Месца працы — прыёмная сям’я

Больш за 30 тысяч дзяцей Беларусі на сённяшні дзень пазбаўлены асноўнага права — права расці і выхоўвацца ў сваёй роднай сям’і. Яны абдзелены бацькоўскаю ласкаю, цеплынёю, клопатам. Для іх, сірот, найлепшай формай жыццеўладкаванасці з’яўляецца новая пастаянная сям’я, якая найбольш эфектыўна існуе ў 3 формах: усынаўленне, прыёмная сям’я і апека (папячыцельства). Заканадаўства не абмяжоўвае колькасць дзяцей для ўсынаўлення, аднак апошняе абумоўлена матэрыяльнымі магчы­масцямі.
На Маларытчыне найбольш прыёмных і апякунскіх сем’яў. Аб парадку і правілах усы­наўлення, а таксама аб некаторых нюансах гэтага карэспандэнт рэдакцыі гутарыў з загадчыцай сектара па ахове правоў дзіцяці райаддзела адукацыі Людмілай КУЧАРУК.
Па словах Людмілы Мікалаеўны, на сённяшні дзень на ўліку ў аддзеле адукацыі знаходзіцца 16 прыёмных сямей, дзе выхоўваецца 21 дзіця (у горадзе – 5 сямей і 7 дзяцей). Больш за ўсё на вёсцы такіх сямей у Гвозніцы (8, выхоўваецца 10 дзяцей). Апякунскіх сямей у раёне налічваецца 18, у іх знаходзіцца 24 дзіцяці (у горадзе 11 сямей і 13 дзяцей). На ўтрыманне кожнага дзіцяці ў замяшчаючых сем’ях дзяржава штомесяц выплачвае дапамогу на ўтрыманне: ва ўзросце да 6-ці гадоў – 271 тыс. руб., ва ўзросце пасля 6-ці гадоў – 290 тыс. руб. Акрамя таго, часткова  кампенсуецца штомесяц аплата камунальных паслуг за пражыванне дзіцяці ў сям’і. Прыёмныя бацькі як работнікі РАА атрымліваюць зарплату. На сённяшні дзень у сярэднім яна складае прыблізна 550 тыс. руб. для тых, хто пражывае ў сельскай мясцовасці, і 460 тыс. руб – для гараджан. Між  іншым, зарплата залежыць ад стажу, колькасці дзяцей, умоў працы, месцажыхарства (на вёсцы яна большая на 20% ад тарыфнага акладу).
 Муж ці жонка прымаюцца на работу аддзелам адукацыі на пасаду прыёмнага бацькі (маці). Пры гэтым магчыма сумяшчэнне з работай у іншай арганізацыі, прадпрыемстве, установе. Час працы залічваецца ў працоўны стаж. Такі чалавек мае права на адпачынак (працягласць — 56 каляндарных дзён), які аплачваецца, прэміі, надбаўкі… Ён таксама павінен праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі. Дзяржава дапамагае ў арганізацыі аздараўлення і летняга адпачынку. Прыёмная сям’я не можа быць створана, калі дзіця, што прымаецца на выхаванне, з’яўляецца блізкім родзічам прыёмных бацькоў. У такім выпадку магчыма толькі апека ці ўсынаўленне. Дзяцей для перадачы ў прыёмную сям’ю падбіраюць органы апекі. Той, хто хоча стварыць такую сям’ю, мае права выказаць свае жаданні пры выбары дзіцяці: пол, узрост, стан здароўя. Тут неабходна памятаць, што прыёмныя бацькі – гэта асобы, якія прынятыя на работу РАА. Таму аб’ект працы вызначае наймальнік.
Тыя, у каго ёсць жаданне ўзяць дзяцей на выхаванне, падаюць у орган аховы правоў дзяцей па месцы жыхарства заяву з просьбаю аб гэтым. Да заявы  дадаюцца: даведка з месца працы (пасада, памер зарплаты); дакумент, які пацвярджае наяўнасць жылля; копія пасведчання аб заключэнні шлюбу (калі ёсць); згода іншых паўналетніх членаў сям’і, медыцынская даведка аб стане здароўя. Стан здароўя з’яўляецца важным аспектам. Кандыдаты ў прыёмныя бацькі павінны абавязкова прайсці медыцынскі агляд у наступных спецыялістаў: дэрматолага-венеролага, псіхіятра, нарколага, тэрапеўта, акуліста, оталарынголага, здаць аналіз крыві на RV і ВІЧ-інфекцыю. Таксама неабходна даведка аб адсутнасці ў членаў сям’і інфекцыйных захворванняў. Згодна з існуючымі заканадаўчымі дакументамі, нельга перадаваць дзяцей тым, у каго хранічныя захворванні ўнутраных органаў, нер­вовай сістэмы, скуры, апорна-рухальнага апарату ў стадыі дэкампенсацыі, туберкулёз, злаякасныя  анкалагічныя і розныя псіхічныя захворванні. Акрамя таго, вы не атрымаеце дзяцей на выхаванне, калі ў вас ёсць такія дыягназы, як наркаманія, таксікаманія, алкагалізм, а таксама захворванні і траўмы, што прывялі да інваліднасці І і ІІ групы. Неабходна дадаць і тое, што кандыдаты ў прыёмныя бацькі абавязкова павінны прайсці навучанне ў раённым сацыяльна-педагагічным Цэнтры з мэтаю прафесійнай падрыхтоўкі. На занятках спецыялісты знаёмяць з шырокім колам пытанняў, якія рэгламентуюць дзейнасць прыёмнай сям’і. Больш таго, кандыдатуры будучых прыёмных бацькоў абавязкова правяраюцца ў Інфармацыйна-аналітычным цэнтры УУС Брэсцкага аблвыканкама і судзе па месцы жыхарства. Пры падборы асоб, якія жадаюць прыняць дзяцей на выхаванне ў прыёмную сям’ю, орган апекі і папячыцельства ўлічвае вопыт выхавання імі родных, падапечных і ўсыноўленых дзяцей.
На кожнага члена сям’і павінна налічвацца не менш, чым 15 кв. метраў агульнай плошчы, у кожнага з дзяцей неабходна, каб былі свой ложак, месца для падрыхтоўкі ўрокаў і захавання асабістых рэчаў. Пры перадачы дзіцяці ў сям’ю абавязкова ўлічваюцца яго думкі і згода. Знаходжанне дзяцей у прыёмнай сям’і залежыць ад тэрміну, на які заключаны працоўны дагавор (ад месяца да 18 гадоў), і на падставе дагавора аб перадачы дзіцяці ў прыёмную сям’ю. Звычайна выхаванец у такой сям’і жыве да заканчэння школы. Пасля паступлення ў ПТВ, ССНУ ці ВНУ ён пераходзіць на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне там, дзе вучыцца. Але неабходна памятаць, што дагавор можа быць скасаваны датэрмінова па ініцыятыве прыёмных бацькоў ці органа апекі і папячыцельства пры наяўнасці сур’ёзных падстаў. Сюды, напрыклад, адносяцца: хвароба, змена сямейнага ці маёмаснага стану, адсутнасць узаемаразумення, канфліктныя адносіны, неспрыяльныя ўмовы жыцця, вяртанне дзіцяці бацькам і інш.
На кожнае дзіця, якое перадаецца ў прыёмную сям’ю, складаецца індывідуальны план аховы правоў і законных інтарэсаў непаўналетняга. У межах гэтага прыёмныя бацькі рэгулярна вядуць дзённік назірання, а таксама ўлік расходаў грашовых сродкаў у пісьмовай форме. Да справаздачы дадаюцца копіі таварных чэкаў, квітанцыі аб уплаце, іншыя плацёжныя дакументы.
Па ўсіх пытаннях, якія ўзнікаюць па гэтай далікатнай і актуальнай праблеме, неабходна звяртацца ў раённы аддзел адукацыі (кабінет № 83). Кансультацыі можна атрымаць  у працоўныя дні па тэлефонах: 2-13-85; 2-28-90 ці 2-28-83 (РСПЦ).
P.S.На дадзены момант у РАА ў працэсе разгляду знаходзіцца 2 заявы па пытанню стварэння прыёмных сямей.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: дружная прыёмная сям’я Тамары і Мікалая Харытанюкоў з в.Замшаны з дзецьмі Марыяй, Яўгеніяй, Мікалаем і Валянцінам.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!