Адстойваць фундаментальныя правы

У Мінску прайшоў VII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ён, па сутнасці, стаў дыскусійнай пляцоўкай для ўсіх яго ўдзельнікаў.
На з’ездзе падведзены вынікі работы, зацверджана праграма дзейнасці Федэрацыі прафсаюзаў на бліжэйшыя 5 гадоў. Сваімі ўражаннямі і думкамі пра форум дзеліцца дэлегат ад Маларытчыны старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк.

— Я пад вялікім уражаннем ад з’езда, толькі станоўчыя эмоцыі засталіся. З’езд прайшоў дынамічна, усе выступленні слухаў на адным дыханні. А яны былі вельмі насычаныя, канкрэтныя. У выступленні старшыні Федэрацыі Міхаіла Орды і дэлегатаў было нямала прапаноў па паляпшэнню дзейнасці прафсаюзаў, наладжванню прынцыповага сацыяльнага партнёрства. Вядома ж, уразіла выступленне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у прыватнасці тое, наколькі кіраўнік дзяржавы ведае сітуацыю ў прафсаюзным руху, у цэлым у працоўных калектывах.
— Якія найбольш канкрэтныя прапановы гучалі ў выступленнях дэлегатаў, што найбольш кранула?
— Ставіліся пытанні занятасці людзей, дастойнай зарплаты, сацыяльных выплат, што датычацца Пастановы Савета Міністраў №569, дзе гаворыцца аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах. Узнімалася пытанне аб унясенні змяненняў у артыкул 365 Працоўнага кодэкса РБ. Згодна з гэтым артыкулам калектыўны дагавор распаўсюджваецца на ўсіх членаў працоўнага калектыву, а не толькі на членаў прафсаюза. Гэта несправядліва, бо губляецца сэнс прафсаюзнага членства. Яшчэ дэлегаты прапаноўвалі звярнуць увагу на Дэкрэт №5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый”. Бо дзеяннем гэтага Дэкрэта скарочаны мінімальны тэрмін папярэ­джання работ­ніка аб змяненні існуючых умоў працы з 30 да 7 дзён. Дэлегаты выказалі прапанову павялічыць гэты тэрмін. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да канца года правесці маніторынг Дэкрэта і ўнесці прапановы.
— Прафсаюзы – самая масавая і аўтарытэтная грамадская арганізацыя. Прэзідэнт у сваім выступ­ленні назваў яе партыяй працоўных. Якая яна ў колькасным выражэнні ў нашым раёне, і што ляжыць у аснове яе дзейнасці?
— У нашым раёне больш за 8000 членаў прафсаюза, аб’яднаных у 89 пярвічных арганізацый, якія належаць да 17 галіновых прафсаюзаў. У аснове дзейнасці – абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў членаў прафсаюза. Пазіцыя Федэ­ра­цыі, як было адзначана на з’ездзе, такая: там, дзе ёсць наёмная праца, павінен быць і прафсаюз. На ўзроўні раённага звяна работа будуецца на падставе Пагаднення паміж уладай, наймальнікам і прафсаюзам. На канкрэтным прадпрыемстве галоўным інструментам для эфектыўнай прафсаюзнай работы з’яўляецца калектыўны дагавор. У раёне ў нас заключаны 71 калектыўны дагавор, дзеянне якіх распаўсюджваецца на 71 арганізацыю. Падтрымку і сацыяльныя гарантыі праз іх атрымліваюць 7318 чалавек. Яшчэ адзін прыярытэтны напрамак дзейнасці, які датычыцца непасрэдна кожнага чалавека, — ахова працы. Бо важна, каб чалавек, які пайшоў на работу здаровым, такім жа вярнуўся дамоў. У полі зроку прафсаюзных арганізацый – пытанні аздараўлення і турыстычнага абслугоўвання. У нашай рэспубліцы 13 санаторыяў сістэмы “Белпрафсаюзкурорт”. Членам прафсаюза і іх дзецям, калі яны захочуць адпачыць у іх, прадастаўляецца скідка ў памеры 25% ад кошту пуцёўкі.
— Права на працу – адно з фундаментальных правоў чалавека. Сяргей Іванавіч, у раённым аб’яднанні прафсаюзаў кожны месяц праводзяцца прыёмы грамадзян прававымі інспектарамі працы. Ці часта звяртаюцца да іх нашы грамадзяне?
— Скажу, што пакуль нячаста, нягледзячы на тое, што мы загадзя інфармуем насельніцтва пра прыёмы. З пачатку года праведзены 3 такія прыёмы. Звярнуліся да прававых інспектараў 2 жыхары раёна. 1 зварот датычыўся парушэння наймальнікам працоўнага заканадаўства. Пры праверцы памылка была папраўлена, работніку вернута яго права. Другі датычыўся магчымасці працаўладкавання ў Маларыце. У гэтым выпадку чалавеку было дадзена тлумачэнне.
— Прэзідэнт на форуме падкрэсліў, што эканомія на жыцці і здароўі лю­дзей недапушчальная, калі гаварыў пра ахову працы. Няма чаго граху таіць, у нас яшчэ часам пагарджаюць бяспечнымі ўмовамі працы на рабочым месцы, выпадкі вытворчага траўматызму яшчэ не зжыты…
— Вядома, гэтыя пытанні павінны знаходзіцца пад увагай наймальніка, прафсаюзнай арганізацыі кожны дзень. Хачу сказаць, што сёлета наш раён на прадмет аховы працы праманітораць тэхнічныя інспектары працы, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў. Мэта маніторынга – не пакараць вінаватых, калі будуць выяўлены парушэнні, а падказаць наймальніку праблемныя моманты, недахопы ў арганізацыі работы па ахове працы, а таксама актывізаваць дзейнасць грамадскіх інспектараў па ахове працы. Бо там, дзе эфектыўна яны працуюць, там і праблем менш, паколькі ні адзін кіраўнік не адмахнецца ад парад па паляпшэнні бяспечных умоў на рабочым месцы.
— Прэзідэнт лічыць, што трэба далей развіваць мэтавыя сацыяльныя пакеты. Напрыклад, праводзіць дабрачынныя акцыі. Як такая работа пастаўлена ў прафсаюзных арганізацыях раёна?
— Напрыклад, у акцыі “Прафсаюзы – дзецям” штогод актыўны ўдзел прымаюць райкам прафсаюза работнікаў АПК, пярвічкі гэтага галіновага прафсаюза, калі дзецям да 1 верасня купляюць падарункі, аказваюць сем’ям грашовую дапамогу, каб падрыхтавацца да школы. У многіх прафсаюзных арганізацыях выдзяляюць сродкі бацькам на патанненне пуцёвак у аздараўленчыя лагеры іх дзецям. Сёлета асабліва актыўна ўключыліся ў акцыю ўшанавання ветэ­ранаў напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі прафсаюзныя арганізацыі аграпрамысловага комплексу, сістэмы адукацыі, райспажыўтаварыства, дзярж­устаноў і іншыя.
— Акрэслена і зацверджана на з’ездзе праграма дзейнасці прафсаюзнага руху на 2015-2020 гады. Якія напрамкі яе Вы лічыце найбольш актуальнымі і важнымі?
— Асноўны блок праграмы прысвечаны ўдасканаленню сістэмы аплаты працы. Праф­саюзы будуць дабівац­ца дасягнення яе ўзроўню ў галінах эканомікі, роўнага чатырохразовай сярэдняй велічыне мінімальнага спажывецкага бюджэту, па­этапнага збліжэння ўзроўню зарплаты работнікаў бюд­­жэтных арганізацый і ўзроўню сярэдняй зарплаты па рэспубліцы для паэтапнага дасягнення не менш чым 90% (цяпер – гэта 75%), павелічэння грашовай дапамогі па беспрацоўі працаздольным грамадзянам (яна цяпер складае ад 180 да 360 тысяч рублёў) да памеру бюджэту пражытачнага мінімуму.
— Сяргей Іванавіч, што б Вы хацелі пажадаць прафсаюзным актывістам?
— Хацелася б падзякаваць ім за бескарыслівую працу, за падтрымку, за тое, што нясуць людзям пазітыў, пажадаць поспехаў у рабоце. Яшчэ хацелася б заверыць у тым, што ў выпадку розных сітуацый у раённым аб’яднанні прафсаюзаў яны могуць атрымаць падтрымку і дапамогу. Праз сістэму сацыяльнага партнёрства бу­дзем удасканальваць дзейсную абарону працоўных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў як членаў прафсаюза, так і самога прафсаюзнага актыву.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Сяргей Строк.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 3.06.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!