На юбілей — да былой партызанкі

2015 год адметны для ветэранаў. Напярэдадні значнай даты – 70-годдзя Вялікай Перамогі — гэтыя людзі, якіх, на жаль, засталося так мала, адчувалі асаблівую ўвагу і клопат. А для былой партызанкі Марыі Пятроўны Струк гэты год двойчы ўрачысты. Не так даўно яна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. 

…Дзверы адчыніла рухавая, усмешлівая жанчына. Калі б не нагода, якая прывяла нас у дом маларытчанкі Марыі Пятроўны Струк, ніколі б не паверыла, што ёй ўжо дзевяноста. Марыя Пятроўна сціпла прымала ад гасцей віншаванні, кветкі і падарункі. Заставацца і далей у добрым здароўі жадалі ёй старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, загадчыца аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання МТЦСАН Алена Ківачук і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі. Расказваючы гасцям пра сваё жыццё-быццё, Марыя Пятроўна дзялілася самым незабыўным.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было ўсяго шаснаццаць гадоў. Але Марыя Пятроўна добра памятае і той спякотны дзень, калі ў школах быў выпускны і ўсе радаваліся мірнаму жыццю, і тую ноч, якую на досвітку парушылі выбухі. Быццам гэта было ўчора, яна памятае трывогу, з якой пакідалі людзі свае дамы, адпраўляючыся ў лес; можа знайсці ў лесе кожную сцежку, па якой, як сувязная партызанскага атрада, хадзіла на заданні. Гэта ёй, маладой дзяўчыне, было даручана наладзіць кантакт з палякамі, якія ваявалі на баку фашыстаў, з’агітаваць польскіх байцоў папоўніць партызанскі атрад. І яна справілася з заданнем. А потым былі баявыя будні ў брыгадзе Каплуна партызанскага атрада імя Кірава. Пра тое, як партызаны самааддана ваявалі, як не шкадавалі свайго жыцця, каб знішчыць ворага, былая партызанка неаднойчы расказвала школьнікам на ўроках мужнасці. Госці, якія жадалі шаноўнай юбілярцы яшчэ шмат гадоў жыцця, выказалі надзею, што Марыя Пятроўна яшчэ не раз зможа падзяліцца сваімі ўспамінамі з моладдзю. А выхаванне юнакоў і дзяўчат на гераізме і мужнасці дзядоў і прадзедаў з’яўляецца самым важным і карысным.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Марыя Струк прымае віншаванні ў дзень 90-гадовага юбілею.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!