Перамагаючы спякоту

Жніво ў СВК “Макраны” сёлета прайшло на амаль 2000-гектарнай плошчы. Працавалі 8 экіпажаў, 5 вадзіцеляў на адвозцы зерня і 4 – на зернетаку. Менавіта тут хацелася ўбачыць героіку расплаўленых будняў жніва. І ўбачылі – яна самая што ні ёсць сапраўдная.

Пераканаліся ў гэтым, калі разам са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам, старшынёй СВК “Макраны” Леанідам Селехам і начальнікам вытворчага ўчастка “Ляхаўцы” Іванам Панчуком прыехалі на поле за вёскай Ляхаўцы, каб павіншаваць экіпаж механізатараў Леаніда Мішчука і Уладзіміра Рамасюка, якія першымі ў раёне намалацілі тысячу тон зерня. Не проста хлопцы-асы, а змагары. Яны перамаглі спякоту, якая выпрабоўвала іх на трываласць.
— Мы вельмі рады, што ёсць такія адказныя і вынослівыя людзі, якія выратоўваюць ураджай пры рэкордных тэмпературах, — сказаў, моцна паціскаючы рукі і ўручаючы грашовыя прэміі, устаноўленыя райвыканкамам, кіраўнік раёна Казімір Лапіч.
Механізатары і сапраўды не памятаюць такой спякоты ў час жніва. У адным экіпажы разам працуюць больш за 10 гадоў. Так, тут сапраўды практыка патрэбна, а яшчэ цярпенне і старанне. І той факт, што і летась Леанід Мішчук і Уладзімір Рамасюк таксама былі першымі тысячнікамі ў раёне, пацвярджае гэта. Усё сапраўды залежыць ад высокакваліфікаваных камбайнераў, хто з ранку да позняга вечара ў полі.Бо якой бы першакласнай ні была тэхніка, слабы механізатар у лідары не выйдзе. Тут усё проста, як лічаць самі камбайнеры: трэба любіць тэхніку і не лайдачыць, а працаваць, працаваць і працаваць. Нялёгка, вядома, але некалькі напружаных тыдняў у полі трэба пацярпець. Гэта і грошы ў сям’ю дадатковыя (за дзень яны могуць зарабіць па 300 – 400 тысяч), і ўклад у агульны каравай.
…На ўшанаванне – літа­ральна некалькі хвілін, і зноў – за штурвал. Работа не павінна стаяць! Вось так трымае сваю марку першы экіпаж-тысячнік, якому ўручыў пісьмо Падзякі абкама прафсаюза работнікаў АПК і аблсельгасхарчу, грашовыя прэміі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў.
У той жа дзень Казімір Лапіч павіншаваў з перамогай першага вадзіцеля-тысячніка Сяргея Пішчыка з СВК “Хаціслаўскі”.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Казімір ЛАПІЧ віншуе з працоўным поспехам экіпаж камбай­не­раў у складзе Леаніда Мішчука і Уладзіміра РАМАСЮКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.08.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!