Татаў дзень

Што ў міжнародным календары свят ёсць асобны дзень, калі ўшаноўваюць тат, ні для каго ўжо, мабыць, не навіна. Адзначаецца такі дзень у трэцюю нядзелю чэрвеня. 

Гэтае не зусім прывычнае для ўсіх нас свята не засталося без увагі спецыялістаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Для тат двух пакаленняў – маладога, толькі нядаўна адчуў бацькоўскае шчасце, але ўжо не раз і не два, а тры, як Сяргей Астапук, і чатыры, як Васіль Варабей, і старэйшага – тых, хто выгадаваў сыноў і дочак, дачакаўся ўнукаў, а некаторыя нават праўнукаў, у Цэнтры прайшла сустрэча “Тата – гэта гучыць ганарова” ў рамках работы клуба “Незгасальны агеньчык”. Мудрае пакаленне тат прадстаўлялі маларытчане Уладзімір Фёдаравіч Пачанчук, Уладзімір Міхайлавіч Ганчар, Уладзімір Андрэевіч Бойка, Пётр Іванавіч Якубчык, Аляксей Міхайлавіч Лукша, Пётр Іванавіч Ківачук, Віталь Ашотавіч Амбарцумян і Валерый Антонавіч Савасціёнак.
Аб чым, сустрэўшыся, размаў­лялі таты? У адрозненне ад заклапочаных матуль яны не дзяліліся рэцэптамі страў, не расказвалі гісторыі, звязаныя з тым, як дзеці раслі, вучыліся. Проста з доляй гумару разважалі бацькі і дзядулі аб бацькоўскай ролі ў выхаванні, слухалі парады псіхолага, удзельнічалі ў трэнінгу “Сцежкамі бацькоўскай мудрасці” і конкурснай праграме “Рэальныя таты”, адказвалі на пытанні і адпачывалі пад добрую музыку. Маладым татам, якія не паспелі яшчэ забыць пра пялёнкі-распашонкі, давялося віртуальна рабіць закупкі рэчаў для нованароджанага. А бацькам-пенсіянерам – успамінаць казкі, якія любяць слухаць унукі і праўнукі, майстраваць і запускаць у паветра самалёцікі. Урачыстасць сустрэчы надало прывітальнае слова дырэктара тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілы Алесік, святочны настрой прыўзнялі песні ў выкананні Соф’і Ігнацюк і Андрэя Катла – маладых людзей з аддзялення дзённага знахо­джання для інвалідаў. Пастараліся праявіць сябе і самі таты. Пад акампанемент гітары, якая дзіўным пераборам загучала ў руках Валерыя Савасціёнка, усе разам яны праспявалі раманс. А потым яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі.
* * *
Сваіх тат на свята “Падарожжа на караблі “Бацькоўскі дом” запрасілі і юнакі і дзяўчаты, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Таты былі назначаны капітанамі імправізаванага карабля. Каб “бацькоўскі карабель” плаўна ішоў па хвалях, капітанам трэба было перамагчы ў розных конкурсах і віктарынах – “развязаць”, вырашаючы складаную сітуацыю, марскі вузел, паказаць сілу, спрытнасць і нават кулінарнае ўменне. Татам, якія для дзяцей з’яўляюцца заступнікамі, зямнымі анёламі-ахоўнікамі, дзеці падарылі анёлаў, якіх сваімі рукамі зрабілі з пацерак. А яшчэ падарункам татам былі песні. Яны маглі павесяліцца на дыскатэцы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в “ГЧ” 1.07.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий