Спатканне з юнацтвам

Месцам для сустрэчы былыя вучні 4-га выпуску Маларыцкай адзінаццацігадовай школы (1965 г.) абралі гарадскую плошчу райцэнтра. Праз 50 гадоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі яны вырашылі зноў сабрацца разам у пачатку ліпеня.
— Наша школа знаходзілася на месцы сучаснай гасцініцы “Юбілейная”, — расказвае Ларыса Алексяюк, ініцыятар і арганізатар сустрэчы. – Не ведаю, ці збярэмся яшчэ калі ў такім складзе. На жаль, 12 чалавек з нашых дружных двух класаў ужо няма на гэтым свеце. Некаторыя па сямейных ці іншых абставінах не змаглі завітаць на сустрэчу. У 11 “А” класе класным кіраўніком была Кацярына Ільінічна Серада, а ў 11 “Б” – Марыя Сцяпанаўна Кісялевіч. Школьныя гады – гэта заўжды цудоўны час, пара мар і спадзяванняў, адкрыццяў і высокага палёту думкі… Мае аднакласнікі на сустрэчу прыехалі з Харкава, Данецка, Віцебска, Мінска, Кобрына, Брэста, а таксама – 7 чалавек з Маларыты. Некаторых жыццёвы лёс закінуў у Ізраіль, ЗША, Малдавію, Расію. На жаль, не змаглі запрасіць на сустрэчу 2 аднакласніц – Лідачку Струнец (Кіеў) і Ганну Сацюк (Растоў-на-Доне), бо не змаглі з імі звязацца.
У назначаны час ля будынка школы мастацтваў пачалі збірацца выпускнікі Маларыцкай школы 1965г. Прыгожа апранутыя, некаторыя з букетамі кветак. Вочы ззяюць ад радасці сустрэчы. Абдымкі, пацалункі, поціскі рук.
Прыемнымі, нават чуллівымі ўспамінамі была напоўнена вечарына. Самыя цёплыя словы гучалі ў адрас былых настаўнікаў, класных кіраўнікоў. Аднакласнікі сабраліся разам, каб убачыцца, падзяліцца навінамі, парадавацца за поспехі адзін аднаго, паспачуваць некаму ў бядзе і маральна падтрымаць тых, каму гэта патрабуецца.
— 50 гадоў пасля заканчэння адзінаццаці класаў праляцелі як адно імгненне, – кажа Святлана Дзмітрыева. – У Маларыце была 8 гадоў таму. Цяпер жыву ў Данецку. Аднак на сустрэчу не магла не пры­ехаць. З аднакласнікамі сустракаюся вельмі рэдка. Праз паўстагоддзя я з задавальненнем успамінаю сваю родную Маларыцкую школу, тых, з кім вучылася разам не адзін год. Самыя светлыя ўспаміны засталіся пра любімых нашых педагогаў. Шчыры дзякуй хочацца сказаць і Людміле Гумінскай, і Марыі Кісялевіч, і Кацярыне Серадзе.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: выпускнікі 1965 г. Маларыцкай сярэдняй школы на гарадской плошчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.07.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!