Не згубіць сенакосны час

Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама. На ім разгледжана пытанне ходу нарыхтоўкі кармоў у сельгасарганізацыях раёна на прыкладзе СВК “Хаціслаўскі” і “Рыта”.

Пытанне надзённае, бо зялёнае жніво якраз было ў разгары. Па нарыхтоўцы кармоў на 1 умоўную галаву жывёлы, як адзначыў Казімір Віктаравіч, раён у ліку лідараў у вобласці. Аднак кармоў, у параўнанні з леташнім перыядам, нарыхтавана менш. А гэта значыць, што губляецца прадукцыя жывёлагадоўлі. І цяпер больш важна, каб кармавая база была больш трывалая па бялку.
Гаворачы пра якасць нарыхтоўваемых сенажу і сіласу, намеснік начальніка райсельгасхарчу Вячаслаў Федзюковіч адзначыў, што асобых парушэнняў у тэхналогіі закладкі гэтых кармоў у гаспадарках няма. Раённыя зааветспецыялісты наладзілі строгі кантроль. Сёлета плануецца нарыхтаваць з траў 26 цэнтнераў кармавых адзінак на 1 умоўную галаву жывёлы. Нягледзячы на тое, што большасць гаспадарак раёна арганізавана ўключалася ў корманарыхтоўчую кам­панію, тэмпы нарыхтоўкі, як адзначыў Вячаслаў Іларыёнавіч, па-ранейшаму застаюцца нізкімі. Асноўнымі прычынамі, якія стрымлівалі касьбу траў першага ўкосу ў СВК “Хаціслаўскі”, ДзП “Радзежскае”, СВК “Рыта”, “Макраны”, былі несвоечасовая падрыхтоўка кормаўборачнай тэхнікі, нізкая арганізацыя працы. Менш чым у сярэднім па раёне нарыхтавана кармоў на ўмоўную галаву ва ўсіх сельгасарганізацыях, за выключэннем СВК “Дарапеевічы” і сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Савушкіна”. Вячаслаў Федзюковіч звяртаў увагу на тое, што нельга нарыхтоўваць кармы ў курганы, бо ў такім разе губляецца да 30%. Забяспечанасць сянажна-сіласнымі траншэямі ў ДзП “Радзежскае”, СВК “Гвозніца”, “Арэхава” і “Хаціслаўскі” самая нізкая ў раёне. А факты нарыхтоўкі сянажна-сіласнай масы ў курганы як і летась, так ужо і сёлета, мелі месца ў СВК “Хаціслаўскі”.
Важнае месца ў стварэнні трывалай кармавой базы займаюць работы па перазалужэнню лугапашавых угоддзяў, на чым Вячаслаў Іларыёнавіч таксама акцэнтаваў увагу ў сваёй інфармацыі. Блізкія да завяршэння плана перазалужэння толькі СВК “Арэхава” — 91,6%, СУП “Савушкіна” – 77,5%. Горш гэтая работа наладжана ў СВК “Макраны”, “Рыта”. У ДзП “Радзежскае”, напрыклад, не перазалужана ніводнага гектара. Рашэнне райвыканкама ад 21.02.2014 г. у частцы перазалужэння лугапашавых угоддзяў у 2014 г. не выканана ў ДзП “Радзежскае” і СВК “Хаціслаўскі”. Не ўсюды, як гаварыў Вячаслаў Федзюковіч, удзяляецца належная ўвага падкормцы азотнымі ўгнаеннямі лугапашавых угоддзяў. Так, напрыклад, гэтая работа ў СВК “Рыта” выканана толькі на 20%, у СВК “Макраны” — на 36%, у СВК “Арэхава” – на 40% пры сярэднераённым паказчыку 51%.
Шмат пытанняў наконт таго, што зроблена па ўмацаванню кармавой базы, у старшыні райвыканкама Казіміра Лапіча было да старшынь СВК “Рыта” і “Хаціслаўскі” Івана Пастушака і Андрэя Курдзюка, галоўных аграномаў СВК “Гвозніца” і “Макраны” Аляксандра Скібіны і Ігара Бурды. Яны расказалі, якім рэзервам, каб атрымаць больш прадукцыі, сёлета надаецца больш увагі.
У прынятым па гэтым пытанні рашэнні райвыканкама прызнана недастатковай работа кіраўнікоў СВК “Хаціслаўскі” і ДзП “Радзежскае” па падрыхтоўцы кормаўборачнай тэхнікі, па тэмпах нарыхтоўкі кармоў з траў першага ўкосу – кіраўнікоў СВК “Рыта”, “Хаціслаўскі”, “Макраны”, ДзП “Радзежскае”, па выкананню плана перазалужэння – кіраўнікоў ДзП “Радзежскае”, “Макраны” і “Рыта”. Згодна з рашэннем,кіраўнікі сельгасарганізацый абавязаны забяспечыць за кошт захавання тэхналагічных рэгламентаў удзельную вагу нарыхтоўкі кармоў І класа: сена не менш чым 70%, сенажу не менш чым 75% і сіласу – не ніжэй чым 80%, а таксама арганізаваць работу па будаўніцтву і рэканструкцыі сянажна-сіласных траншэй, якіх не хапае, да 1 верасня 2015 года.
На пасяджэнні разгледжаны таксама пытанні развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (дакладчык намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка), стану зон масавага адпачынку насельніцтва ля вадаёмаў і прымаемых мерах па захаванню на іх прыродаахоўнага заканадаўства фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ўсіх формаў уласнасці (дакладчык — начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Юхімук), аб мерах па рэалізацыі Дэкрэта № 6 Прэзідэнта РБ “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў” (дакладчык — намеснік начальніка райаддзела міліцыі Эдуард Паўлаў).
Па ўсіх разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 6.06.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!