З музыкай – па дарозе поспеху

У другім рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “Львяня” («Лідскі вянок»), які праводзіўся ў горадзе Ліда, прымала ўдзел шмат таленавітых юных музыкантаў. Сярод іх былі і дзве вучаніцы Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў — Анжэла Пяшко і Анастасія Тарасюк. Анжэла ўжо шэсць гадоў наведвае заняткі па класу скрыпкі. Разам з настаўніцай Ірынай Аляксееўнай Горнік яна вывучыла нямала музычных твораў, удзельнічала ў розных конкурсах. У скарбонцы яе творчых дасягненняў 8 грамат і дыпломаў. Сёлета ў сакавіку юная скрыпачка была ўдастоена дыплома ІІ ступені шостага адкрытага рэгіянальнага конкурсу дзіцячай творчасці “Маленькі прынц – 2015”, які праводзіўся ў Светлагорску. Поспехам завяршылася і выступленне Анжэлы на фестывалі “Лідскі вянок”, дзе яна стала дыпламантам ІІІ ступені.
Нямала ўдалых вы­ступленняў і ў Анас­тасіі Тарасюк. Урокі па класу фартэпіяна дае дзяўчынцы Ала Фёдараўна Кавалевіч. За чатыры гады настой­лівых заняткаў вучань і педагог змаглі дабіцца значных поспехаў. Толькі сёлета Анастасія прыняла ўдзел у трох музычных фестывалях. З Баранавіч, дзе праходзіў 8 абласны адкрыты конкурс “Крынічка”, дзяўчынка вярнулася з дыпломам ІІІ ступені, у Светлагорску атрымала грамату, а на фестывалі-конкурсе “Львяня” бы­ла ўзнагароджана дыпломам за паспяховае выступленне і дыпломам фіналіста. Усяго на рахунку Анастасіі 5 дыпломаў і 6 грамат.
І Анжэла, і Анастасія, як расказваюць іх выкладчыкі, дзяўчынкі вельмі старанныя, здольныя. Ігра на музычным інструменце патрабуе, як вядома, уседлівасці, цярплівасці. Каб твор загучаў, неабходна гадзінамі развучваць і паўтараць ноты, шліфаваць свае навыкі. Юныя музыканты на ўсё знаходзяць час. Не застаюцца ўбаку і іх бацькі. Зацікаўленасць апошніх, упэўнены педагогі, толькі садзейнічае поспеху.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Анжэла Пяшко і Анастасія Тарасюк разам з педагогамі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.06.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!