Гэта нельга забыць

Набліжаецца важны дзень у жыцці нашага народа, нашай краіны і не толькі нашай – 70-годдзе Вялікай Перамогі. 70 гадоў мірнага неба над галавой. Многа гэта ці мала? Для чалавечага жыцця гэта многа, а для гісторыі – зусім мала.
Сёння многія стараюцца пераасэнсаваць падзеі вайны. І кожны гэта робіць па-свойму. Некаторыя спрабуюць перапісаць гісторыю. Вядома, вельмі балюча ўсведамляць усё гэта. Таму трэба расказваць пра вайну, якой яна была, якой цаной была здабыта перамога. Расказваць, каб маладое пакаленне заўсёды помніла пра гэта, і каб затым перадаць гэтую памяць новаму пакаленню, каб не перарвалася яе нітка.
23 верасня 1942 года стаў апошнім днём жыцця для 705 жыхароў вёскі Боркі і 289 жыхароў вёскі Забалацце нашага раёна.
У кабінеце гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы сабраны матэрыял па трагедыі Забалацця: вытрымка з аператыўнага загаду камандзіра 3-га батальёна 15-га паліцэйскага палка аб знішчэнні вёсак Боркі, Забалацце і Барысаўка ад 22 верасня 1942 г.; справаздача камандзіра 11-й роты аб выкананні загаду па батальёну ад 22 верасня 1942 г. аб знішчэнні вёскі Забалацце, якая датуецца 30 верасня 1942 г.; успаміны жыхароў Забалацця Івана Фёдаравіча Кардзелюка і Евы Мікітаўны Міхальчук – відавочцаў трагедыі, якім удалося ўратавацца ад смерці; спіс расстраляных жыхароў вёскі. Гэтыя і іншыя звесткі дазваляюць нам яскрава ўявіць жудасныя падзеі таго страшнага вераснёўскага дня.
Ноччу 23 верасня 1942 года вёску акружылі фашысты, а раніцай яны сагналі ўсё насельніцтва да будынку школы быццам бы на сход. Мужчыны павінны былі ўзяць з сабою рыдлёўкі. Людзі здагадваліся, што іх чакае смерць, і не памыліліся. Іх раздзялілі на 3 групы. Мужчын немцы прымусілі капаць вялікія ямкі, затым людзям было загадана распрануцца. Іх расстрэльвалі і целы скідвалі ў выкапаныя ямкі, якія сталі для іх брацкімі магіламі. Такі факт: напярэдадні ноччу ў адной сям’і нарадзілася двое блізнят, а раніцай яны былі знішчаны разам з усімі людзьмі.
Камандзір карнікаў капітан Пельс у справаздачы аб выкананні загаду па знішчэнні вёскі Забалацце пісаў: “Рота атрымала заданне знішчыць размешчаную на паўночным усходзе ад Макран вёску Забалацце і расстраляць насельніцтва. …Пакаранне смерцю было праведзена планамерна і без асобых здарэнняў, калі не лічыць адной спробы ўцёку. Большасць жыхароў вёскі захоўвала самавалоданне… Смяротнае пакаранне было закончана каля 12 гадзін”.
Затым яшчэ 4 дні з пустуючых дамоў і гаспадарчых пабудоў ворагі выводзілі хатнюю жывёлу, выносілі сельскагаспадарчую прадукцыю і інвентар, найбольш каштоўную маёмасць. Усё гэта было дастаўлена ў вёску Макраны, якая лічылася дзяржаўным маёнткам. Для гэтай мэты задзейнічалі 93 падводы з навакольных вёсак.
А 27 верасня ў поўдзень карнікі спалілі Забалацце.
Яшчэ вытрымка са справаздачы капітана Пельса: “…расстраляна 289 чалавек, спалены 151 двор, выгнана 700 галоў рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак і 70 коней. Вывезена хлеба: 300 ц абмалочанага і 500 ц неабмалочанага. Канфіскавана каля 150 сельскагас­падарчых машын (ручны прывод) і шматлікія рэчы”.
З успамінаў Івана Фёдаравіча Кардзелюка, якому тады было 18 гадоў: “…У наш дом зайшоў немец і сказаў, каб усе ішлі ў школу на сход, а бацьку загадаў узяць рыдлёўку. Калі немец выйшаў з хаты, бацька сказаў, што мне з маці лепш будзе застацца дома, а на сход ён пойдзе сам. Бацька пайшоў, а маці запаліла ў печы. Праз некаторы час вярнуўся той жа немец, адкрыў камору, узяў кусок сала, зайшоў на кухню, заліў вадой агонь у печы і, нічога не сказаўшы, пайшоў з хаты. Мы не ведалі, што нам рабіць, і засталіся ў хаце. Хутка немец вярнуўся ў трэці раз і загадаў нам ісці на сход. Мы з маці сабраліся і пайшлі ў бок школы. Яшчэ здалёк мы ўбачылі, што каля свежавыкапанай ямкі фашысты прымушалі людзей распранацца і затым расстрэльвалі іх. Убачыўшы гэта, мы хутка прыгнуліся і пабеглі назад. Незаўважанымі нам удалося схавацца ў адным з хлявоў на вышках у сене, дзе хаваліся яшчэ некалькі чалавек. Калі пазней немцы выганялі з хлява жывёлу, у гэты час на вышках заплакала малое дзіця. Яны пачулі плач і павыцягвалі з сена людзей, якія потым былі расстраляны. Мяне, маю маці і яшчэ адну жанчыну немцы не заўважылі, без вады і ежы мы правялі там амаль трое сутак, затым ноччу ўдалося ўцячы ў лес”.
Еве Мікітаўне Міхальчук было 10 гадоў. Яе ўспаміны падобныя.
Івану Фёдаравічу, інваліду Вялікай Айчыннай вайны, жыхару Забалацця цяпер больш за 90. Праўда, некалькі апошніх гадоў ён знаходзіцца ў дачкі, якая жыве каля Брэста.
Ева Мікітаўна пасля вайны вый­шла замуж і жыла ў Маларыце. На жаль, яе ўжо няма ў жывых.
У 1983 і 1985 гг. Ева Мікітаўна і Іван Фёдаравіч у якасці сведкаў ездзілі ў Германію на судовыя працэсы над некалькімі фашысцкімі злачынцамі, якія ўдзельнічалі ў расправе над жыхарамі Забалацця.
Немцы часта фатаграфавалі свае злачынствы. Так атрымалася, што ў жыхара в. Хаціслаў Уласа Пішчыка аказаўся ўнікальны фотаздымак: гарыць Забалацце. Сфатаграфаваў вёску, якая гарэла, шафёр адной з нямецкіх машын. Гэты фотаздымак Улас Кузьміч захоўваў амаль 50 гадоў, а потым перадаў жыхару Забаллацця Георгію Трафімуку, з якім разам лячыўся ў Маларыцкай бальніцы. Георгій Маркавіч пасля прынёс гэты фотаздымак у рэдакцыю газеты “Голас часу”, у якой 9 мая 1991 г. быў апублікаваны матэрыял “Боль прымусіў захаваць”.
У 1964 годзе ў цэнтры вёскі Забалацце адбылося перазахаванне астанкаў ахвяр трагедыі. Некранутай засталася толькі брацкая магіла, у якой пахавана найбольшя колькасць (дакладна невядома) забітых мірных жыхароў. На гэтых магілах былі ўстаноўлены помнікі-абеліскі.
Калі я пісаў гэтыя радкі, то ўспомніў вечар, як мой бацька Васіль Сяргеевіч, калгасны трактарыст, прыйшоў з работы вельмі ўзрушаны і расказаў маці і мне (я тады вучыўся ў 6 класе), што на сваім трактары перавозіў астанкі забітых фашыстамі людзей. Са слязамі на вачах гаварыў, што некаторыя людзі пазнавалі сваіх родных. Такое было страшна слухаць.
Забалацце пасля вайны адрадзілася. Яно ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”. У 2005 годзе ў вёсцы быў адкрыты мемарыял з імёнамі ўсіх загінуўшых у час вайны мірных жыхароў Забалацця (усяго 323).
Падчас мінулай вайны загінула больш за 500 жыхароў вёсак Лукаўскага сельсавета, з якіх амаль 400 – ахвяры фашысцкага тэрору. Гэта кожны трэці…
Мікалай БАЛІЦЭВІЧ, настаўнік гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы.
НА ЗДЫМКУ: брацкая магіла расстраляных мірных жыхароў в. Забалацце.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 6.05.2015 г.

Поделиться:
  • 1
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий