Эксклюзіў на вясковым падворку

У які б дом ні прывяла журналіста творчая сцежка, усюды знойдзецца матэрыял для газетнага артыкула. Бо кожны чалавек – асоба са сваёй непаўторнай жыццёвай гісторыяй, кожная сям’я – багацейшая скарбонка вопыту і мудрасці. Чарговай знаходкай у журналісцкім падарожжы ў вёску Хаціслаў стала сям’я Купчык. Да маладых гаспадароў Аляксандра і Марыны завітала не выпадкова. Вельмі цікава было, пачуўшы, што свой двор яны паступова ператвараюць у казку, паглядзець, што ж дзіўнае можна зрабіць сваімі рукамі на звычайным вясковым падворку.
Дзесяць гадоў назад для Аляксандра і Марыны прагучаў вальс Мендэльсона. Менавіта тады маладую жонку прывёў Аляксандр у бацькоўскі дом. Маладыя былі ўпэўнены, што затрымаюцца тут ненадоўга. Як і ўсім, ім хацелася мець сваё жыллё, дзе будуць яны самастойнымі гаспадарамі. Прычым пра кватэру ў горадзе Купчыкі, хоць і ён, і яна працавалі ў Брэсце, нават і не думалі. Жыццё ў гарадскім “мурашніку”, як жартуе Аляксандр, для яго было ўвогуле непрымальным. Свой дом хацелі яны набыць менавіта ў вёсцы, каб штодня атрымліваць асалоду ад цішыні, любавацца прыродай. Аляксандру ўвогуле падабаўся варыянт пасяліцца дзе-небудзь на хутарку, у акружэнні лесу, каб адчуваць поўную гармонію з прыродай. Але “аддаленне ад цывілізацыі” не падабалася Марыне. Дом бацькоў Аляксандра, пабудаваны на ўскрайку вёскі, якраз і быў той “залатой сярэдзінкай”, якая, можна сказаць, задавальняла ўсіх. Але канчаткова вызначыліся з тым, што застануцца жыць менавіта тут, Аляксандр і Марына толькі тады, калі ў дом прыйшла бяда – памёр бацька Аляксандра. У чатырохпакаёвым доме засталася толькі маці, ёй патрэбна была падтрымка. Ды і сам дом у спадчыну ад бацькі перайшоў Аляксандру, ён стаў, можна сказаць, паўнапраўным гаспадаром. І паколькі ўмелыя рукі Аляксандра многае зрабілі ўжо і ў доме, і ў двары, больш ваганняў наконт жылля не было.
Жаданне ператварыць у казку двор, дзе вырас сам, з’явілася ў Аляксандра яшчэ дзевяць гадоў назад, калі нарадзіўся ў сям’і першынец Арцём. Менавіта тады малады тата ўзяўся за абсталяванне дзіцячай пляцоўкі. Пачаў з арэляў і пясочніцы з вялікім каляровым грыбком. Азарт прыбавіўся, калі сям’ю папоўніў яшчэ адзін сын – Сяргей. Паступова ў двары з’явіліся домік на пяньку з казачнымі птушкамі і жывёламі, прыгожы млынок і нават вазок на самаробных колах. Дызайн двара дапоўніла клумба з азярцом. Усё гэта, як прызнаецца Аляксандр, толькі маленькая частка з задуманага. Дзеці падрастаюць, і цяпер у планах ужо абсталяваць спартыўную пляцоўку з турнікамі. На вялікім участку ёсць дзе разагнацца фантазіі. І работа рукам заўжды знаходзіцца. Ды і стымул ёсць – прыемна бачыць, як на дзіцячай пляцоўцы радасна гуляюць не толькі свае, але і суседскія дзеці, якія ахвотна бягуць туды, дзе прыгожа і цікава.
Марына, як і Аляксандр, без справы таксама сядзець не можа. Вясковая дзяўчына, якой з маленства знаёма праца, адразу, як кажуць, прыйшлася ў бацькоўскім доме Аляксандра “да двара”. У новых узаемаадносінах яна змагла знайсці сярэдзінку. Не канфліктавала, уступала сама і ўступалі ёй, вучылася ўсяму, што не ўмела. “Надвор’е ў доме” ад умелага пошуку кампрамісу было добрым. А ад яго, як вядома, залежыць многае. Вось ужо амаль дзясятак гадоў Купчыкі жывуць адной дружнай працавітай сям’ёй. Аляксандр у двары тое-сёе майструе, з тэхнікай сябруе: сваімі рукамі ўсе неабходныя прыстасаванні да трактара змог зрабіць. Сыны ў яго мужчынскай справе вучацца. Марына са свекрывёй Таццянай Аляксееўнай разам і гаспадарку даглядаюць, і ў агародзе працуюць, і кветкі вырошчваюць. Дом, у які прыйшла Марына нявесткай, стаў для яе ўжо сваім. Праўда, магніт маленькай радзімы яе па-ранейшаму прыцягвае ў Мельнікі. Добра, што гэтая вёска побач з Хаціславам, і ў бацькоўскім доме можна бываць часцей. Але надоўга тут Марына цяпер ужо не затрымліваецца. Спяшаецца ў сваё сямейнае гняздо. А ў ім – чысціня, парадак і ўтульнасць. Летам гаспадыні больш часу праводзяць у двары, а зімою, калі ўсе справы завершаны, вышываюць. Разам яны стварылі ўжо цэлую галерэю вышытых карцін. Ёсць у доме і свой маленькі этнаграфічны музейчык, у якім сабраны старажытныя рэчы.
І хоць дом – гэта самае важнае месца, дзе сям’я праводзіць свае будні і святы, але і Аляксандр, і Марына, і іх дзеці больш часу любяць працаваць і адпачываць на вуліцы. Дастаткова зрабіць з дзясятак крокаў ад дома, і ты ўжо побач з лесам. Хочаш – свежым паветрам дыхай, хочаш — грыбы збірай.
— У нас грыбы восенню нават у двары растуць. Тут жа і вавёркі, і зайцы бегаюць. Таму з прыродай мы проста непадзельныя, — заўважаюць Купчыкі.
Можа б усур’ёз не ўспрынялі гэтыя словы, калі б на ўзгорак ля штучнага вадаёма, які абуладкавалі гаспадары, каб летам было дзе адпачываць з вудай у руцэ, а зімою – катацца з горкі на санках, і сапраўды не выбегла вавёрка. Праўда, каб вакол было прыгожа, Купчыкам давялося нямала папрацаваць. Са сваіх двароў у лясок многія вяскоўцы выносілі смецце. Пасля таго, як быў наведзены парадак, яго пачалі падтрымліваць і іншыя. Добры прыклад, як упэўнены Аляксандр і Марына, выхоўвае.
— Многія, паглядзеўшы на тое, як абуладкаваны наш двор, і сабе стараюцца самае цікавае пераняць, — заўважаюць Купчыкі. – А гэта новы стымул, каб зрабіць нешта яшчэ больш арыгінальнае.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр і Марына Купчыкі з малодшым сынам Сяргеем.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 20.05.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!