НА СЛУЖБЕ Ў ЗАКОНА

Штогод 26 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі пракуратуры. Напомнім, што яно было ўстаноўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.06.1995 года №237. Карэспандэнт рэдакцыі сустрэлася з пракурорам раёна Раманам Гузюком і ўзяла ў яго інтэрв’ю.

– Раман Яўгенавіч, чытачам газеты ”Голас часу” цікава будзе ведаць пра гісторыю пракуратуры раёна, яе работнікаў і кіраўнікоў, якія тут раней працавалі.
– 6 студзеня 1965 года, калі быў узноўлены Маларыцкі раён, пачала сваю дзейнасць і пракуратура раёна. Тады ў яе штаце было ўсяго толькі 3 работнікі: пракурор, яго памочнік і следчы. Першым пракурорам раёна быў Мікалай Іванавіч Місіюк. Тры гады, з 1975-га па 1978-ы, абавязкі пракурора выконваў Мікалай Рыгоравіч Лукашэвіч. Пасля яго па 1982 год пракуратуру раёна ўзначальваў Іван Кірылавіч Грэчка. Затым ён працаваў пракурорам Бярозаўскага раёна, першым намеснікам, намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці. А да выхаду ў адстаўку – старшым памочнікам пракурора вобласці па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства. Іван Кірылавіч узнагароджаны нагруднымі знакамі “Ганаровы работнік пракуратуры СССР” і “Ганаровы работнік пракуратуры Рэспублікі Беларусь”.
Асобы,неацэнны ўклад у дзейнасць пракуратуры ўнёс Яўген Дзмітрыевіч Ліцкевіч. 16 гадоў ён узначальваў пракуратуру раёна, 9 быў намеснікам пракурора. І Яўген Дзмітрыевіч удастоены высокага звання “Ганаровы работнік пракуратуры Рэспублікі Беларусь”.
У 1997 годзе, калі ў штат пракуратуры раёна была ўведзена пасада намесніка, на яе быў назначаны Мікалай Сямёнавіч Біліцкі, які затым з 1998 па 2008 гады ўзначальваў пракуратуру.
Доўгі час, з дня ўтварэння, а менавіта 43 гады, адпрацавала ў органах пракуратуры загадчыца канцылярыі Вера Сцяпанаўна Каласун.
Тры гады пракуратуру раёна ўзначальваў Міхаіл Міхайлавіч Зубік. Са студзеня 2012 года ён працуе ў цэнтральным апараце Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Цяпер у калектыве пракуратуры, які з лютага 2012 года ўзначальваю я, маім намеснікам працуе Юрый Андрэевіч Федарук, памочнікам – Вольга Іванаўна Бурштын, загадчыцай канцылярыі – Алена Паўлаўна Катлова, прыбіральшчыцай службовых памяшканняў – Жанна Андрэеўна Каласун, вадзіцелем – Аляксандр Пятровіч Саковіч.
– Раман Яўгенавіч, а ці ёсць выхадцы з нашага раёна, якія прысвяцілі сябе служэнню Закону, дасягнулі значных вышынь?
– Вялікі ўклад ва ўмацаванне законнасці і правапарадку на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ўнеслі ўраджэнцы Маларыцкага раёна ветэран органаў пракуратуры Ганаровы работнік пракуратуры Рэспублікі Беларусь Васіль Сцяпанавіч Кіцель, які 10 гадоў да выхаду ў адстаўку працаваў першым намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці. Іван Кірылавіч Паляціла займаў пасаду старшага памочніка пракурора вобласці па нагляду за аператыўна вышуковай дзейнасцю. Міхаіл Мікалаевіч Дворак таксама працаваў намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці, а цяпер старшы памочнік пракурора па нагляду за выкананнем крыміналь­ных пака­ранняў.
– Раман Яўгенавіч, якая роля пракуратуры сёння і якія задачы з”яўляюцца першачарговымі ў яе рабоце?
– Пракуратура ажыццяўляе кантроль за дакладным і аднастайным захаваннем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўна-прававых актаў.Мы таксама сочым за выкананнем заканадаўства пры ажыццяўленні аператыўна-вышуковай дзейнасці; за выкананнем закона ў ходзе судовай вытворчасці, пры вытворчасці папярэдняга следства і дазнання, за адпаведнасцю закону судовых пастаноў і за захаваннем заканадаўства пры іх выкананні; за захаваннем заканадаўства пры выкананні пакаранняў і іншых мер крымінальнай адказнасці, мер прымусовага характару. Акрамя таго, пракуратура каардынуе дзейнасць праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, што вядуць барацьбу з карупцыяй і злачыннасцю.
– Скажыце, калі ласка, якая работа праведзена пракуратурай сёлета?
– За перыяд, што прайшоў з пачатку года, пракуратурай падтрымана абвінавачванне па 49 крымінальных справах, мы прымалі ўдзел у разгля­дзе 45 грамадзянскіх спраў. У парадку нагляду за выкананнем заканадаўства фізічнымі і юрыдычнымі асобамі праведзена 16 праверак, па выніках якіх унесена 15 прадстаўленняў і вынесена 11 прадпісанняў аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Па актах пракурорскага рэагавання да дысцыплінарнай, матэрыяльнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 65 адказных асоб і работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Агульная сума спагнанага з вінаватых асоб урону склала 32,7млн.рублёў. Суд раёна задаволіў 26 іскаў пракурора і спагнаў з вінаватых матэрыяльны ўрон у суме 165 мільёнаў рублёў. Эканамічным судом вобласці задаволена 5 іскаў пракуратуры ў інтарэсах суб”ектаў гаспадарання раёна, па якіх спагнана дэбіторскай запазычанасці на суму 306,8 мільёна рублёў. І гэта толькі нязначная частка работы, выкананай намі.
– Што б Вы хацелі пажадаць сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?
– Шчыра жадаю ўсім пракурорскім работнікам і ветэранам органаў пракуратуры моцнага здароўя, асабістага шчасця, дабрабыту, жыццёвых сіл і энергіі, далейшых поспехаў ва ўмацаванні законнасці і правапарадку.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: пракурор раёна Раман Гузюк.

Опубликовано в “ГЧ” 24.06.2015 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий