У спадарожніках жыцця — літаратура

На літаратурным Парнасе Маларытчыны імя Таццяны Ефлаковай з’явілася параўнальна нядаўна. Але, нягледзячы на гэта, там яна ўжо заняла сваё годнае месца. Чытачы і прыхільнікі таленту маладой паэткі ў адзін голас адзначаюць, што напісаныя ёю вершы і проза кранаюць праўдзівасцю, непрыдуманасцю вобразнага пачуцця, натуральнасцю думкі, непадкупнасцю, шчырасцю. Усе творы дыхаюць нейкай любоўю і чысцінёй.

Зборнік напісаных Таццянай Мікалаеўнай вершаў і прозы пакуль не выдадзены, хоць іх ужо сабралася на добрыя два зборнікі. Пакуль што творы, як каштоўныя камяні, рассыпаны па старонках перыядычных выданняў. Яны былі надрукаваны ў раённых газетах “Голас часу” і “Навіны Камянеччыны”, а таксама ў абласных — “Заря” і “Народная трыбуна”.
Будучая паэтка нарадзілася ў в. Войская Камянецкага раёна. Там жа скончыла сярэднюю школу, а затым – біялагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. На першае месца працы па размеркаванні прыехала ў Маларыцкі раён, у Чарнянскую школу. Але настаўнікам біялогіі і хіміі папрацаваць не змагла, бо так склаліся сямейныя абставіны – пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Нарадзіла спачатку адну дачушку, пасля – другую. Жанчына цяпер гадуе дзяцей, а вольны час прысвячае творчасці.
— Літаратура заўсёды ішла побач са мной па жыцці, — кажа Таццяна Мікалаеўна. — Спачатку перачытала ўсе кнігі ў хатняй бібліятэцы і школьнай, затым – у сельскай. Колькі сябе памятаю, пастаянна вяла нейкія штодзённікі, куды запісвала вершы, апавяданні, нават філасофскія разважанні. Нешта беражліва захоўвала ад чужых вачэй, чытаць нікому і ніколі не давала. А вось другія мае “рукапісы” літаральна “хадзілі па руках” сяброў і аднакласнікаў.
Пісаць вершы і кароткія апавяданні Таццяна Ефлакова пачала яшчэ ў школьныя гады. Яна не адзін год прымала актыўны ўдзел у рабоце школьнай рэдкалегіі. За лепшую рэцэнзію-водгук на прапанаваны мастацкі твор атрымала нават дыплом на абласным літаратурным конкурсе.
— Таццяна Мікалаеўна, як у Вас пішуцца вершы?
— Ніколі не пішу пра тое, што мне нецікава, што не прыжываецца дзесьці ў глыбіні маёй душы, не дакранаецца да мяне каранямі і не пачынае прарастаць. У адных выпадках гэта адбываецца паступова, знясільваючы мяне да такой ступені, што часам так хочацца назаўжды выціснуць, выгнаць гэтыя рыфмаваныя радкі з галавы… Гэта чамусьці нагадвае мне чалавека, які топіцца. Ён быццам бы і ўмее плаваць, і атрымліваецца гэта нядрэнна ў яго, але сіл не застаецца на барацьбу з плынню… У нейкі момант раптам узнікае такое неадольнае жаданне перамагчы абставіны, што, сабраўшы ўсю волю ў кулак, чалавек зноў працягвае плыць. А бывае, вельмі лёгка і проста радок за радком кладзецца на паперу. Калі казаць шчыра, то я настойлівая ў дасягненні мэты. Не адступлюся, пакуль не зраблю задуманае.
— Таццяна Мікалаеўна, тэмы для вершаў адкуль чэрпаеце?
— Я ў пераважнай большасці рэалістка ў адлюстраванні навакольнага жыцця.Як кажуць, што бачу, пра тое і пішу. Любы верш – пражытае і перажытае мною, няхай часам гэта і выдуманая жыццёвая гісторыя. Усе мае лірычныя героі з рэальнага свету. Сярод іх ёсць і тыя, хто жыве побач, з кім даўно знаёмая. Героямі верша могуць стаць і выпадковыя чужыя людзі, з якім звяло на імгненне жыццё. Многія вершы ўвасабляюць у сабе той ці іншы дзень з майго жыцця, пэўную падзею, учынак, а то і думку… Некаторыя з іх нават праз нейкі прамежак часу выклікаюць у мяне ўсмешку або слёзы. Асабліва пад музыку.
Самае галоўнае, на маю думку, заўсёды заставацца шчырым з самім сабой. Тады людзі павераць табе, у цябе, у тое, што ты з усёй душой робіш. Толькі тады любыя дасягненні прыносяць сапраўдную радасць і задавальненне ад пракладзенага шляху да выніку альбо ад самога творчага працэсу.
Я нават не ведаю, што мне самой больш падабаецца: працэс нараджэння новых радкоў або чытанне ўжо гатовага варыянта. Люблю чытаць услых сваім блізкім. Муж заўсёды першым праслухоўвае новы твор. Шчыра кажучы, гэта ён падштурхнуў мяне да літаратурнай творчасці, усяліў нейкую ўпэўненасць, што змагу, усяляк падтрымлівае і цяпер любое маё пачынанне. Муж разумее мяне і дазваляе частку вольнага часу патраціць менавіта на напісанне твораў.
— Вашы вершы маюць тонкі лірызм, меладычнасць, нават песенную напеўнасць. Яны прасякнуты дабрынёй, чытаюцца лёгка. А які дыяпазон тэматыкі вашых твораў?
— Значная колькасць вершаў прысвечана сям’і і дзецям. Разам з тым, адной з любімых тэм была і застаецца лірычная – тэма кахання — шчаслівага або зусім няшчаснага, узаемнага або такога, што паступова згасае ў сэрцы. Але ў любым выпадку гаворка заўсёды ідзе пра сапраўдныя шчырыя чалавечыя пачуцці.
— Таццяна Мікалаеўна, калі пішаце прозу, а калі – вершы?
— Спецыяльна ніколі не выбіраю для гэтага часу. Бываюць дні, калі хочацца пісаць толькі прозу і толькі на беларускай мове. Я стараюся заўсёды прыслухоўвацца да сябе і не заглушаць гэтыя неўсвядомленыя жаданні маёй душы. Гэта ж тычыцца і тэм. Адны з іх могуць прыходзіць зусім нечакана, другія — у працэсе напісання, трэція — некаторы час блукаюць у маіх думках, не даючы спакою, пакуль не лягуць на паперу.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Таццяна Ефлакова чытае свае вершы; падчас сустрэчы паэткі з вучнямі ў раённай бібліятэцы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.07.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!