасягнута. Што датычыцца цяжкасцей, дык па жыцці з імі сутыкаешся ўвесь час. Галоўнае – сканцэнтравацца на аналізе сітуацыі, прыняць правільнае рашэнне і ўпэўнена ісці наперад.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар ДзУ “Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Людміла Алесік.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.
Опубликовано в “ГЧ” 25.04.2015 г.