Гаркаватая салодкая ягада

Участак ля Веліка­рыты, Гусака, Лешніцы, Пажэжына і іншых вёсак, што размешчаны непадалёк ад міжнароднай трасы Брэст-Адэса, цяпер напамінае міні-рынак. Паабапал да­рогі — прыватнікі. Усе прадаюць чарніцы. 

Спыняемся і падыходзім да дзвюх жанчын. Цікавімся цаною. Старэйшая адказвае, што літровы слоік чарніц каштуе 30 тысяч, але калі будзем забіраць усе, што ў яе ёсць, прадасць танней — па 25 тысяч. Купляць ягады не спяшаемся, высвятляем у жанчын пытанні, што нас цікавяць. І першае, ці ёсць у кожнай з іх на руках адпаведны дакумент, даведка, якая б пацвярджала тое, што ягады правераныя на наяўнасць у іх шкодных рэчываў і інш. Жанчыны паціскаюць плячыма, шчыра прызнаюцца, што ягады не правяралі. Хаця добра ведаюць, што ў такім разе не маюць права іх прадаваць. Старэйшая тлумачыць, што на месцы такія аналізы не зробіш, а ехаць спецыяльна ў Маларыту — аўчынка вырабу не варта.
— Заплацім за дарогу туды і назад, за аналізы і ніякага толку. А мы ж зарабіць на ягадах хочам. Ведаеце, якая гэта добрая прыбаўка да пенсіі, — тлумачыць старэйшая.
— А колькі вы можаце ў дзень падзарабіць? — цікаўлюся.
Цяпер ужо маладзейшая мне ўдаклад­няе, што ўсё залежыць ад таго, коль­кі ягад на­збіраюць. І канк­рэтызуе:
— Сёння, да прыкладу, мы былі ў лесе 5 гадзін: з 8 да 13. А назбіралі ўсяго толькі па 3 слоікі. Ягад шмат няма, дробныя, збіраюцца не надта хутка, бо яшчэ не вельмі спелыя.
З лесу выйшаў сярэд­ніх гадоў мужчына, і мае суразмоўцы мне тлумачаць, што гэта іх сусед. Таксама штодзённа ходзіць па ягады. Бачу, што мужчына дастае з пакета слоікі і напаўняе іх чарніцамі. У яго таксама іх няшмат: літра паўтара альбо два. Падышоў да жанчын, цікавіцца, па якой цане сёння ягады. І каб не збіваць тую ж цану, і ён спыняецца на 30 тысячах за слоік.
Пад’ехала машына, і першае, пра што пытае вадзіцель, цана. Браць ягады не бярэ, цікавіцца, ці добры ўраджай вырас. І, пастаяўшы некалькі хвілін, сядае за руль і едзе.
Жанчыны, бачу, перажываюць, што ягады «не ідуць».
— Калі так, дык назаўт­ра і ісці ў лес не хочацца, а калі ўдаецца ўсё, што назбіраў, прадаць, ды яшчэ і па добрай цане, гэта падахвочвае, — прызнаецца мне старэйшая жанчына. — Наогул, — гаворыць яна, — калі ў каго ёсць сіла, усе стараюцца капейку падзарабіць.
Спыняецца чарговая машына, зноў цікавяцца цаной. Яна, па ўсім відаць, пакупніка задавальняе, тым больш, што Марыя (назавем старэйшую жанчыну так)адразу ўдакладняе наконт зніжэння цаны, калі той забярэ ўсе ягады. Марыя не хоча крыўдзіць сваю сяброўку, таму некалькі слоікаў ягад прапаноўвае купіць і ў Ларысы (так назавем другую жанчыну). Пакупнік згаджаецца, дзякуе жанчынам. І на развітанне частуе іх вадой, купленай у манастыры. Тыя дзякуюць незнаёмцу за шчырасць, і я бачу, як змяніліся твары жанчын: яны ну проста свяціліся ад радасці і задавальнення.
Прадаўцоў ягад на дарозе становіцца ўсё менш і менш, і я ў сваю чаргу выказваю жанчынам сваё перажыванне, што больш ні з кім сёння не ўдасца пагутарыць. На што мне малодшая, Ларыса, заўважае, маўляў, абедзенны час — не час-пік.
— Прыедзьце сюды каля 6 гадзін вечара, і пабачыце, колькі тут гандляроў будзе, аж усыпана.
— А чаму менавіта ў гэты час? — цікаўлюся.
— Многія едуць з работы ці вяртаюцца з адпачынку, — гаворыць Марыя, — словам, траса пад вечар больш загружаная. Вось большасць, хто ідзе па ягады, да гадзіны-пік — у лесе.
Не магу не задаць жанчынам і яшчэ адно пытанне, якое вельмі і вельмі цікавіць: ці ведаюць яны што прадаваць ягады такім вось чынам, прама з зямлі забараняецца. Яны шчыра прызнаюцца, маўляў, чулі, што прадаваць ягады, як і ўласную прадукцыю, можна толькі ў вызначаных для гэтага месцах. Але такіх у іх вёсках няма, таму пакуль гандлююць тут.
— Ды і ніхто, слава Богу, нас пакуль адсюль не праганяе, — удакладніла Марыя. — А калі я магу сваімі рукамі лішнюю капейку зарабіць, чаму б не зарабіць…
Калі ласка, як гавораць, на здароўе! І гэта добра, што ў чалавека ёсць жаданне папаўняць свой сямейны бюджэт. Але не трэба забываць аб тым, чым можа абярнуцца і для прадаўцоў лясных дароў, і для тых, хто іх на дарогах купляе, ігнараванне самых элементарных правілаў.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: гаркаватая салодкая ягада.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 8.07.2015 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!