КУРС НА ЭНЕРГАЗБЕРАГАЛЬНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ
З рабочай паездкай у Маларыце ў мінулую суботу пабывалі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.
У ходзе пасяджэння, на якім прысутнічалі кіраўнікі абласных і раённых службаў, быў абмеркаваны ход падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2010”, які адбудзецца ў Маларыце 11 верасня. Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сакоўскі далажыў аб праведзенай рабоце, асаблівую ўвагу сканцэнтраваўшы ў сваім выступленні на выкананні энергетычных работ. І гэта не выпадкова. Маларыта – эксперыментальны рэгіён па ўкараненні энергазберагальных тэхналогій, якія ўдаецца рэалізоўваць у ходзе падрыхтоўкі да дажынак. Усяго, як адзначыў Віктар Сакоўскі, запланавана 45 мерапрыемстваў па энергазберажэнні, сярод якіх перавод кацельных на цвёрдыя віды паліва, жылых дамоў – на пакватэрнае ацяпленне, замена свяцільняў на энергаэфектыўныя, цеплавая рэабілітацыя жылога фонду і іншыя. У Маларыце сёлета пачнецца будаўніцтва 40-кватэрнага ЖБК з цэнтралізаванай энергаэфектыўнасцю.
Па папярэдніх падліках, у выніку такіх мерапрыемстваў па энергазберажэнню павінна эканоміцца ў год да 8 мільярдаў рублёў.
І гэта зразумела: краіне даводзіцца закупляць энергарэсурсы па сусветных цэнах. Яны цяпер вельмі дарагія. Затраты на іх значныя. Таму і пастаўлена мэта пераходзіць на энергазберагальныя тэхналогіі.
– Маларыцкі эксперымент, а ён праводзіцца з тым, каб ведаць, дзеля чаго трэба ўкладваць рэсурсы, – адзначыў Пётр Пракаповіч, – калі апраўдае сябе, а ён павінен апраўдаць, мы будзем укараняць па ўсёй рэспубліцы. Такім чынам, ён атрымае зялёнае святло ў іншых раёнах краіны.
Пётр Пракаповіч і Канстанцін Сумар наведалі аб’екты горада.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час пасяджэння ў вялікай зале райвыканкама; госці ў школе мастацтваў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.